10 медалистов, сюрприз от родителей, россыпь наград: в Кореличах состоялся выпускной бал (+видео)
10 чэрвеня на галоўнай плошчы райцэнтра ладзіўся раённы выпускны баль. Свята юнацтва, якое сабрала 90 выпускнікоў, настаўнікаў, бацькоў, прадстаўнікоў мясцовай улады і грамадскіх арганізацый, па-свойму ўрачыстае і хвалюючае. Заўтра дзяўчаты і юнакі накіроўваюцца ў вялікую дарогу, а сёння ўсе словы і падарункі для іх.
У гэтым годзе школы Карэліччыны выпускаюць таленавітых і разумных, поўных сіл і надзей, крэатыўных і артыстычных выпускнікоў. Сярод іх — 10 залатых медалістаў, дыпламанты і пераможцы алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый, прызёры творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў.
Начальнік упраўлення адукацыі райвыканкама Ірына Асташэвіч уручыла 10 выпускнікам залатыя медалі, а таксама звярнулася да ўдзельнікаў урачыстасці:
— Дарагія выпускнікі! Сярод вас нямала пераможцаў і прызёраў раённых і рэспубліканскіх алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый, творчых конкурсаў. Вы атрымалі добрыя стартавыя магчымасці для прадаўжэння адукацыі. Веру, што сярод вас няма тых, хто ў жыцці спадзяецца толькі на шчаслівы білет. Вы павінны ведаць: удача не даўгавечная, жыццё трэба будаваць на трывалых ведах. Ад гэтага будзе залежыць ваша кар’ера, грамадскае становішча, ваш лёс. Забяспечанае жыццё, цікавую работу чалавеку дае толькі высокі прафесіяналізм і веды.
Гонар Карэліччыны — 10 залатых медалістаў: Яна Бабанская, Арцём Карп, Паліна Кулік, Арына Шавейка (ДУА «Сярэдняя школа №1 г.п. Карэлічы»),
Юлія Гінак і Лізавета Сланеўская (ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы»), Дар’я Карпейчык і Паліна Саладуха (ДУА «Райцаўскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа»), Іна Коцік і Ангеліна Цаба (ДУА «Турэцкі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа»).
Прэмію Ігнація Дамейкі выпускнікам ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы» Мікіце Ляўковічу і Арцёму Карпу ўручыў старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў:
— Дарагія выпускнікі, паважаныя бацькі, настаўнікі, запрошаныя госці, дзядулі і бабулі! Вось і наступіў гэты незвычайны дзень. Дзень, які вы так доўга чакалі, дзесьці, магчыма, прыспешвалі яго. Дзень развітання са школай. Засталіся бацькоўскі парог, пратаптаная сцяжынка да школы, стадыён, мудрая ўсмешка настаўніка, строгія і ўсёбачачыя вочы дырэктара, паход у сталовую напераганкі, кантрольныя работы, спазненні. І вось з гэтага моманту за ўсё адказваеце вы. За ўсё, што адбудзецца ў вашым жыцці, адказваеце вы самі.
Наперадзе — невядомая далечыня, і кожны павінен знайсці сябе сам, заняць сваю нішу ў жыцці. Але памятайце: дзе б вы ні былі, куды б ні закінуў вас лёс, салодкі дым Айчыны, роднай школы, роднага дома заўсёды будзе побач з вамі.
Дарагія рабяты! Наперадзе ў вас самастойнае жыццё. Смела ідзіце наперад, распраўляйце крылы радасці. Вам будзе цяжка, іншы раз невыносна, у вас будуць імгненныя ўзлёты і горкія расчараванні, цяжкія іспыты і радасныя імгненні перамогі. Але заўсёды нябачным шчытом і вашым абярэгам будуць вашыя настаўнікі. І тыя веды, тыя ўменні, якія яны ўклалі ў вас, тыя навыкі, якія яны прывілі ў сценах вашых школ, уменне і жаданне перамагаць, уменне змагацца і дасягаць пастаўленых мэт — гэта ваш багаж ведаў, гэта ваша багацце, шчодра падаранае школай. Удзячнасць вашым настаўнікам — мудрым дарадцам, якія ўсе гэтыя гады былі роднымі людзьмі.
Я не буду вам жадаць лёгкая дарогі, не шукайце лёгкіх шляхоў, лёгкіх грошай. Няхай дарога будзе цікавай, творчай, стваральнай. Вас заўсёды акружаюць добразычлівыя, спагадлівыя, адкрытыя людзі. Каб у вас былі таварышы, якія проста вам скажуць: «Прывітанне! Як справы? Што ў цябе новага?» І вам было з кім пагаварыць па душах, падзяліцца сваімі радасцямі, бо няма лепшай гутаркі, чым са сваімі сябрамі, бацькамі, настаўнікамі.
Вучыцеся, шукайце, ідзіце наперад і будзьце шчаслівыя! Няхай вас ахоўвае Гасподзь Бог! У добры шлях!
Член Савета рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Эльвіра Сарока цёпла павіншавала старшыню Моладзевага парламента Яну Бабанскую і звярнулася да прысутных:
— Дарагія выпускнікі, вы развітваецеся са школай. Хочацца пажадаць у жыцці сустрэч, сяброў, перамог. Дзяржава робіць стаўку на моладзь, таму веру, што вы станеце дастойнымі грамадзянамі і будзеце цаніць малую радзіму.
Выпускнік ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы» Данііл Дуровіч, вучань 10 класа ДУА «Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай» Іван Клімко, вучаніца 8 класа ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы» Аляксандра Утлік атрымалі стыпендыю Беларускага дзіцячага Фонду ад старшыні раённай арганізацыі Вольгі Кулякі.
— Выпускнікам жадаю больш добрых навінаў і шмат любові! Гонару за краіну! Настаўнікам , захавальнікам дзіцячых душ, а таксама бацькам і ўсім людзям — міру і дабрабыту, — адзначыла яна.
Стыпендыя Беларускага Фонду міру адрасавана вучню 10 класа ДУА «Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай» Уладзіславу Каласоўскаму і выпускніцы ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы» Лізавеце Сланеўскай.
Прэміі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» удастоены выпускніца ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы» Арына Шавейка і выпускнік ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы» Андрэй Купрыяновіч. Рабят павіншаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў:
— Выпускны баль — самая яркая падзея і незабыўная. Першы ўрок, першы настаўнік, першае знаёмства, першае каханне — усё застаецца ў памяці. І не важна, кім ў жыцці вы будзеце, галоўнае — стаць добрымі людзьмі і вырасці патрыётамі сваёй Айчыны.
За добрасумленную плённую працу, дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта ўзнагароджана Алена Гімпель, класны кіраўнік 11 класа ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы».
Сярод узнагароджаных — пераможца ІІІ абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбнаму прадмету «Сусветная гісторыя. Гісторыя Беларусі» адзначаны Дыпломам І ступені, Мікіта Ляўковіч і настаўнік гісторыі ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы» Зоя Бакей; пераможца ІІІ абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбнаму прадмету «Матэматыка», адзначаны Дыпломам ІІІ ступені, Андрэй Купрыяновіч і настаўнік матэматыкі ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы» Людміла Гасціла; пераможца ІІІ абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбнаму прадмету «Беларуская мова і беларуская літаратура», адзначаная Дыпломам ІІІ ступені, Ксенія Шавейка і настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы» Надзея Гурын; дыпламант абласнога конкурсу даследчых работ навучэнцаў «Крыштальная альфа» Вераніка Кот і кіраўнік даследчай работы, настаўнік англійскай мовы ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы» Вера Напорка.
За захаванне духоўных традыцый і маральных каштоўнасцей граматамі і падарункамі Карэліцкага благачыння ўзнагароджваюцца выпускніцы ДУА «Райцаўскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа» Яніна Каралько і Дар’я Карпейчык, выпускніцы ДУА «Турэцкі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа» Ангеліна Цаба і Лізавета Русан. Да віншаванняў далучыўся благачынны цэркваў Карэліцкай акругі протаіерэй Мікалай Орса:
— Сёння вы, дарагія рабяты, атрымліваеце атэстат сталасці. Не спяшайцеся быць дарослымі. Умейце адрозніць праўду ад падману, шануйце бацькоў і слухайцеся іх. Будзьце паспяховымі! На вас, маладое пакаленне, мы, дарослыя, ускладаем свае надзеі, таму атрымайце прафесію і прынясіце карысць Радзіме.
Адзін з самых кранальных момантаў выпускнога балю — музычны флэш-моб ад матуль выпускнікоў.
Іна Коцік, выпускніца ДУА «Турэцкі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа»:
— Адзінаццаць гадоў засталіся за плячыма. І ты ўсведамляеш, што яны самыя цудоўныя. Увесь гэты час я ішла да залатога медаля — і вось ён, доўгачаны вынік! Хачу паступіць у Беларускі дяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Імкнуся да сваёй мэты і веру, што ў мяне ўсё атрымаецца.
Лізавета Сланеўская, выпускніца ДУА «Сярэдняя школа №2 г.п. Карэлічы»:
— Выпускны баль — вельмі хвалюючая падзея. Наперадзе нас чакае новая дарога. Я спадзяюся, што з усімі жыццёвымі перашкодамі спраўлюся. Вельмі ўдзячна бацькам, педагогам, калектыву школы, аднакласнікам. Вазьму з сабой у дарогу веды і вопыт, а таксама — сяброўства. Упэўнена, у жыцці яны спатрэбяцца.
Дарослыя адпускаюць выпускнікоў у вялікае жыццё.
Бывай, школа!
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ
Вiдэа Наталлi САКАЛЯНСКАЙ