Героини спецпроекта «Ясмина», фармацевты Нина Красковская и Александра Шейденкова, рассказывают о жизни и работе

Многа вякоў назад Гіпакрат справядліва назваў любоўю да чалавецтва майстэрства лячэння. Яно аб’ядноўвае ўсіх прадстаўнікоў сістэмы аховы здароўя, якія клапоцяцца аб здароўі нацыі, чый высокі прафесіяналізм дазваляе захаваць галоўную каштоўнасць — жыццё чалавека. Важнейшая роля ў гэтай адказнай місіі поруч з майстэрствам і ведамі спецыялістаў адводзіцца медыцынскім і фармацэўтычным тэхналогіям. Забеспячэннем высокаэфектыўнымі лекавымі сродкамі вось ужо 80 гадоў займаецца фармацэўтычная служба Гродзеншчыны, якую з вялікім гонарам прадстаўляе дзяржаўная аптэчная сетка нашага раёна, дзе працуюць па-сапраўднаму ўлюбёныя ў сваю прафесію людзі, абраўшыя яе па закліку сэрца, з’яўляючыся важнейшым звяном паміж медыцынскай дапамогай у арганізацыях аховы здароўя і адказным самалячэннем пацыентаў.

Мы ідзём у аптэку, калі ўзнікаюць нейкія праблемы са здароўем. Нясём туды, як і да ўрача, свой боль, сваю душэўную роспач і выратавальную надзею, што сціплыя чараўніцы ў белых халатах зразумеюць, параяць, супакояць, дадуць неабходную кансультацыю, акажуць якасную фармацэўтычную дапамогу, сагрэюць чуласцю, увагай, суперажываннем. Менавіта на прафесіянальных і асобасных якасцях супрацоўнікаў аптэкі грунтуецца давер і павага да іх. Яны заўжды разам з медыкамі на перадавой, асабліва ў складаныя моманты масавага захворвання насельніцтва, як сёлета, у пандэмійны час, яны — надзейныя вартаўнікі нашага здароўя. Таму сёння нездарма ў гасцях у «Ясміны» — дзве прыгожыя жанчыны, цудоўныя спецыялісты, абраўшыя прафесію фармацэўта менавіта па закліку сэрца, — Ніна Мікалаеўна Краскоўская, выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, загадчыца цэнтральнай раённай аптэкі № 65, і Аляксандра Канстанцінаўна Шэйдзянкова, загадчыца аптэкі № 58 г.п. Мір. Іх аб’ядноўвае многае: абедзве ўраджэнкі Карэліччыны; іх вызначае зайздросная адданасць любімай справе; у іх амаль аднолькавае разуменне таго, што павінна прысутнічаць у характары, каб стаць сапраўдным фармацэўтам; у чым заключаецца сакрэт гэтай прафесіі; нават мары і пажаданні таксама сучасныя. Розніца ж у тым, што Ніна Мікалаеўна — вопытны спецыяліст, у фармацыі — 36 гадоў, Аляксандра Канстанцінаўна — тры гады. Але за гэты кароткі час яна дала падставу сведчыць: на змену старэйшаму пакаленню фармацэўтаў прыходзіць таленавітая моладзь, таму можна быць упэўненымі: наша здароўе — у надзейных руках!

Родам з незабыўнага дзяцінства

Вырасла Ніна Мікалаеўна ў невялікай прыгожай вёсцы Пагор’е, што непадалёк ад в. Востухава, у моцнай, дружнай сям’і, успешчаная любоўю і ласкай. Бацькі — простыя вясковыя людзі: тата Шышэя Мікалай Ігнацьевіч, брыгадзір будаўнічай брыгады калгаса «Новае жыццё», затым намеснік дырэктара па гаспадарчай частцы Востухаўскай СШ, за парадай да яго прыходзілі людзі з усёй акругі, стаў для Ніны ўзорам сапраўднага мужчыны, прыкладам мудрасці, разважлівасці, настойлівасці; мама Алімпіяда Людвігаўна, — узорам дабрыні, акуратнасці, працавітасці, жаноцкасці, сямейнасці, як і тата, працавітасці.

Выбар будучай прафесіі сфарміраваўся ў дзяўчыны ўжо ў дзяцінстве пад уплывам маці. У яе было хворае сэрца, у доме заўжды знаходзілася шмат лекаў, паход за якімі разам з матуляй у аптэку (яна размяшчалася на цэнтральнай плошчы Карэліч) успрымаўся дачушкай як сапраўднае свята. «Мне падабалася ўсё: абстаноўка, людзі ў белых халатах, — успамінае зараз Ніна Мікалаеўна. — Я стаяла, быццам зачараваная, нават гаварыць баялася. Да таго ж вялікі ўплыў аказалі аповеды аднасяльчаніна Гілько Яўгена Канстанцінавіча, прафесара ў вобласці фармацыі, аб тонкасцях сваёй прафесіі, яе магчымасцях, аб цудадзейных мазях, бальзамах, парашках, настоях і адварах, якія можна прыгатаваць у аптэцы. Для мяне, дзіцяці, фармацэўты здаваліся чараўнікамі, знахарамі-ратаўнікамі. Марыла: вось вырасту і абавязкова вылечу сваю маму, яна будзе жыць доўга-доўга (на жаль, бацькі пакінулі свет рана), таму ў выбары прафесіі другіх варыянтаў не было — толькі фармацэўт (раней прафесію выбіралі не з-за зарплаты, у аптэкараў яна была невысокая, а па закліку сэрца).»

Мара Ніны здзейснілася: скончыўшы ў 1979 годзе Востухаўскую СШ з залатым медалём, здаўшы на «выдатна» адзін экзамен па хіміі, яна стала студэнткай Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта (толькі ў ім рыхтавалі правізараў), і ўсе 5 гадоў вучобы з’яўлялася старастай групы. На 5-м курсе выйшла замуж за аднасяльчаніна Краскоўскага Аляксея Піліпавіча, да дэкрэтнага адпачынку пасля размеркавання працавала ў            г. Стоўбцы ў ЦРА № 7, адкуль перавялася ў ЦРА № 65 г.п. Карэлічы. Вырашылі з мужам асталявацца на малой радзіме. Другога студзеня 2021 года споўніцца роўна 35 гадоў, як Ніна Мікалаеўна працуе ў роднай аптэцы, дзе прайшла ўсе прыступкі кар’ернай лесвіцы: правізар-аналітык, старшы правізар, намеснік загадчыка аптэкі, а з 01.06.2001 года — загадчык ЦРА № 65.

Фармацэўтамі становяцца раз і назаўсёды

З першых дзён працы ў Карэліцкай аптэцы яна адчувала цеплыню ва ўзаемаадносінах з калектывам, яго падтрымку і неабходную дапамогу, што немалаважна для маладога спецыяліста ў спазнанні асаблівасцей і спецыфікі абранай прафесіі. Ніна Мікалаеўна з вялікай удзячнасцю ўспамінае сваіх першых настаўнікаў: Мархеля Т.Б., загадчыка аптэкі, Раманюк Г.В., намесніка загадчыка, Анісімаву А.І., фармацэўта-тэхнолага, якія дапамаглі асвоіцца ў прафесіі, а таксама ўсіх калегаў па працы, і былых (з імі падтрымоўваюцца добрыя адносіны), і сённяшніх.

Аптэка, па словах Ніны Мікалаеўны, — складаная ўстанова, дзе пераплятаюцца многія сферы дзейнасці: медыцына, эканоміка, сфера абслугоўвання. Але ў першую чаргу фармацэўты — гэта медыцынскія работнікі, і выпадковыя людзі тут доўга не затрымоўваюцца, фармацэўтамі становяцца раз і назаўсёды. Яны павінны быць носьбітамі чалавечнасці, чэснасці, міласэрнасці, спагады да хворага, жаданнем дапамагчы, у іх павінны абавязкова прысутнічаць высокія прафесіянальныя веды, гатоўнасць пастаянна вучыцца сваёй прафесіі; акуратнасць, дакладнасць, уважлівасць, адказнасць і ўсё астатняе, што хаваецца за словамі «фармацэўтычная этыка і дэанталогія», каб хворы атрымаў не толькі лекі, але і надзею на выздараўленне. Такімі якасцямі Ніна Мікалаеўна валодае спаўна і стараецца перадаць іх маладым спецыялістам. У мінулым годзе ЦРА  № 65 па пэўных прычынах пакінулі ўмелыя спецыялісты, на іх месца прыбылі чатыры маладыя. Жаданне працаваць і спазнаваць сваю прафесію ў дзяўчат ёсць, значыць, усё атрымаецца, тым болей, што побач з імі працуюць вопытныя, цудоўныя фармацэўты — І.У. Пярэська, Н.Я. Паўловіч, І.М. Апалонік, намеснік загадчыка С.М. Мялешка і, вядома, гатовая заўсёды дапамагчы, Ніна Мікалаеўна.

Сёння аптэчная сетка Карэліцкага раёна, прадстаўленая дзевяццю аптэкамі, прадаўжае развівацца. У снежні 2016 года была адкрыта ў будынку былога ваенкамата, у спальным раёне, сучасная, абсталяваная ўсім неабходным, новая аптэка  № 209; у снежні 2019 года ў будынку БелАПБ — аптэка № 111, у чым немалая заслуга Н. М. Краскоўскай. На жаль, пры ўсіх намаганнях прыйшлося па прычыне недахопу фармацэўтычных спецыялістаў закрыць аптэку ў агр. Лукі. Праблема кадраў, на думку Ніны Мікалаеўны, застаецца актуальнай. Наогул, як кіраўнік, галоўнае для сябе яна бачыць у тым, каб забеспячэнне насельніцтва лекамі ажыццяўлялася на належным узроўні, каб ствараць для работнікаў камфортныя ўмовы для працы і спрыяць атрыманню імі дастойнай зарплаты. Многа ўвагі надаецца ёю развіццю матэрыяльна-тэхнічнай базы аптэчных устаноў, на што затрачваюцца штогод значныя сродкі. Ва ўсіх аптэках г.п. Карэлічы і раёна праведзены рамонты, заменена абсталяванне, укаранёна камп’ютарная праграма «Беларуская аптэка». На стадыі завяршэння — капітальны рамонт у аптэцы            № 69 агр. Турэц, дзе таксама будзе заменена абсталяванне. Зараз, у час пандэміі, галоўны клопат — барацьба за захаванне здароўя людзей. Нагрузка на аптэчных работнікаў і аптэкі значна ўзрасла. Калі вясной, у першую хвалю COVID-19, не хапала антысептыкаў, медыцынскіх масак, сродкаў індывідуальнай абароны і дэзінфікуючых сродкаў, то цяпер усяго ў дастатковай колькасці, як і лекавых прэпаратаў, вітамінаў, таму і канфліктных сітуацый амаль не ўзнікае, а, калі ўзнікаюць, то вырашаюцца заўсёды мірна, дзякуючы цярплівасці, душэўнай людскасці аптэкараў, за што ім — нізкі паклон. Не раз мне даводзілася і даводзіцца (як і многім жыхарам раёна) звяртацца да Ніны Мікалаеўны па пытаннях набыцця неабходных лекаў, якія бывае цяжка набыць у беларускіх аптэках, і я заўсёды захапляюся яе чуласцю: абзвоніць усе аптэчныя кропкі — знойдзе, дапаможа! Гэта і ёсць доказ таго, што яна — не выпадковы чалавек у сваёй прафесіі.

Ёсць у загадчыцы на дадзены момант запаветная мара: у хуткім будучым пераўтварыць цэнтральную раённую аптэку ў сучасную, з адкрытай выкладкай, гэта азначае, што лекавыя прэпараты будзе адпускаць, як і зараз, фармацэўт-спецыяліст, а ў гандлёвай зале з адкрытай выкладкай, а гэта вырабы медыцынскага назначэння, лячэбна-прафілактычныя сродкі гігіены, сродкі па доглядзе за нованароджанымі і г.д., будзе працаваць кансультант. Асартымент лекавых прэпаратаў расце (ужо больш за 5650 найменняў) і іншы раз не хапае месца, каб выставіць іх на вітрыну. Думаю, дзякуючы зацікаўленасці і настойлівасці Ніны Мікалаеўны мара здзейсніцца. Пажадаем ёй, каб так яно і здарылася.

Бацькоўскі дом — калыска мараў і здзяйсненняў

Аптэка № 58 г.п. Мір лічыцца самай прыгожай аптэкай не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. Узначальвае яе таксама прыгажуня-разумніца Аляксандра Канстанцінаўна Шэйдзянкова, уражэнка Міра.

— Нягледзячы на невялікі стаж работы, — з задавальненнем характарызуе сваю маладую калегу Н. М. Краскоўская, — мы даверылі ёй загадванне аптэкай, таму што яна паказала сябе як высокаадукаваны, эрудзіраваны, адказнейшы, улюбёны ў сваю справу спецыяліст, які ўмее наладжваць узаемаадносіны з людзьмі. Аптэку, акрамя мясцовага насельніцтва, наведваюць замежныя госці, турысты з усёй Беларусі, якія задаволены абслугоўваннем. Аляксандра Канстанцінаўна якраз з ліку тых, хто абраў прафесію па закліку сэрца. І наогул, яна — цудоўны чалавек! Гэта адчула і я асабіста ў час завочных зносін з ёю (эпідэмсітуацыя ў раёне не дазволіла сустрэцца вочна), пакарылі сардэчнасць, разуменне, паважлівасць, імкненне дапамагчы, упэўненасць у сваіх меркаваннях, у чым вялікая заслуга залатых бацькоў Аляксандры, педагогаў па адукацыі, глыбокапаважаных у пасёлку. Прыкладам асабістых паводзін яны заклалі ў характары дачкі галоўныя агульначалавечыя каштоўнасці: уменне любіць, паважлівасць, працавітасць, настойлівасць у дасягнені мэты. Мама Святлана Віктараўна Петрыман, намеснік загадчыка дзіцячага садка ў Міры, дорыць цяпло сваёй душы дзецям; тата Канстанцін Леанардавіч Петрыман, — намеснік дырэктара Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа, аднавіў Мірскую батлейку, стаўшую сапраўдным брэндам Карэліцкага раёна.

Аляксандры падабаліся прафесіі настаўніка, урача, журналіста. Але ў выніку, скончыўшы Мірскую СШ у 2012 годзе з залатым медалём, яна выбрала накірунак хіміі і біялогіі, гэтыя прадметы даваліся лёгка, тым больш, дома былі два самыя лепшыя для яе рэпетытары — бацькі заканчвалі калісьці біяфак ГрДУ. Аляксандра ж закончыла фармацэўтычны факультэт Мінскага БДМУ, убачыўшы ў прафесіі правізара ўсё, што неабходна для прафесіянала: высокі ўзровень інтэлектуальнасці, пастаянную камунікацыю і, самае галоўнае, — магчымасць быць карыснай грамадству. Працэс вучобы быў няпросты, заўсёды трэба было памятаць, што правізар у адказе за чужое здароўе. Гэта з’яўляецца для Аляксандры Канстанцінаўны найважнейшым стымулам у працы. У час вучобы ва ўніверсітэце яна знайшла харошых сяброў, сустрэла асабістае шчасце ў асобе Уладзіслава Андрэевіча Шэйдзянкова, які працуе зараз урачом-нефролагам у аддзяленні гемадыялізу ЦРБ, з’яўляецца адным з самых перспектыўных маладых спецыялістаў. «У мяне было мэтавае накіраванне, я загадзя ведала, што прыеду працаваць у свой раён, — дзеліцца думкамі Аляксандра Канстанцінаўна. — Гэта мяне не бянтэжыла, бо я люблю сваю маленькую радзіму, палюбіў яе і мой муж. А няўпэўненасць і баязлівасць у дні інтэрнатуры ў ЦРА № 65 прайшлі хутка дзякуючы загадчыцы   Н. М. Краскоўскай, літаральна ўсім супрацоўнікам, якія былі побач. Пасада загадчыцы аптэкі і наогул прафесія фармацэўта, несумненна, цяжкія. Мы павінны не толькі выдаць лякарства, але яшчэ правесці кансультацыю ў рамках сваёй кампетэнтнасці, вылічыць патрэбную дозу, уважліва ацаніць фізічны і, што немалаважна, псіхалагічны стан чалавека. І ўсё гэта — за 5-10 хвілін. Наша прафесія патрабуе каласальнага ўзроўню ведаў, наша працоўнае жыццё — несупынны працэс вучобы і асобаснага росту, загартоўвання характару і набыцця стрэса-  і канфліктаўстойлівасці. Асабліва гэта важна ў сённяшні няпросты час барацьбы з пандэміяй, калі павялічыўся наплыў людзей у аптэкі, вырас попыт на сродкі індывідуальнай абароны, лекі,  бо наколькі хутка жыццё вернецца ў звычайную каляіну, залежыць і ад нашай працы ў тым ліку».

Менавіта таму напярэдадні навагодніх святаў і Ніна Мікалаеўна, і Аляксандра Канстанцінаўна выказалі наступныя пажаданні: каб скончылася пандэмія, каб людзі менш хварэлі, менш карысталіся лекамі, а ў аптэку прыходзілі толькі за вітамінамі і добрым настроем, беражліва адносіліся да самага галоўнага ў жыцці — здароўя! І ад шчырай душы параілі: «Адмоўцеся ад негатыву ў мысленні; няхай вырашацца ўсе вашы праблемы, часцей усміхайцеся, гаварыце адзін аднаму толькі добрыя словы, забудзьце аб зайздрасці, жывіце з упэўненасцю: усё будзе добра!»

Давайце ж і мы папросім у Бога моцнага здароўя і сонечнага шчасця для мілых берагінь нашага самаадчування. А заходзячы ў аптэку, будзем старацца берагчы іх душэўную раўнавагу і выкажам удзячнасць за іх працу.

Галіна КАЛТУНОВА

Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ