Почему в Мире несвоевременно вывозится мусор?

На штотыднёвай працоўнай нарадзе па пытаннях аператыўнай абстаноўкі ў раёне старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў засяродзіў увагу на своечасовасці вывазу смецця з тэрыторый населеных пунктаў.
Даволі часта даводзіцца чуць скаргі ад грамадзян у адрас камунальнікаў наконт вывазу цвёрдых бытавых адходаў: то несвоечасова ачышчаны кантэйнеры, то пляцоўкі вакол іх забруджаныя, то ў прыватным сектары трэба доўга чакаць прыезду смеццявоза.
Пацвердзіў гэта і чарговы званок з г.п. Мір у раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. «Некалькі дзён машына не прыязджала, тры кантэйнеры — і тыя з верхам. Выкідваць смецце прыходзіцца тут жа, на пляцоўцы, таму што там яно ўсё роўна не змесціцца», — скардзіўся жыхар пасёлка.
Бясспрэчна, у людзей ёсць падставы для такіх скаргаў. Аднак, як вядома, у медаля — два бакі. Дырэктар Карэліцкага РУП ЖКГ Аляксандр Рудак патлумачыў, што затрымка з вывазам смецця ўзнікла з-за паломкі двух смеццявозаў, таму камунальнікам прыйшлося ўручную загружаць бытавыя адходы ў трактар. Паводле інфармацыі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, кантэйнерная пляцоўка для збору смецця аператыўна ачышчана, адходы вывезены. Вінаватыя асобы, якія дапусцілі гэтыя парушэнні, аштрафаваныя. Своечасовасць вывазу смецця, ачыстку кантэйнераў і пляцовак будуць трымаць на кантролі ў раённым ЦГЭ.
На нарадзе паведамлялася, што ў Карэліцкім раёне назіраецца значнае зніжэнне захворваемасці на каранавірус. Увядзенне масачнага рэжыму і мер адміністрацыйнай адказнасці ў дачыненні да работнікаў сферы абслугоўвання, якія не выкарыстоўваюць сродкі абароны органаў дыхання, дазволіла стабілізаваць абстаноўку. Аднак спецыялісты раяць не расслабляцца: масачны рэжым ніхто не адмяняў, таксама неабходна прытрымлівацца сацыяльнай дыстанцыі ў 1,5-2 метра, пазбягаць месцаў з масавым скапленнем людзей, пры першых прыкметах хваробы звяртацца да ўрача.
У раёне завяршаецца дэкаднік пажарнай бяспекі. У цэнтры ўвагі кантралюючых органаў апынуліся адзінокія і састарэлыя карэліччане, а таксама грамадзяне, якія злоўжываюць спіртным. У бліжэйшы час будзе дадзена ацэнка праведзенай рабоце, а выяўленыя заўвагі па пажарнай бяспецы ліквідаваны.

Іна ЛЕЙКА