Об итогах 2020 года и планах на 2021-й рассказывают жители Кореличчины

Аксіння ЖДАН,

першы сакратар РК ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі»:

— Мінулы год быў знамянальны ў маёй працоўнай біяграфіі. 15 мая я была абрана першым сакратаром раённага камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі». Гэтая навіна адначасова ўзрадавала і ўсхвалявала. Радаваў давер юнакоў і дзяўчат раёна, якія абралі мяне сваім важаком. Разам з тым хвалявала тое, што ў такі няпросты для краіны час ад мяне патрабавалася вялікая адказнасць і працаздольнасць.

Ад гэтага года чакаю добрых навін і пазітыўнага настрою. Хачу, каб усе хворыя паправіліся, радаваліся жыццю, не гублялі родных і блізкіх. Спадзяюся, што ў 2021 годзе дзяўчаты і юнакі стануць больш добрымі і чулымі да іншых,  міласэрнымі і паважлівымі да старэйшага пакалення, будуць паважаць адзін аднаго.

Як і ўсе, я чакаю цуда. Хочацца, каб у гэтым годзе таксама збыліся самыя запаветныя мары моладзі раёна.

Нэлі МАІСЕЕНКА,

галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама:

— У 2020 годзе змагла заняцца новай і цікавай справай — развіццём турызму, які сёння так неабходны Карэліччыне. Яна славіцца вялікай колькасцю гістарычных мясцін, прывабных турыстычных аб’ектаў. 5 мая была прызначана галоўным спецыялістам сектара спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама. Гэтая пасада дала магчымасць пашырыць уласны кругагляд, развіць творчыя магчымасці і адчуць сябе карыснай у зусім новым накірунку. Летась ужо наведала амаль усе аб’екты турызму, пазнаёмілася з іх уладальнікамі, выпрацавала новыя формы турыстычнай дзейнасці ў рэкламе.

У 2021 годзе планую працягваць далейшае развіццё сферы турызму Карэліцкага раёна, пашыраць рэкламную прастору для нашых турыстычных аб’ектаў, зрабіць іх вядомымі на ўсю краіну і за яе межамі, а Карэлічы — прывабным месцам для беларускіх і замежных турыстаў. Спадзяюся, што Год народнага адзінства аб’яднае ўсе сферы эканамічнай дзейнасці Карэліцкага раёна для выканання на высокім узроўні турыстычных планаў. Наша малая радзіма багатая гістарычнымі каранямі  і заслугоўвае быць вядомай.

Міхаіл СІНІЦА,

жыхар аграгарадка Ярэмічы:

— 2020 год быў багаты на розныя падзеі, але ёсць тыя, якія найбольш запомніліся. Я шчаслівы дзядуля, таму мой клопат — пра любімых унучак. У двары дома зрабіў дзіцячую пляцоўку, на якой устанавіў карусель і трэнажор. На працягу лета збіраў у лесе ягады, іх сушылі, варылі варэнне.  Вялікай радасцю было, тое, што ўнучка Даша пайшла ў другі клас і навучылася чытаць, пісаць, лічыць. Радаваўся, калі сын Сяргей уладкаваўся працаваць па сваёй спецыяльнасці —  вярнуўся ў лясную гаспадарку.

Аглядаючыся на пражытыя гады, магу адзначыць, што жыццё пражыта недарэмна. Шмат і шчыра працаваў, пасадзіў сад, сабраў сваімі рукамі трактар і бульбасаджалку… Майструю —  і ад гэтага атрымліваю задавальненне. Люблю пісаць вершы, карціны. Вось і хочацца, каб ланцужок цікавых і карысных спраў у гэтым годзе яшчэ больш павялічыўся. А галоўнае, каб усе мае родныя людзі былі здаровыя, бо гэта асноўнае шчасце на зямлі.

 

Запісала Галіна СМАЛЯНКА

Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ і з архіва «Полымя»