Кореличчане рассуждают о важности Года народного единства

2021 год аб’яўлены ў нашай краіне Годам народнага адзінства. Згода, згуртаванасць, узаемапававага — тыя каштоўнасці, якія аб’ядноўваюць людзей і робяць іх жыццё шчаслівейшым.

Сёння сваімі думкамі з гэтай нагоды дзеляцца жыхары Карэліччыны.

Данута СКВАРАДА,
галоўны ўрач установы аховы здароўя «Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца»:

— Каранавірус — гэтае слова зараз на вуснах людзей. Яно прыйшло ў наша жыццё і перавярнула ў ім многае. Зараз мы па-іншаму ацэньваем каштоўнасці, і галоўным прыярытэтам застаецца здароўе. Медыкам прыйшлося перагледзець свае магчымасці ў паўсядзённай працы і ўсе намаганні накіраваць дзеля захавання здароўя людзей.

З гэтай праблемай складана было б спраўляцца адным. З першых дзён на дапамогу медыкам прыйшлі многія кіраўнікі сельгаскааператываў, прадпрыемстваў, устаноў раёна.

Нягледзячы на свае ўнутраныя праблемы, яны працягнулі нам руку дапамогі. Мы змаглі купіць дадатковае медабсталяванне, кісларод, сродкі індывідуальнай аховы. Прадаўжае паступаць фінансаванне і з раённага бюджэту, тэлефануюць кіраўнікі гаспадарак і прапаноўваюць сваю дапамогу. Мы згуртаваліся і змагаемся за здароўе кожнага чалавека.

Медыцынскіх работнікаў хачу назваць героямі нашых дзён. Многія са сваёй асноўнай спецыялізацыі перакваліфікаваліся на барацьбу з каранавіруснай інфекцыяй. Хірургі, педыятры, неўролагі з дня ў дзень стаяць на ахове здароўя пацыентаў.

Мы разам — і верыцца ў лепшае. Верыцца, што зможам перамагчы гэтую злосную хваробу. Кожны дзень стараюся быць побач з членамі ўзначальваемага калектыву, уважліва выслухаць і пачуць кожнага. Мы разам робім агульную справу, і свой абавязак трэба выконваць годна.

Аксана ЖУК,
жыхарка г.п. Карэлічы, шматдзетная маці:

— Мой дзядуля быў настаўнікам гісторыі і мне прывіў любоў да гэтага прадмета. Я ведаю, што на тэрыторыі Беларусі раней жылі і жывуць цяпер у міры і згодзе прадстаўнікі шматлікіх нацыянальнасцей і канфесій. Перамогу над фашызмам у 1945-м мы таксама атрымалі разам.

Самае галоўнае — павага да чалавека, яго поглядаў на жыццё, паважлівасць, чуласць. Людзі ўсе роўныя, незалежна ад колеру скуры, ад таго, на якой мове размаўляюць. Трэба паважаць старэйшых, равеснікаў, моладзь — кожны з нас чалавек, і адносіцца да яго трэба як да асобы.

У сям’і таксама павінна існаваць павага адзін да аднаго. Трэба, каб не толькі слухалі, але і чулі таго, хто побач. Майму старэйшаму сыну Арцёму шаснаццаць гадоў, а меншаму Цімафею няма яшчэ двух. Я імкнуся зрабіць усё, каб наша сям’я была дружнай, каб усе прыслухоўваліся, саступалі, дапамагалі, і ў нас гэта атрымліваецца.

Вось так і ў дзяржаве сёння павінна панаваць адзінства. Урад клапоціцца пра будучае краіны. Я — маці, зараз знаходжуся ў водпуску па догляду за дзіцем да трох гадоў, дзяржава аплочвае гэты час. Як шматдзетная маці адчуваю ўвагу і клопат: у мінулым годзе была ўзнагароджана ордэнам маці, атрымліваю бясплатнае харчаванне для сына Цімафея да дасягнення ім двух гадоў. Акрамя таго, маці, якая выхавала пяць і больш дзяцей, мае магчымасць пайсці на заслужаны адпачынак пры дасягненні пяцідзесяці гадоў. Жыццё пакажа, магчыма, прыйдзецца і гэтую льготу выкарыстаць.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота з архіва рэдакцыі