Жители г.п. Мир вспоминают, как началась война

Нямецкія салдаты каля Мірскага замка

80 гадоў назад пачалася Вялікая Айчынная вайна. Разбурэнні, жах, боль, смерць… Вось што прынесла яна з сабой. Такія старонкі гісторыі назаўседы адкладваюцца ў памяці тых, хто быў сведкам гэтай страшэннай навалы, якая нібы покрывам накрыла нашыя землі.

На пяты дзень вайны Мір быў акупаваны фашыстамі. Перад гэтым праляцеўшыя над мястэчкам самалеты скінулі бомбы. Пачаліся пажары. Многія жыхары вырашылі пакінуць свае дамы і пераехаць на хутар. Мясцовая жыхарка Л.І. Лабоцкая, якой на той момант было ўсяго 11 гадоў, так успамінае гэтыя дні: “Для мяне асабіста вайна пачалася, калі нямецкія салдаты ехалі на матацыклах з аўчаркамі. А пасля за імі ішлі танкі. Вось мы былі ў гэты час на хутары, з Міра тады ўсе збеглі, у каго куды атрымалася… Калі пачалася вайна, мы, натуральна, адразу паехалі на хутар, і з намі ўсе нашыя знаемыя, блізкія. Здавалася, што там будзе ратаванне, таму што пачалі бамбіць Мір… І я памятаю, што ўсе рэчы, якія засталіся, некуды на вуліцу выцягнулі, так і кінулі. А самі паспелі прыехаць на хутар. І вось пайшлі гэтыя матацыклы з аўчаркамі, за імі – танкі. І мы зразумелі, што вайна ўжо сапраўды, гэта не пусты страх, а гэта сапраўды, рэальнасць”.

У дзяцей і ў дарослых першыя дні вайны адбілася чорнай старонкай, якую нельга вырваць і выкрэсліць з жыцця. Для адной яшчэ 11-гадовай дзяўчынкі Сары Хаймовіч страшныя гады вайны суправаджаліся пастаянным пачуццем страху і бездапаможнасці. І страхам не толькі за сябе, а і за сваіх блізкіх. Чалавек быў падобны на нейкую мурашку, якую ў любы момант можна раздавіць.

У адным сваім лісце, які Сара Хаймовіч (Ландар) адправіла з Казані за некалькі гадоў да сваёй смерці супрацоўнікам музея, падзеі тых гадоў апісаны вельмі падрабязна. У гэтай вайне яна страціла амаль усіх родных. Хтосьці быў расстраляны, хтосьці загінуў у гета. Па-гэтаму падзеі тых гадоў заставаліся на працягу ўсяго жыцця разам з ёю. Нядзіўна, што добра памятала яна і пачатак вайны: «… 27.06.41 нас акупавалі. Я з мамай і яшчэ адным фармацэўтам (Каплан) знаходзіліся ў аптэцы. Мы бачылі як з боку вуліцы Жухавіцкай імчаліся фашысцкія аўтаматчыкі да рэчкі міма касцёла, а з боку вуліцы (зараз Чырвонаармейскай) адыходзіла калона грузавікоў з салдатамі. Завязаўся бой, потым пажар. Мы схаваліся пад буфетам сталовай (нашай кватэры, якая знаходзіцца ззаду аптэкі); чулі звон кананады, грукат падаючых аптэчных склянак і стук у акно суседзяў: “Вы гарыце”. Мы дварамі памчаліся ў поле, дзе праляжалі ўвесь дзень”.

Калону грузавікоў з салдатамі памятала і Л.І. Шумава, якой на той момант было 18 гадоў: “Каля касцёла бомба трапіла ў машыну. Салдата забіла”.

Увогуле звесткі пра пачатак вайны, якія ўвашлі ў кнігу І. Раманавай і І. Махоўскай “Мір: гісторыя мястэчка, што расказалі яго жыхары” пакінулі 10 мясцовых жыхароў, узрост якіх на той момант складаў ад 7 да 26 гадоў.

Усё далей, углыб часоў, сыходзяць страшэнныя гады Вялікай Айчыннай вайны – гады выпрабаванняў, страт і людскіх пакут. Але памяць пра тых людзей, хто здолеў пераадолець усё гэта, мы павінна захаваць, каб не паўтараць памылак мінулага.

Мір пасля вайны

Вольга НАВІЦКАЯ, г.п. Мір