У гэтым годзе ў царкву святой Варвары будзе вернута адноўленая цудатворная ікона Райчанскай Божай маці
Праз стагоддзяў смугу
Неяк незаўважна на змену красавіку прыйшоў прыгожы і вясёлы май – месяц маладой травы, кветак і птушыных спеваў. Нездарма ў старыя часы яго называлі ў народзе траўнем. Усё абуджаецца: вакол майская квецень, песні салаўёў. Нават у хмурныя дні радуюць вока фарбы вясны – свежая зеляніна бярозы, жаўцізна дзьмухаўца, нябесны блакіт фіялак і першацветаў, вясельнае ўбранне чарэшань і вішань. Прыроднае цяпло атульвае і супакойвае душу чалавечую. Хочацца надыхацца гэтай прыгажосцю і наглядзецца…
Пуцявіны лёсу
Царква пакутніцы Варвары,
На грудзе ў Райцы што стаіць,
Шле вестку Вам не для забавы,
Сваю каб радасць раздзяліць.
Яе калісьці будавалі,
Каб успамін быў на вякі…
Мяняўся час, нібы вар’яты
Яе ўсе рвалі на шматкі…
Цяпер усім светам аднаўляем
Святыню роднай стараны:
Хто крыж нясе, а хто цагліну,
А хто і страчаны званы… (А.Шышкір)
Велічны і магутны храм святой вялікапакутніцы Варвары ўзвышаецца на зямельным надзеле, што непадалёку ад могілак у Райцы. Там адпачываюць нашы дзяды і прадзеды. Праз дарогу высвечваюцца вадаёмы, абсаджаныя прыгожымі ніцымі вербамі. Улетку тут можна бачыць мясцовых рыбакоў, якія, нібы вераб’і на дроце, сядзяць ля вады і назіраюць за вудамі. А вось бяжыць дарога, якая вядзе дзетак штораніцы ў школу. Недалёка ад дарогі звіняць крынічкі, якія многімі яшчэ непазнаныя. Варта прайсці ў іншы бок – і можна трапіць у парк, дзе вельмі многа таямніц. Тут растуць рэдкасныя дрэвы і кусты…
Калі глядзець на храм знізу ўверх, то ствараеца візуальны эфект, быццам дрэвы нібыта павялічваюцца ў вышыню, утвараючы свайго кшталту “лесвіцу ў неба”. Аднак чалавеку, які паднімаецца па прыступках да храма ўсе вышэй, груд здаецца раўнейшым, а храм больш даступным і чалавечным. Жыццё праваслаўнага хрысціяніна без храма ўявіць сабе немагчыма. У ім адбываюцца галоўныя падзеі жыццёвага шляху чалавека: хрышчэнне – гэта духоўнае нараджэнне, споведзь – лячэнне сумлення праз пакаянне і дараванне Госпадам грахоў нашых, шлюб, праводзіны ў жыццё вечнае нябожчыка. Позірк спыняецца на сцяне цвінтара, на якім узвышаецца храм, і міжволі выхоплівае тыя вялікія валуны, што ўмураваныя ў ёй. Некаторыя вось-вось абрынуцца на дарогу, відаць, стаміліся ад доўгага ляжання. Што бачылі яны на сваім вяку? Сёння проста цяжка ўявіць, колькі ўсяго адбылося за гэтыя больш чым 200 гадоў, што існуе царква. Былі войны, мяняліся людзі і розныя палітычныя рэжымы, мяняліся ўлады, а на гэтым святым месцы, як 200 год таму, так і цяпер, гучаць словы святых малітваў да Госпада. Як раней, так і цяпер народ ідзе ў царкву да Бога і нясе свае радасці і гора, слёзы і боль, каб атрымаць тут дапамогу, падтрымку, атрымаць веру, надзею і любоў.
Крыху гісторыі
Царква святой Варвары адметная і ўнікальная сваёй архітэктурнай гатычнай пабудовай, такая адзіная ў Беларусі. Пабудаваная яна ў выглядзе карабля ў 1817 годзе з бутавага камення і цэглы па задумцы прадстаўнікоў вядомага роду Раецкіх, сядзіба якіх была размешчана тут. Мясцовыя жыхары з пакалення ў пакаленне перадавалі і перадаюць зараз успаміны: сын Францішка Дуніна-Раецкага шмат падарожнічаў. На востраве святой Алены яго асабліва ўразіў адзін храм. Вярнуўшыся, сын расказаў бацьку, што нідзе не бачыў нічога падобнага. Было прынята рашэнне пабудаваць падобны касцёл (Раецкія былі каталікамі, а мясцовыя жыхары — праваслаўнымі) і ў ім — сваю радавую пахавальню. Архітэктар Раецкіх Ян Зайка адправіўся на востраў святой Алены і праз два гады вярнуўся з чарцяжамі. У будаўніцтве ўдзельнічалі ўсе мясцовыя сяляне пад наглядам Яна Зайкі. Храм быў узведзены за сем гадоў і ў 1817 годзе асвечаны як касцёл святой вялікапакутніцы Варвары — яна шануецца і ў праваслаўнай, і ў рыма-каталіцкай Цэрквах. Асвяціць храм у гонар Барбары вырашыў сам Францішак Дунін-Раецкі, бо так звалі яго жонку . Пазней Францішак і яго жонка былі пахаваныя тут. Пару гадоў таму побач з храмам была знойдзена надмагільная пліта, якая зачыняла грабніцу Барбары Раецкіх. Гэтую каштоўную знаходку, як і мноства іншых, вернікі беражліва захоўваюць у музейным пакойчыку. Храм нядоўга праіснаваў як каталіцкі. Пасля паўстання Кастуся Каліноўскага, у 1863 годзе, са згоды сям’і Раецкіх, яго пераасвяцілі ў праваслаўны ў гонар Праабражэння Гасподняга. З гэтай назвай ён праіснаваў да свайго закрыцця.
Нязломная
Непаўторную, шматпакутную царкву не раз руйнавалі і спрабавалі сцерці з твару зямлі. Падчас Першай Сусветнай вайны забралі званы. У гады Вялікай Айчыннай на тэрыторыі храма панавалі то немцы, то партызаны. У яго траплялі снарады. На вежы, вышыня якой дваццаць метраў, вялі назіранне нямецкія снайперы. Немцы, пакідаючы храм, знялі і забралі з сабой усю медзь з даху. Партызаны вырашылі падарваць царкву, якая была стратэгічным аб’ектам для гітлераўцаў. Заклалі дынаміт, але будынак не пацярпеў. Тады, дазволіўшы мясцовым жыхарам вынесці ўсе абразы і царкоўнае начынне, святыню падпалілі знутры. Усё выгарала, маліцца тут было ўжо немагчыма. Куранты, бой якіх у добрае надвор’е быў чутны за сем вёрст, вырвалі ў савецкія гады, а царкоўныя дзверы і вароты, гадзіннікавы механізм здалі на металалом. Столь абрынулася. Людзі, спрабуючы знайсці каштоўнасці, выявілі пахавальню Раецкіх. Забралі ўсё, што можна было вынесці … У 1959 годзе мясцовая ўлада распарадзілася разбурыць сцены і разабраць цагліны на патрэбы калгасу. Сцены храма разбурылі амаль дашчэнту. Выстаяла толькі вежа: калі яе спрабавалі разваліць, ламаліся сталёвыя трасы. У такім выглядзе астанкі калісьці знакамітага храма прастаялі амаль да 2000-х гадоў, калі яго пачалі аднаўляць. За тры гады ўзвялі сцяну, паклалі дах. У 2003-ім царква была адкрыта і асвечана ў гонар святой вялікапакутніцы Варвары.
Жыццё чалавечае… Былінка-хлабысцінка на скразняку часу. Падуе моцны жорсткі вецер – зламаецца былінка-лёс. Гэта пра чалавека… А пра храм… Выстаялі яго муры, нязломнымі засталіся яго сцены. Нязломная вера чалавека ў Божы промысел.
Аднаўляючы святынi — ствараем будучыню!
Царква святой пакутніцы Варвары
Сабой яднае неба і зямлю.
Прэч адыйшлі ўсе бязбожжа хмары:
Пара настала нам збіраць крыжы.
Крыжы, што нашы дзеды паскідалі,
І камяні сабраць з парушанай царквы.
Ды каб Радзіму мы не прамянялі
За чачавіцу, што ядуць нашы браты…
Не думай, што прайшоў ліхі той час,
Ён можа паўтарыцца хоць і заўтра.
Усё залежыць толькі ад усіх нас:
Як будзем мы мяняць сябе ўпарта.
(А.Шышкір)
Ніхто з мясцовых і не думаў, што тут нейкім чынам ускалыхнецца памяць пра даўніну, нейкі помнік яе дачакаецца свайго адраджэння. І, напэўна, гэтага б не адбылося, каб не энтузіясты-падзвіжнікі святары.
Змяніць свет да лепшага адным махам, вядома, немагчыма, але калі рабіць хоць нейкія пасільныя рухі, пэўныя змены спакваля будуць адбывацца. Пасля аднаўлення храма вярнуліся на сваё месца старадаўнія абразы, якія захоўваліся ў суседняй Валеўцы. Адзін з іх — Праабражэння Гасподняга (1906 г). Надпіс на іконе сведчыць пра тое, што яна была падорана Сімеонам Данільчыкам. Гэта ахвяраванне было ў знак таго, што ён быў цудоўным чынам выратаваны пры крушэнні цягніка. Дарэчы, праўнук Данільчыка стаў святаром і ў 2000-х гадах менавіта ён займаўся адраджэннем храма.
Аднаўленне святыняў — вельмi важная справа. Але гэта не толькi матэрыяльнае адраджэнне храма. Гэта перш за ўсё iмкненне аднавiць духоўную святыню, якая знаходзiцца ў чалавечым сэрцы.
Добраўпарадкаванне храма спрыяе таму, што чалавек мае магчымасць наведваць яго, прыйсцi ў святыню, каб сустрэцца з Богам, — i такiм чынам аднавiць сваю духоўнасць, свае каранi, узняць узровень сваёй маральнасцi. Святынi — гэта ж не толькi культурная спадчына, не толькi мастацтва або дойлiдства. Гэта ўнутраны свет чалавека, грамадства. Не выпадкова ўсе заваёўнiкi разбуралi храмы, тым самым знiшчалi цэлы культурны i духоўны пласт, выкарчоўвалi каранi, сокамi якiх сiлкавалiся многiя пакаленнi. А ўсё таму, што храмы — гэта аснова духоўнага жыцця нацыi, народа.
Святкаванне 200-годдзя храма было адметным такой падзеяй, як прыбыццё каўчэга з мошчамі святой Варвары. Гэта стала магчымым дзякуючы архіпастырскаму клопату Правячага Архірэя — Высокапраасвяшчэннейшага Гурыя, архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага, а таксама ўзмоцненай малітве настаяцеля храма і ўсіх вернікаў.
Любое прынясенне мошчаў святога мае духоўную значнасць для месца, для народа, хай нават самі людзі гэтага да канца і не разумеюць. Ёсць надзея, што святыня дапаможа народу пакаяцца, прынясе нейкі свет, з’явіцца імкненне да духоўнага, да Царквы. Бо жыццё – гэта ж найперш духоўнасць. Радасць не купіш, каханне не купіш. Многае даецца Богам. Вельмі важна гэта спасцігнуць.
На сённяшні дзень наш храм у чаканні, а хутчэй у вяртанні і аднаўленні, сваёй святыні: цудатворнай іконы Райчанскай Божай Маці. Пошукі яе былі безвыніковымі. Па апісанні старажылаў, Божая Маці на ёй у срэбнай рызе. Вельмі шанаваная яна вернікамі. Ці не з Яе Божай літасці ўцалела вёска і яе жыхары ў Вялікую Айчынную? Ці не Ёй абавязаны многія з нас прадаўжэннем свайго роду? Ці не мы самі павінны спрыяць Яе вяртанню? Па благаславенні Высокапраасвяшчэннейшага Гурыя, архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага, ікона ўжо пішацца. Затым яна будзе асвечана ў Жыровіцкім манастыры пры цудатворнай Жыровіцкай іконе Божай Маці і прывезна ў Райцу напрыканцы лета гэтага года. Пачаўся збор ахвяраванняў на аднаўленне іконы, імёны ахвярнікаў пастаянна памінаюцца на набажэнстве.
Аднавіць сцены, зрабіць рамонт у храме, вярнуць іконы — безумоўна, важная і няпростая задача. Але значна цяжэй абудзіць веру ў душах людзей. Бо храм патрэбны не для таго, каб ім любаваліся, фатаграфавалі і заходзілі паглядзець. Ён неабходны нам для набажэнстваў і малітваў. Калі тут некаму будзе маліцца, навошта тады храм? Бог даў нам Зямлю для жыцця, шчасця і любові. Застаецца прасіць ва Усявышняга чыстага неба над галавой усім людзям планеты пад цудоўнай назвай Зямля. Бо гэта такое шчасце — жыць пад мірным небам і захапляцца ўсёй гэтай прыгажосцю.
Няхай жа нішто не азмрочвае наша жыццё, а кожны пражыты дзень будзе напоўнены радасцю і верай у лепшую будучыню!
Таіса МУХІНА,
агр. Райца