Вышла в свет книга о легендарной «Чёрной даме» Анне Радзивилл

У 2020 годзе ўсе мерапрыемствы ў нашым музеі праходзяць пад знакам 20-годдзя ўключэння Замкавага комплексу «Мір» у Спіс Сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА пад агульным хэштэгам #20MIR20.

Зыходзячы з агульных прынцыпаў Канвенцыі аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны 1972 года, музей выпрацоўвае розныя падыходы да паглыбленага навуковага даследавання гісторыка-культурнай спадчыны аб’екта і лакальнага рэгіёна. Навуковыя даследаванні з’яўляюцца вызначальным фактарам для выпрацоўкі стратэгіі ўстойлівага развіцця такіх унікальных аб’ектаў, як Замкавы комплекс “Мір” і, такім чынам,  адпавядаюць Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця ў кантэксце сацыяльнага кампанента (“развіццё чалавека”).

Да такіх навуковых даследаванняў адносіцца чарговая калектыўная манаграфія музейнай серыі “Genus Albaruthenicum” А. Шаланды, С. Рыбчонка, В. Галубовіча “Чорная дама з Мірскага замка. Княгіня Ганна Кацярына з Сангушкаў Радзівіл (1676–1746)”. Сёлета спаўняецца пяць гадоў, як серыя “Genus Albaruthenicum” была заснавана і рэалізуецца ў музеі. За гэтыя гады ў рамках азначанай серыі выдадзены ўнікальныя для Беларусі даследаванні па гісторыі рода Іллінічаў, Друцкіх-Горскіх, Вітгенштэйнаў дзякуючы плённаму супрацоўніцтву з беларускімі гісторыкамі А. Шаландай, С. Рыбчонкам, В. Галубовічам, В. Папко.

Адным з самых працяглых перыядаў у гісторыі Мірскага замка з’яўляецца час, калі ім валодалі прадстаўнікі роду князёў Радзівілаў. “Радзівілаўская эпоха” працягвалася з 1568 г. па 1813 г. Пасля смерці канцлера ВКЛ князя Караля Станіслава Радзівіла ў 1719 г. шмат увагі Міру і Мірскаму графству стала ўдзяляць яго ўдава княгіня Ганна Кацярына Сангушка. Пры ёй Мірскі замак фактычна атрымаў другое жыццё – менавіта яна правяла яго рамонт і ўпарадкавала наваколле. Дзякуючы яе дзейнасці той выгляд замка, які цяпер добра вядомы ў краіне і па-за межамі Беларусі, захаваўся да нашых дзён. Не ў апошнюю чаргу гэта тлумачыцца тым, што, рана аўдавеўшы, сама Ганна Кацярына з Сангушкаў Радзівіл па-за сваёй галоўнай рэзідэнцыяй у Белай шмат часу праводзіла ў Міры і пэўны перыяд жыла ў замку.

Ганна Кацярына з Сангушкаў Радзівіл паходзіла з вядомага літоўскага княжацкага роду з дынастыі Гедымінавічаў. Жыццё княгіні можна падзяліць на два этапы – да 1719 г. і пасля яго, а своеасаблівай мяжой трэба лічыць смерць мужа князя Караля Станіслава Радзівіла – адзінага ў яе жыцці чалавека, якога яна па-сапраўднаму кахала і мела ад яго ў адказ такія ж самыя цёплыя пачуцці. Магчыма, памяць пра мужа і ўдзячнасць да яго былі той галоўнай прычынай, з-за якой “Чорная дама» так і не выйшла другі раз замуж. Як сцвярджаюць аўтары кнігі, менавіта 27-гадовы перыяд замужжа (1692–1719) быў самым шчаслівым у жыцці Ганны Сангушкі, нягледзячы на розныя палітычныя і ваенныя завірухі ў Рэчы Паспалітай і частую смерць дзяцей. У шлюбе з князем Каралем Станіславам Радзівілам яна нарадзіла 16 дзяцей, з якіх выжылі 6. Вытанчаны густ прыдаўся Ганне Сангушцы для абсталявання і ўпрыгожвання шматлікіх палацаў і рэзідэнцый князёў Радзівілаў у Вільні, Горадні, Варшаве, Белай, Нясвіжы, Алыцы, Міры і інш., а таксама спрычыніўся да арганізацыі вытворчасці рознай мануфактурнай прадукцыі, у тым ліку і ў Мірскім графстве. Ганна Сангушка непасрэдна кіравала Мірскім графствам з 1719 г. Яно знаходзілася пад яе фактычнай уладай да 1736 г. Жыццёвыя поспехі не даваліся Ганне Сангушцы лёгка. Вялікае напружанне псіхічных і фізічных сіл, здрады слуг і няўдзячнасць дзяцей падарвалі некалі даволі моцнае здароўе “Чорнай дамы” і напрыканцы свайго жыцця хворая жанчына апынулася амаль у поўнай адзіноце.

Выданне разлічана для гісторыкаў, выкладчыкаў, студэнтаў, краязнаўцаў і шырокага кола чытачоў, якія цікавяцца айчыннай гісторыяй, жыццём і дзейнасцю славутых асоб даўняй Беларусі.

 

Ігар Ложачнік,

вучоны сакратар установы “Музей “Замкавы комплекс “Мір”