Дмитрий и Анастасия Волк из Райцы: «Здесь мы хозяева на своей земле»

“Набыць зямлю, прыдбаць свой кут…” Гэтыя словы з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” вядомыя кожнаму з нас яшчэ з дзяцінства. Толькі далёка не кожны пра гэта марыць. Дзмітрый і Анастасія Волк з аграгарадка Райца паветраных замкаў не будавалі, а проста ўзялі і прыехалі ў вёску, пачалі тут працаваць і атрымалі ад дзяржавы прасторную сядзібу.

Пазнаёміліся рабяты яшчэ падчас вучобы ў Навагрудскім сельскагаспадарчым каледжы, абодва выбралі прафесію агранома. Калі трапілі на пераддыпломную практыку ў сельскагаспадарчы кааператыў “Свіцязянка-2003”, зразумелі: у такой гаспадарцы можна жыць і працаваць. Праз чатыры месяцы пасля вяселля атрымалі ключы ад катэджа на вуліцы Гастэлы.

— Домік цудоўны! І няпраўда, калі хто кажа, што гэтыя катэджы дрэнна пабудаваны. Нас усё задавальняе: цёпла, утульна, газавае ацяпленне, тры пакоі. У 2016 годзе мы змаглі набыць дом ва ўласнасць, і цяпер жывём спакойна, ведаем, што гэта наша, — распавядае Анастасія.

Вуліцу Гастэлы ў аграгарадку Райца ў пару перайменаваць у Маладзёжную. Сучасныя катэджы ўтварылі сапраўдны мікрараён новабудоўляў. Жывуць тут у асноўным маладыя сем’і, у кожнай па двое-трое дзетак. Асабліва ажыўлена тут летам, калі малеча дастае свае веласіпеды-самакаты, апаноўвае арэлі ды альтанкі.

Маладыя людзі кажуць, усё, што патрэбна сям’і, у гарадку ёсць: садок і школа, амбулаторыя, магазін, спартыўная зала і стадыён. Добра было б, каб з’явілася сямейная кавярня, дзе можна адсвяткаваць дзень нараджэння альбо проста прыйсці і паласавацца марозівам. Мараць і пра сучасную дзіцячую пляцоўку, бо маладых сем’яў з малымі становіцца больш.

— Не ведаем, як хто, а мы ў вёсцы не сумуем, — гаворыць Дзмітрый. — Ды і з маёй працай дакладна не засумуеш. Гэта зімой можна крыху расслабіцца. А вось з пачаткам пасяўной пачынаецца гарачая пара. Кантроль за падрыхтоўкай палёў, якасцю пасеваў, іх усхожасцю. Не паспееш азірнуцца — трэба травы касіць. Неўзабаве і хлеб паспявае, убіраць трэба. На чарзе — вывазка саломы з палёў… І так як вавёрка ў коле, але мне такое жыццё даспадобы, не змяняў бы яго на сядзенне ў кабінеце.

Зямля вакол дома сям’і Волк не пустуе. Тут і агарод, і кветкі, і цяпліца. На стале заўсёды свая зеляніна і дамашняе яйка. Сваімі рукамі пабудавалі альтанку, каб бавіць у ёй летнія вечары.

— Пра горад не марым, як большасць, — гаворыць Анастасія. — Я да сястры ў Баранавічы прыязджаю, і на другі дзень сумна ў кватэры становіцца, рвуся дадому. У Райцы прыгожа, лясы кругом, ягады-грыбы, дыхаецца лёгка. Дачка Даша гуляе ў двары, я ў акно пагляджу і далей сваімі справамі займаюся. Тут мы сапраўдныя гаспадары, на сваёй зямлі жывём.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара