Председатель районного Совета депутатов Александр Шкадов встретился с населением Лукского сельсовета
Старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў пачаў сваю гутарку з прысутнымі аб ролі сродкаў масавай інфармацыі на сучасным этапе. Менавіта таму ад іх прадстаўнікоў патрабуюцца адказныя адносіны да даручанай справы. Слова мае магутную сілу, і яно павінна адпавядаць рэчаіснасці.
Затым прамоўца засяродзіў увагу на тых пытаннях, якія былі напярэдадні прапанаваны на абласной дыялогавай пляцоўцы. Сярод іх — скасаванне інстытута дэпутатаў пярвічнага тэрытарыяльнага ўзроўню, падтрымка інстытута стараст. Акрамя таго, існуе меркаванне, што пасады старшыняў сельвыканкама, райвыканкама, аблвыканкама павінны быць выбарчымі і іншыя пытанні.
Заклапочана гаварыў старшыня райсавета і аб ролі сям’і ў выхаванні асобы, клопаце аб састарэлых бацьках, неблаганадзейных сем’ях, першым працоўным месцы моладзі. Была звернута ўвага і на здароўе людзей, дзе важная роля адводзіцца заняткам спортам і ініцыятыве саміх карэліччан, а таксама барацьбе з алкагалізмам і табакакурэннем.
Аляксандр Шкадаў даў добрую адзнаку супрацоўніцтву Лукскага сельсавета з КСУП «Лукі-Агра». Разам з тым старшыня мясцовага сельвыканкама Людміла Ваўчок адзначыла: «Вёска не будзе развівацца, калі не будзе насельніцтва. Неабходна выпрацаваць механізм, каб моладзь ехала сюды». Старшыня райсавета выказаў надзею, што гэта сітуацыя зменіцца да лепшага, а ў якасці прыкладу назваў набыццё гараджанамі дамоў у Ярэміцкім і Жухавіцкім сельсаветах.
Самі ўдзельнікі сустрэчы са станоўчага боку адзначалі адкрыццё катка ў Луках, дзе можна з карысцю праводзіць вольны час, а таксама любяць хадзіць на лыжах у сёлетнюю снежную зіму, як дарослыя, так і дзеці.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Таццяны ШЭЎКА