В Кореличском районе идет подготовка к весеннему севу
У гэтым годзе выхад у поле для карэліцкіх аграрыяў пачнецца ў канцы сакавіка-пачатку красавіка. У мінулым годзе пасяўная кампанія стартавала ўжо 15 сакавіка. Зараз тэрміны змясціліся на два тыдні з-за вялікай колькасці вільгаці, якую прынеслі моцныя зімовыя снегапады. Як ідзе падрыхтоўка да веснавой сяўбы ў раёне? У чым асаблівасці і перспектывы цяперашняга сезона?
— Да старту пасяўной кампаніі гаспадаркі праводзяць рэвізію рэсурсаў. Сярод асноўных пазіцый — забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі, — расказвае першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валерый Літвін. — Два сельгаспрадпрыемствы: «Малюшычы» і «Жухавічы» ўжо ўносяць калій. На сёння мінеральных угнаенняў пад яравую сяўбу назапашана 55% ад патрэбы пры сярэднеабласным паказчыку ў 48%. Плануецца давесці раённую лічбу да 95%. Поўнасцю забяспечаны неабходнымі вясновымі падкормкамі СВК «Свіцязянка-2003» і ААТ «Карэлічы-Лён».
Не спісваецца з рахункаў і запас арганікі, якая сёння актыўна вывозіцца на палі. У цэлым па раёне нарыхтавана 100% арганічных угнаенняў, 80% вывезена і 45% унесена. У ліку лепшых па гэтым відзе работ СВК «Маяк-Заполле», «Лукі-Агра», «Свіцязянка-2003», «Жухавічы», ДП «Чарняхоўскі-Агра», КСУП «Племзавод Карэлічы».
Пад поўную патрэбнасць хапае ў карэліцкіх сельгаспрадпрыемстваў уласнага насеннага фонду збожжавых і зернебабовых культур. Аднак кожны год набываецца элітнае насенне для сортаабнаўлення і павышэння ўраджайнасці. З яравой пшаніцай «Дар’я» і яравым ячменем «Бацька» дапаможа СВК «Жухавічы». Яравы ячмень гатункаў «Фэст» і «Рэйдэры» будзе набыты ў ААТ «Сянькоўшчына». У саўгасе «Вялікае Мажэйкава» закупяць элітную бульбу «Уладар».
Асобным кірункам стратэгіі цяперашняй пасяўной кампаніі на Карэліччыне можна лічыць перазалужэнне травяных угоддзяў. Такія работы пройдуць у ДП «Царука» і «Малюшычы».
Да 25 сакавіка тэхніка паўсюдна павінна стаяць на лінейцы гатоўнасці. Гаспадаркі за ўласныя сродкі набылі неабходныя запасныя часткі, своечасова правялі рамонтныя работы. Гатоўнасць энерганасычаных трактароў у раёне 90%, сеялкі гатовыя таксама на 90, апырсквальнікі — 91, дыскатары і дыскавыя бароны — 90.
Іна ЛЕЙКА