Вялікажухавіцкая Петрапалаўская
царква раскрывае свае таямніцы
Ад нашых прадзедаў нам засталася багатая духоўная спадчына. Кожнаму чалавеку цікава даведацца аб далёкім мінулым сваёй мясцовасці. Я хачу расказаць пра духоўныя вытокі маёй маленькай радзімы — вёскі Вялікія Жухавічы, каб зберагчы гістарычную памяць аб ёй.
Сёння на Царкоўнай вуліцы аграгарадка Вялікія Жухавічы знаходзіцца царква святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла, пабудаваная ў Радзівілаўскую эпоху па фундацыі канцлера ВКЛ князя Караля Станіслава Радзівіла ў 1700 годзе.
Святыня наша — сэрца духоўнага жыцця нашай вёскі і прыхода. Гэта старажытны помнік народнага драўлянага дойлідства з рысамі барока пачатку ХVІІІ ст. Але дакументы сведчаць, што царква ў в. Вялікія Жухавічы існавала з больш старажытных часоў, з ХVІІ стагоддзя. Аб гэтым сведчыць дакумент, які захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (фонд 136, вопіс 1, адзінка захоўвання 42042).
У 1680 г. у в. В. Жухавічы існавала драўляная царква Унебаўзяцця (Успення) Панны Марыі. Святаром быў Шархавецкі Рыгор, нясвіжскі пратапоп. У гэтай царкве было створана Жухавіцкае Евангелле. У пасляслоўі да Евангелля напісана: «Нягодны Лукаш Прасвітар царквы Жухавіцкай рукою сваею 1668 месяца красавіка 13 дня». Яшчэ аўтар дадаў, напісаўшы гэтую святую кнігу: «Няхай усё гэта будзе на гонар і хвалу Богу ў тройцы адзінаму і найсвяцейшай пані Марыі і ўсім святым. Амін.» Пры тым папярэдзіў, што калі хто паважыцца забраць святыню іншай царкве, няхай яго напаткае праклён навек. Цяпер гэты помнік старажытнага кніжнага рукапісання захоўваецца ў Цэнтральнай бібліятэцы Акадэміі навук Літвы.
Гэты матэрыял і дакументы пра далёкае мінулае даследаваны краязнаўцам Аляксандрам Драткоўскім. Пазнаёміўшыся з унікальным кнігазборам Аляксандра Мікалаевіча, я многае даведалася пра царкву, знайшла адказы на пытанні, якія мяне хвалявалі. Аднойчы мне ў рукі трапіла кніга А. Пяткевіча «Літаратурная Гродзеншчына», Мінск, 1966 г. Яна карысна ўсім, хто цікавіцца гісторыяй і неабыякавы да мінулага. У раздзеле «За смугою стагоддзяў» я знайшла пацвярджэнне, што існуе Евангелле 1668 года з Вялікіх Жухавіч (Карэліцкі раён) за подпісам «…Лукаш.» Самае старажытнае мясцовае Евангелле напісана ў ХІV ст. і з’яўляецца пацвярджэннем існавання царквы ў Вялікіх Жухавічах у больш раннія гады. У мяне ёсць каштоўная кніга Адама Мальдзіса «Белорусские сокровища за рубежом», у якой раскрываюцца і звесткі пра Вялікажухавіцкае Евангелле ХІV ст.: «…Это касается также иллюстрированного Жуховичского Евангелия ХІV столетия, изъятого из Петропавловской православной святыни, находящейся в деревне Большие Жуховичи нынешнего Кореличского района.» Наогул, з Жухавіч паходзяць тры рукапісныя Евангеллі (два з Вялікіх Жухавіч і адно — з Малых).
Вякамі намоленая царква наша пабудавана чатырма вёскамі без ніводнага цвіка. З Божай Дапамогай у ёй ніколі не спынялася Богаслужэнне: ні ў час хрушчоўскіх ганенняў, ні ў гады атэістычнага мінулага, ні ў гады ваеннага ліхалецця, калі храмы разбуралі, ператваралі ў склады і клубы. Нялёгкі крыж клопату аб захаванні нашай святыні з годнасцю неслі і нясуць прыхаджане на сваіх плячах.
Перачытаўшы шмат старонак «Минских епархиальных ведомостей», можна прасачыць гісторыю і нашай царквы, і святароў, і вернікаў. Да прыкладу, у 1873 г. на перабудаванне новага іканастаса ў царкве прыхаджане ахвяравалі 740 рублёў, акрамя таго, набылі абраз Божай Маці Казанскай на суму 160 рублёў, сярэбраныя сасуды за 100 рублёў і іншае. Незалежна ад гэтага, на рамонт прычтавых пабудоў прыхаджане ахвяравалі 1 тысячу рублёў, за што ім было пададзена Архіпастырскае благаславенне.
На вялікай іконе ў храме ёсць такі запіс-гравіроўка: «Образ Христа Спасителя приобретёнъ в Велико-Жуховичскую Церковь прихожанами при Священникъ Іосіфъ Зубовичъ въ памятъ Коронации Государя Императора Александра ІІІ Мая 15 дня 1883 года». Абраз набыты за 175 рублёў.
Падаравана ў сярэбраным акладзе ікона князя, воіна, дыпламата Аляксандра Неўскага.
Пад абразом Серафіма Сароўскага — гравіроўка «Дарь в Велико-Жуховичскую Церковь Александра Бычка. В память избавления его от смертной опасности 1-го Ноября 1905 года при крушении поезда при ст. Псковъ».
Пад трыма іконамі Мікалая Чудатворцы, Успення Прасвятой Багародзіцы і апосталаў Пятра і Паўла ёсць надпісы «В память…». Гэта даты замаху на жыццё цара Аляксандра ІІ
Паводле «Палажэння аб народных вучылішчах» у 1863 годзе заснавана Вялікажухавіцкае народнае вучылішча, а ў 1884 годзе была адкрыта Вялікажухавіцкая аднакласная жаночая царкоўнапрыходская школа. На сродкі жыхароў пабудаваны прасторны будынак. Кіраўніцтва Мінскай епархіі лічыла школу адной з лепшых у Навагрудскім павеце. Стараннямі протаіерэя Іосіфа Зубковіча, яго клопатамі школа была добраўпарадкавана, з’явілася бібліятэка з некалькімі дзясяткамі духоўных кніг для дамашняга чытання, падручнікаў. Быў створаны царкоўны хор з 10 дзяўчынак, які рэгулярна спяваў у царкве. Загадчыкам школы і выкладчыкам Закона Божага быў святар Іосіф. Дзеці ўдзельнічалі ў багамоллі ў царкве. У пазаўрочны час для дзяўчынак ладзіліся рукадзельныя заняткі.
В «Минских епархиальных ведомостях»(№ 29, 1900 г.) сообщается: «Протоиерей Велико-Жуховичской Церкви Иосиф Зубкович особенное внимание обращает на развитие в приходе женского образования и успел в этом настолько, что ныне в школе Велико-Жуховичского прихода обучается более 100 девочек. Очень высоко поставлено церковное пение».
17 кастрычніка 1888 года цягнік, у якім ехала сям’я цара Аляксандра ІІІ і яго світа, пацярпеў крушэнне. Дзякуючы рашучасці і фізічнаму складу імператара ў вагоне ніхто не пацярпеў. З нагоды гэтых падзей, як адзначана ў «Церковных ведомостях» за 1892 г. «… протоиерей Велико-Жуховичской церкви Новогрудского уезда Минской епархии Иосиф Зубкович и прихожане сей церкви построили каменную колокольню около названной церкви стоимостю 1200 рублей.»
У другім нумары паведамляецца, што свяцейшым сінодам «…за особое усердие и ревность в деле благоустройства церковно-приходских школ по Минскому уезду книги «Библия» и ордена Святой Анны ІІІ степени удостоены протоиерей Велико-Жуховичской церкви Иосиф Зубкович… и другие.»
Іосіф Зубковіч, сын святара з Пінскага ўезда, 9 верасня 1847 г. уступіў у шлюб з дачкой памерлага бацюшкі сяла Вялікія Жухавічы Івана Русакомскага Еўфрасінняй, якія былі з Галіцыі. Малады Іосіф стаў апекуном трох малодшых жончыных сясцёр.
За кастрычнік 1897 г. у «Мінскіх ведамасцях» чытаем: «Сопричислить протоиерея Петропаловской церкви села Великие Жуховичи Иосифа Зубковича по случаю исполнившегося 50-летия служения въ священном сане к ордену Святого Владимира 4-ой степени».
З «Мінскіх ведамасцей» за 1905 год: «27 февраля 1905 г. согласно прошения Иосиф Зубкович уволен за штат по преклонности лет…».
58 гадоў аддадзена ім нашаму прыходу, прысвяціўшы ўсё жыццё на высакародныя духоўныя справы.
З «Мінскіх ведамасцей» за 1909 год: «1 февраля 1909 г. умер заштатный протоиерей Иосиф Зубкович»…»
Пахаваны на царкоўным цвінтары. Ён заслужыў вялікую павагу і памяць прыхаджан.
Нашай царкве — 320 гадоў. Прыхаджанамі на чале са святаром іерэем Уладзімірам Калядой многае робіцца для таго, каб зберагчы нашу святыню. У баку не застаецца і кіраўніцтва СВК, і спецыялісты.
У царкве пануе атмасфера духоўнай еднасці. Наведваюць храм святары са сваімі прыхаджанамі, прыязджаюць з Карэліч, прывозяць гуманітарную дапамогу ў Жухавіцкі дом-інтэрнат. Наведвальнікаў здзіўляе ўнутраная прыгажосць храма. Праводзім тэматычныя і аглядныя экскурсіі на рускай і беларускай мовах для тых, каго цікавіць гісторыя храма. На жаль, у распрацаваны экскурсійны маршрут па Карэліччыне для наведвальнікаў не ўнесены старажытны помнік ХVІІІ стагоддзя — наша царква.
Няхай і надалей Бог аберагае нашу святыню, узмацняе веру прыхода. Захавай, Госпадзі, нашу краіну, святыню і нас!
Ганна МАМОНЧЫК,
аграгарадок Вялікія Жухавічы