30 июня — День экономиста. Анна Гурина: «За цифрами — работа предприятия»

Выбраць прафесію па душы ўдаецца многім.  Улюбёны ў сваю справу чалавек поўнасцю аддаецца ёй. З гадамі прыходзяць вопыт і майстэрства — і чалавек больш упэўнена крочыць па абранай дарозе. Прыносіць карысць грамадству і мацуе свой дабрабыт.

Шлях у прафесію

Вёска Вайдацішкі, што ў Астравецкім раёне на Гродзеншчыне, лічыцца маленькай радзімай  Ганны. Адтуль дзяўчына накіравалася ў вялікую дарогу пасля заканчэння школы. Для авалодвання прафесіяй свой выбар спыніла на спецыяльнасці агранамія, сакрэты якой адкрывалі ў Навагрудскім сельскагаспадарчым тэхнікуме.

Гады вучобы праляцелі хутка. Не заўважыла, як сустрэла жаночае шчасце. Пасля заканчэння тэхнікума пайшла ў водпуск па догляду за першынцам — дачкой Вольгай.

Неўзабаве разам з мужам Валерыем пераехалі на яго радзіму, Карэліччыну. Абраннік жыцця ўладкаваўся ўпраўляючым на ферму «Машэвічы», а Ганна гадавала дачку.

Пасля дэкрэтнага водпуску прыйшла на працу ў бухгалтэрыю мясцовага калгаса. Пасля дзесяці гадоў працы была пераведзена на пасаду галоўнага эканаміста.

 

Быць эканамістам — вельмі цікава

— Работа эканаміста, — зазначае Ганна Вацлаваўна Гурына з КСУП «Малюшычы», — гэта пастаянны аналіз гаспадарчай дзейнасці, складанне планаў і мерапрыемстваў, штомесячнае падвядзенне вынікаў работы галіны жывёлагадоўлі, кантроль за расходам гаруча-змазачных матэрыялаў і іншае. За лічбамі бачна праца людзей пры налічэнні заработнай платы: ад колькасці і якасці зробленага бачны вынікі па заробку.

Эканамісту ў гаспадарцы трэба быць свайго роду памочнікам многіх спецыялістаў сельскагаспадарчай галіны: інжынера, заатэхніка, агранома, бухгалтара. Разам плануюць задачы на будучае і абмяркоўваюць атрыманыя вынікі.

Як адзначае галоўны эканаміст,  па-першае, за лічбамі бачна праца ўсяго  калектыву. Першага чысла штомесячна прыходзіцца трымаць справаздачу па вытворчасці работы ў жывёлагадоўлі і раслінаводстве, аналізаваць выкананне даведзенага задання.

Па-другое, быць эканамістам — вельмі цікава. Калі ёсць добрыя вынікі,  радасна паведаміць аб гэтым кіраўніцтву прадпрыемства і парадавацца за дасягненні сельскіх працаўнікоў.

Карэліччына — другая радзіма

— Я палюбіла Карэліччыну, яна стала другой радзімай, — прызнаецца субяседніца і дадае, што жыве тут трыццаць адзін год. Тут выраслі дзеці, пазнала сямейнае шчасце.

Больш за ўсё ў карэліцкім краі Ганну Вацлаваўну прыцягвае прырода — яе краявіды да глыбіні душы кранаюць сэрца. Як і працавітыя людзі, якія не цураюцца ніякай работы і ўсіх сябе аддаюць даручанай справе.

Трыццаць гадоў прайшлі хутка, але шкадавання няма, бо яны пражыты недарэмна. У вёсцы Баранавічы ёсць уся інфраструктура: школа, фельчарска-акушэрскі пункт, крама, клуб, пошта.  На суседзяў таксама пашанцавала, з калегамі стараецца заўсёды ладзіць.

«На зямлі трэба працаваць, і яна аддзячыць за старанную працу добрымі ўраджаямі», — называе галоўны эканаміст жыццёвы сакрэт вяскоўцаў.

 

Прадаўжальнікі роду

— Маё шчасце — дзеці і ўнукі, — гаворыць жанчына. — Яны — прадаўжальнікі роду, усе надзеі ўскладваю на іх.

Дачка Вольга — тэхнолаг лёгкай прамысловасці, працуе на адным з камбінатаў горада Баранавічы, сын Павел — начальнікам цэха па вытворчасці пліткі ў прыватным прадпрыемстве сталіцы.

Галоўная радасць для жанчыны — пяцёра ўнукаў. Самаму старэйшаму Канстанціну споўнілася 14, а меншаму Яраславу — 9. Усе розныя, са сваімі характарамі, але бабуля любіць аднолькава ўсіх і заўсёды чакае ў госці. Усім ім зычыць вырасці здаровымі, і каб заўсёды быў мір і спакой на нашай зямлі.

Напрыканцы сустрэчы Ганна Вацлаваўна выказала пажаданне: каб квітнела мясцовая гаспадарка і яе працаўнікі мацавалі дабрабыт штодзённай сумленнай працай. Каб заўсёды ў людзей была праца, якая складае аснову асноў жыцця, а на стале былі хлеб і да хлеба.

 

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Дзіяны МАРЦІНЕЎСКАЙ