Чаму знікае вада з кранаў, высвятляла карэспандэнт газеты «Звязда»
Беларусь, якую часта называюць Сінявокай, заўжды пазіцыяніравалася як краіна лясоў ды рэк, і недахопу ў гэтых рэсурсах у нас не назіралася. Да апошніх гадоў. З-за анамальна гарачага надвор’я ўзровень падземных крыніц, з якіх сілкуецца большасць водаправодных сістэм краіны, значна панізіўся. Акрамя таго, абмялелі рэкі, вада знікла з многіх калодзежаў, у невялікіх населеных пунктах і нават райцэнтрах часам назіраюцца перабоі з вадой. Дзесьці яна не даходзіць да верхніх паверхаў у пэўныя гадзіны сутак, а дзесьці — яе не было ўвогуле тыдзень. Як, напрыклад, у аграгарадку Ярэмічы Карэліцкага раёна, адкуль да нас звярнуліся з праблемай жыхары, якіх абвінавацілі ў празмерным паліве агародаў і сказалі, што з-за гэтага вада і знікла. Што насамрэч здарылася з вадой, чаму і куды яна падзелася, што рабіць, каб яе захаваць, і ці дапамагаюць станцыі абезжалезвання ў вырашэнні воднага пытання, карэспандэнт «Звязды» высвятляла ў спецыялістаў.
«Гараб’і калодзеж абярнулі»
Вады ў кранах і каналізацыі на верхніх паверхах некаторых двухпавярховікаў і трохпавярховіка аграгарадка Ярэмічы не было цэлы тыдзень. На першых паверхах невялічкі напор быў, так што суседзяў ратавалі. Аднак на вуліцах Маладзёжнай і Палявой вады не было нават у аднапавярховіках. Частка сетак тут належыць камунальнікам раёна, а частка — калгасу. Праблема з адсутнасцю вады была менавіта ў тых жыхароў, чые водаправодныя сістэмы знаходзяцца на балансе гаспадаркі. Асабістыя лічыльнікі на ваду тут ёсць далёка не ва ўсіх, таму, як высветлілася, несумленныя жыхары сапраўды гэтым карысталіся — палівалі грады, падключыўшы шланг проста да водаправода. Але ж ёсць і тыя, хто расходуе кубалітры для паліву адпаведна з сумай на лічыльніку.
Скажу адразу, шукаць правых і вінаватых я не збіралася, паколькі праблема з перабоямі вады ў краіне сапраўды ёсць, і вырашаць яе, як думаецца, трэба агульнымі намаганнямі, таму выслухала ўсе датычныя да «воднай» гісторыі бакі.
— Вады ў кранах не было тыдзень, а камунальнікі гавораць, што гэта мы самі вінаватыя, бо агароды палівалі. Ды яшчэ кажуць, што многія незаконна ўрэзаліся ў водаправод, знайшлі ў людзей на градах шлангі. Я тут жыву 15 гадоў, і мы заўжды агароды палівалі. І лічыльнік у нас на доме стаіць — сума пасля на ўсе кватэры дзеліцца, мы ўсё роўна за яе заплацім, — расказала Ала, жыхарка аграгарадка Ярэмічы. — Пасля нашых скаргаў прыехалі спецыялісты, вінаватых адшукалі, людзі шлангі прыбралі — усе, нават хто па лічыльніках паліваў, але ж вада так і не з’явілася. А на ўсе нашы звароты на «гарачую» лінію чулі толькі адно: чакайце адказу. Атрымліваецца, як у той прыказцы: «гараб’і калодзеж абярнулі».
Згодна з законам «Аб пітным водазабеспячэнні», забеспячэнне жыхароў дадзеным рэсурсам знаходзіцца ў кампетэнцыі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, заўважыла ў адказ на агучаную праблему Марына ТОЎСЦІК, начальнік упраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства ЖКГ:
— Водазабеспячэнне абанентаў і спажыўцоў у перыяд анамальных тэмператур патрабуе асаблівай увагі і тэхнічнай падрыхтоўкі сістэм водазабеспячэння арганізацыямі, якія аказваюць паслугі водазабеспячэння. Пры гэтым вельмі важна наладзіць тлумачальную работу з насельніцтвам і юрыдычнымі асобамі, каб выключыць або мінімізаваць нязручнасці карыстальнікаў цэнтралізаваных сістэм водазабеспячэння ў гарачы перыяд.
Непасрэднай забароны на водаспажыванне для вядзення ўласнай падсобнай гаспадаркі ў заканадаўстве няма. Чаму ж тады людзей вінавацяць у тым, што яны паліваюць агароды?
— Забароны няма, аднак законам вызначаны прыярытэт выкарыстання падземных водаў для пітных патрэб перад інакшым іх выкарыстаннем, — абазначыла Марына Тоўсцік. — У артыкуле 38 Воднага кодэкса Беларусі вызначаны мэты карыстання воднымі аб’ектамі, і адна з іх — выкарыстанне для гаспадарча-пітных патрэб. А згодна з артыкулам 39, для гэтых патрэб могуць выкарыстоўвацца паверхневыя і падземныя воды, якасць вады ў якіх адпавядае гігіенічным нарматывам бяспекі. Падчас анамальна гарачага надвор’я трэба асабліва рацыянальна падыходзіць да выкарыстання вады, бо яна набывае асабліва высокую значнасць.
Водазаборы не бяздонныя
Што адбываецца з вадой на Карэліччыне (Ярэмічы — не адзінае мястэчка раёна, дзе ў вадаправодах дэфіцыт вады), расказалі кіраўнікі мясцовых органаў, на балансе якіх знаходзяцца водныя сеткі. Яны разлічвалі, што водаразбор павялічыцца ў 1,5-2 разы, аднак на справе гэтая лічба аказалася ў разы вышэйшая.
— Па камунальных водаправодах праблем у раёне няма. Каля 85 % жыхароў мае лічыльнікі. Аднак падчас спёкі водаразбор вялікі, ідзе масавы паліў, таму і здараюцца збоі, — тлумачыць Аляксандр РУДАК, дырэктар Карэліцкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі. — Але ж водазаборы не бяздонныя. Мы просім людзей ставіцца да расходу вады з розумам. Водаправодная сістэма сілкуецца ад падземных ваданосных пластоў, а пры такім надвор’і памяншаюцца іх аб’ёмы і ўзровень падземных водаў падае. У выніку помпы выхопліваюць са свідравін не ваду, а паветра. Абсталяванне псуецца і ціск падае, з вадой узнікаюць перабоі. Свідравіна не можа даць больш, чым у ёй ёсць. А жыхары стараюцца максімальна паліць грады, і ваду бяруць адкуль? З водаправода.
Помпы ўвесь гэты час працуюць на поўнай магутнасці, аднак яны не паспяваюць выпампоўваць ваду з нетраў, таму пэўны час яе і не было, растлумачыў Аляксандр ЛЕЙКА, старшыня камунальнага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Царука»:
— Нам на нейкі час прыйшлося адключаць ад сеткі фермы, каб даць людзям ваду. Грунтовыя воды панізіліся, абмялеў і Нёман, нават калодзежы паперасыхалі. А яшчэ грамадзяне пачалі агароды паліваць актыўна. Мы ім тлумачылі, што расцягваць шлангі па градах нельга, бо вялікі перарасход вады атрымліваецца. Стаўце лічыльнікі і тады палівайце. А яшчэ ў нас некаторыя гаспадары на вуліцы, што пры Нёмане, павыкопвалі сабе цэлыя сажалкі на ўчастках і запаўняюць іх з водаправода, бо рака абмялела, уліку ж вады няма.
Лічыльнікаў вады на сетках, якія належаць гаспадарцы, няма. І за незаконныя ўрэзкі ў водаправод старшыня пакараць рублём не можа — гэта прэрагатыва ЖКГ. У Ярэмічах чатыры воданапорныя вежы. Ад дзвюх з іх сілкуюцца фермы і палова дамоў аграгарадка.
— Помпы мы не адключалі. Думалі, што недзе адбыўся прарыў трубаправода, калі вады не стала. Шукалі месца аварыі, але яе не было — проста вада не выпампоўвалася з нетраў. Трэба купляць помпу на запас, бо тая, што працуе бесперапынна, можа ў любы момант згарэць. Тады мы зможам аператыўна яе памяняць.
У раёне сёлета павінны збудаваць станцыю абезжалезвання. Па словах старшыні гаспадаркі, у ЖКГ ёсць запасная свідравіна, якую новымі водаправоднымі сеткамі злучаць са станцыяй. Тады нагрузка на вежы гаспадаркі паменшыцца, і сітуацыя з вадой у двухпавярховіках палепшыцца.
Дэфіцыту няма, аднак эканоміць варта
Дык ці існуе ў Беларусі дэфіцыт пітной вады і ці можа ён узнікнуць увогуле, можа, час пачынаць нервавацца? Агульнага закліку да эканоміі вады ў краіне, як гэта каторы год робяць у Амерыцы, у Беларусі няма. Наадварот, Мінпрыроды просіць гараджан паліваць саджанцы маладых дрэўцаў, каб тыя прыжыліся.
Згодна з данымі Дзяржаўнага воднага кадастру, водазабяспечанасць у сярэднім складае 6000 м3 на жыхара, што набліжана да сярэднееўрапейскіх паказчыкаў, адказаў Аляксандр СТАНКЕВІЧ, дырэктар Цэнтральнага навукова-даследчага інстытута комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:
— Паверхневыя рэсурсы — вельмі дынамічны паказчык, і на працягу года іх характарыстыкі могуць моцна вагацца. Падземныя воды вызначаюцца больш стабільнымі характарыстыкамі. Тым не менш, у залежнасці ад тэмпературы паветра і колькасці ападкаў узроўні вады ў рэках і азёрах могуць рэзка павышацца ці памяншацца. Адпаведна, на асобных тэрыторыях краіны ў спякоту можа назірацца часовы дэфіцыт паверхневай вады. Аднак сёння і ў найбліжэйшай будучыні адсутнічае рызыка дэфіцыту падземных водаў для пітнога водазабеспячэння людзей.
Праблема вялікага дэфіцыту вады неактуальная для Беларусі, упэўнены і ў ЖКГ, спецыялісты якога абапіраюцца на звесткі Дзяржаўнага кадастру нетраў і падлічаныя і пераацэненыя запасы радовішчаў падземных водаў.
— Водныя аб’екты выкарыстоўваюцца на падставе дазволаў на спецыяльнае водакарыстанне ці комплексных прыродаахоўных дазволаў або дзяржаўнага акта на права адасобленага водакарыстання. Згодна з Водным кодэксам, забраныя паверхневыя воды ў аб’ёме 5 м3 і менш у суткі з прымяненнем водазаборных збудаванняў, а таксама здабытыя падземныя воды ў аб’ёме 5 м3 і менш у суткі з прымяненнем водазаборных збудаванняў могуць выкарыстоўвацца для паліву раслін ды паення жывёл ва ўмовах гарачага надвор’я, — падкрэсліла Марына Тоўсцік.
На месцах глядзяць на праблему воднага дэфіцыту больш гаспадарча і практычна.
— Людзі ў нас не лічаць пітную ваду і думаюць, што яна як мора. Яна ж на тое і пітная, каб яе піць, а не выліваць у агарод. Для гэтага можна браць ваду з рэк і сажалак. Запасы вады ўвогуле маюць тэндэнцыю да памяншэння. У спякоту яе трэба максімальна берагчы, — мяркуе Аляксандр Рудак.
Не скончылася, а перарасходавалася
Зразумела, што расход вады летам павялічваецца, аднак ці можа праз гэта яна ўвогуле знікнуць? Змены кліматычных умоў прывялі да ўздзеяння на прыродныя кампаненты, у тым ліку паўплывалі на ўзровень падземных вод, які значна панізіўся. Гэта, у сваю чаргу, прывяло да змен у рэжыме работы цэнтралізаваных сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення, адзначыла Марына Тоўсцік:
— Няправільна казаць, што вада скончылася з-за яе перарасходу. Пэўны яе дэфіцыт узнік праз перавышэнне ўжывання над натуральным прыродным аднаўленнем водных запасаў. Падобная сітуацыя часовая і штогод назіраецца ў асобных рэгіёнах краіны. Асабліва гэтае пытанне актуальнае ў малых населеных пунктах, дзе спажыванне вады ўзрастае ў некалькі разоў за кошт прыезду людзей на адпачынак летам, агародніцтва і напаўнення ўласных басейнаў. У выніку паніжаецца ціск у сістэме і ўзнікаюць перабоі ў водазабеспячэнні. Да таго ж у краіне зношана 33,9 % водаправодных сетак, і падчас работы ў рэжыме максімальнага водаразбору яны могуць пашкоджвацца.
Водазабор з артэзіянскіх свідравін
Для бесперабойнага водазабеспячэння сваіх спажыўцоў арганізацыі, якія адказваюць за гэта, падымаюць ціск у водаправодных сетках, падключаюць рэзервовае абсталяванне і задзейнічаюць усе вытворчыя магутнасці. Акрамя таго, водаканалы пастаянна манітораць якасць падаванай у сетку вады, заўважыла прадстаўніца Мінжылкамгаса.
У найбольш выйгрышнай воднай сітуацыі знаходзіцца сталіца. Яна сілкуецца з пяці гарадскіх водазабораў, з якіх толькі на адным ёсць збудаванне водападрыхтоўкі. Чатыры водазаборы падаюць ваду з падземных крыніц без дадатковай водападрыхтоўкі, расказаў Антон ГАЛАСКОК, начальнік вытворчасці «Мінскводаправод» КУП «Мінскводаканал»:
— Астатнія аб’екты знаходзяцца за межамі горада, найбольш аддалены — за 60 кіламетраў ад Мінска. Самае складанае і буйное збудаванне — ачышчальная водаправодная станцыя, якая адзіная падрыхтоўвае ваду з паверхневых водаў.
Прадстаўнік Мінскводаправода дадае, што мэта да 2025 года забяспечыць усіх мінчан артэзіянскай вадой захоўваецца. Пры гэтым водаразборныя калонкі ў прыватным сектары сталіцы застануцца, дэманціраваць іх цэнтралізавана не будуць.
Ірына СІДАРОК, фота аўтара