В Кореличах организовали встречу с малолетними узниками района

У Карэліцкім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці напярэдадні Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў арганізавалі сустрэчу з малалетнімі вязнямі раёна. Яе адкрыла старшыня раённага савета ветэранаў Валянціна Кошур.
З Беларусі гітлераўцам удалося вывезці ў Германію на катаржныя работы звыш 380 тысяч грамадзян, у тым ліку з Карэліцкага раёна — 1154 чалавекі. На сённяшні дзень у раёне жывуць 24 вязні, з іх — 20 малалетніх.
З нагоды гэтай даты на сустрэчу запрасілі малалетніх вязняў Марыю Сяргееўну Суднік, Глеба Аляксандравіча Крышэня, Надзею Нікіфараўну Меляняка з райцэнтра. За кубкам гарбаты яны падзяліліся сваімі ўспамінамі пра далёкі нялёгкі час.


Загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ЦСАН Карэліцкага раёна Вольга Жук і кіраўнік гуртка «Кудесница» Людміла Хвеська паведалі аб клопаце пра пажылых людзей і запрасілі малалетніх вязняў у гурткі ўстановы.
Гасцям сустрэчы ўручылі памятныя падарункі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, сувеніры ад Цэнтра, а работнікі культуры парадавалі прысутных добрымі песнямі.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКА