В Кореличском молодежном Центре культуры проведено собрание для несовершеннолетних
У Карэліцкім Маладзёжным цэнтры культуры адбыўся сход для непаўналетніх, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, і непаўналетнімі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Яго арганізатар — камісія па справах непаўналетніх Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта.
Напачатку сустрэчы намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Яўген Чычкан пажадаў прысутным, каб гэтае лета яны правялі з карысцю для сябе, атрымалі пазітыўныя эмоцыі. Для гэтай мэты і былі запрошаны спецыялісты, якія давалі тлумачэнні ў многіх накірунках.
Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Карэліцкага райвыканкама Вольга Базар і начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Дзмітрый Аляшкевіч вялі размову аб супрацьпраўных паводзінах непаўналетніх і іх наступствах, а аб праблеме п’янства і наркаманіі давала тлумачэнні ўрач псіхіятр-нарколаг УАЗ «Карэліцкая ЦРБ» Кацярына Ушкевіч, і гэтым яны імкнуліся дастукацца да сэрцаў слухачоў і перасцерагчы іх ад праблем у жыцці.
Начальнік Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніс Стадольнік раскрыў сутнасць двух стыхій — агню і вады, якія могуць прывесці да бяды. «Аб супрацьпажарнай бяспецы, паводзінах на вадаёмах непаўналетніх у летні час» — тэма выступлення, якое павінна паслужыць слухачам на карысць.
Не меншую цікавасць выклікалі ў непаўналетніх і пытанні аздараўлення, занятасці, працаўладкавання, адпачынку. Пра гэта паведамілі галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Марына Станкевіч, начальнік аддзела дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Карэліцкага райвыканкама Наталля Гоцка, першы сакратар РК ГА БРСМ Аксіння Ждан, загадчык метадычнага аддзела ДУ «Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці» Наталля Шпакоўская.
Да ўвагі прысутных многія выступленні спецыялістаў суправаджаліся відэаролікамі.
Сустрэча атрымалася карыснай і цікавай. Хочацца верыць, што прысутныя зрабілі для сябе правільны выбар.
Галіна СМАЛЯНКА