В объединенном хозяйстве “Луки-Агро” уборочная проходит слаженно

У гэтым годзе ў аб’яднанай гаспадарцы «Лукі-Агра» неабходна ўбраць 3 246 гектараў зерневых і зернебабовых культур, 550 гектараў рапсу. У параўнанні з мінулым годам плошчы павялічыліся амаль удвая, таму аддачы чакаюць саліднай — атрымаць не менш за 20 тысяч тон хлеба.

Сяргей Каляшчук і Юрый Петрыкевіч

У «Луках-Агра» да ўборкі прыступілі 16 ліпеня. Пачалі з азімай пшаніцы і яравога ячменю. Другі дзень малоцяць рапс. Аб ураджайнасці культур пакуль казаць рана: уборка яшчэ толькі пачалася, але чакаюць узроўню мінулага года. Традыцыйна аграрыі прыступілі да тых культур, якія дрэнна перазімавалі, а таксама тых участкаў, якія падгарэлі.

Хлебаробы імкнуцца, каб жніво прайшло ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны — гэта галоўная ўмова атрымання высокага ўраджаю. На палях гаспадаркі задзейнічаны 11 камбайнаў і 8 аўтамабіляў. Нагрузка на адзін камбайн немаленькая — 348 гектараў. Аднак да пачатку жніва тут добра падрыхтаваліся: на рамонт збожжаўборачнай тэхнікі накіравалі 630 тысяч рублёў.

За рулём камбайнаў і на адвозцы збожжа занятыя як вопытныя, так і зусім маладыя аграрыі. Камбайнер Андрэй Штэйн у гэтым годзе ўступіў у сваю 25-ю гарачую пару. Кажа, што з нецярпеннем чакаў моманту, калі можна будзе пачуць гул машыны і адчуць пах саспелай пшаніцы. 20-гадовы кіроўца Руслан Крапіўніцкі прыкметна хвалюецца: гэта яго першае жніво, важна, каб усё прайшло без замінак.

Старшыня КСУП «Лукі-Агра» Мікалай Гавіна кажа, што хлебаробы зацікаўлены ў якаснай і аператыўнай працы. Напрыклад, у чэрвені сярэдні заробак механізатара склаў 1500 рублёў, у час уборачнай можна зарабіць яшчэ больш. Плюс да гэтага прадугледжаны прэміраванне і натуральная аплата. Галоўнае — працаваць з павагай і паразуменнем. І, як паказвае практыка, у аб’яднанай гаспадарцы гэта рабіць умеюць.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара