Начальник отделения почтовой связи Кореличского РУПС Наталья Чура рассказывает о новшествах в работе
Па-ранейшаму наша жыццё немагчыма ўявіць без паштовай сувязі. І яна не застаецца ў даўгу. Тут з’яўляюцца новыя віды паслуг, якія прадыктаваны самой рэчаіснасцю.
Пра тое, чым жывуць работнікі галіны, журналіст гутарыць з начальнікам аддзялення паштовай сувязі Карэліцкага ўчастка паштовай сувязі Навагрудскага РВПС Наталляй Мікалаеўнай ЧУРА.
— Наталля Мікалаеўна, што ўяўляе сабой узначальваемае Вамі аддзяленне?
— У складзе аддзялення налічваецца 9 чалавек, з іх — 4 спецыялісты па паштовай дзейнасці і 5 паштальёнаў. Мы абслугоўваем жыхароў райцэнтра, вадзіцель-паштальён — насельнікаў 24 вёсак.
— Якія паслугі аказваеце насельніцтву?
— Увесь спектр паштовых паслуг. Гэта прыём відаў плацяжоў, аплата крэдытаў, паслугі ашчадбанка, страхаванне транспартных сродкаў, паслуга паштовага кур’ера і іншыя.
— Якія існуюць новыя віды паслуг?
— Па-першае, атрыманне пасылак па SMS коду без прадастаўлення пашпарта. Для гэтага трэба зарэгістравацца ў асабістым кабінеце на сайце РУП » Белпошта» і прайсці ідэнтыфікацыі ў аддзяленні сувязі. Кліент пасля рэгістрацыі зможа пастаянна атрымліваць пасылкі па SMS-коду без прадастаўлення пашпарта і запаўнення паведамлення.
Па-другое, НПЭС (нацыянальная паштовая электронная сістэма) — гэта перасылка простых і заказных пісем у электроннай форме, не выходзячы з дому або офіса. Для перасылкі простых пісем фізічнай асобе неабходна прайсці анлайн-рэгістрацыю ў аддзяленні паштовай сувязі, атрымаць логін і пароль для доступу ў НПЭС праз сайт РУП «Белпошта».
Для таго, каб адправіць і атрымаць заказныя пісьмы, фізічнай асобе (юрыдычнай асобе) неабходна атрымаць SIM-ID ці ключ ЭЦП ці ID-карту (сертыфікаваны сродак выпрацоўкі электроннага лічбавага подпісу), прайсці анлайн-рэгістрацыю ў раздзеле НПЭС («адправіць электроннае пісьмо») на сайт РУП «Белпошта». Аплата паслуг ажыццяўляецца з выкарыстаннем банкаўскай плацёжнай карты.
— Колькі карэспандэнцыі дастаўляюць паштальёны кожны дзень?
— Два разы ў тыдзень, сераду і суботу, калі прыходзіць раённая газета «Полымя», — 1600 экзэмпляраў, у астатнія дні — 700 экзэмпляраў. Найбольшай папулярнасцю карыстаецца «Полымя». Карэліччане ахвотна выпісваюць газеты «СБ. Беларусь сегодня» і «Друг пенсионера», з часопісаў — «Сваты», «Кудесница», «Тысяча советов», «Народный доктор», «Гаспадыня», «Хозяин», з дзіцячых — «Непоседа», «3/9 царство», размалёўкі.
— А як выглядае ваша праца ў эканамічных паказчыках?
— Летась наша аддзяленне спрацавала добра. Выканалі даведзеныя заданні і занялі сярод паштовых аддзяленняў Карэліцкагага раённага вузла паштовай сувязі першае месца. Сёлета таксама стараемся не збаўляць тэмпаў — абслугоўваць кліентаў на высокім узроўні.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ