Во время отдыха в пришкольном лагере “Малышок” дети путешествовали по Беларуси
Лета – цудоўная пара і найлепшы час для адпачынку. Больш за ўсё тут пашанцавала дзецям, у якіх цяпер канікулы. Проста седзячы дома можна і засумаваць ад аднастайнасці прабягаючых дзянькоў… Але самыя цікаўныя выбіраюць больш актыўны і карысны адпачынак. Менавіта для такіх дзяцей працуе наш дзіцячы аздараўленчы лагер “Малышок” на базе ДУА “Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы”. Гэтым летам у нас бавяць час выпускнікі першых, другіх і трэціх класаў, якіх чакае цікавае падарожжа.
Падарожжы падабаюцца ўсім без выключэння. Хтосьці аддасць перавагу паездкам за мяжу, бліжэй да мора, а хтосьці застанецца на Радзіме, каб даведацца больш пра родны куточак. Мы гэтым летам выбралі другі варыянт. Усіх нас чакае незабыўная вандроўка па нашай роднай краіне, часткова віртуальная, але з поўным эфектам прысутнасці. З гэтага выходзіць і назва лагернай змены: “Сцежкамі роднай Беларусі”.
Ну што ж, час распачынаць падарожжа.
Першы дзень – падрыхтоўчы, дзень сустрэч. Мы раздзяліліся на атрады, размеркавалі ўсе атрадныя даручэнні, выбралі назвы і дэвізы. Першы атрад – “Вясёлка”, другі – “Вясёлая сямейка”. Дзеці самі выбіралі назвы, таму вельмі хутка іх вывучылі. Выхавацелі правялі гульні на з’яднанне дзіцячага калектыву. На працягу змены ў лагеры працуе гурток “Тэлестудыя: Мы ў эфіры” і студыя выяўленчага мастацтва “Творчасць”.
Наступны дзень – дзень Памяці. Шмат гадоў назад у гэты дзень, 22 чэрвеня, пачалася вайна, таму была праведзена інфармацыйная хвілінка “Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны”, дзеці паглядзелі фільм “Дзяўчынка шукае бацьку” ў рамках акцыі “Глядзі і памятай”. Прайшла экскурсія да мемарыяльнага комплексу “Зорка”. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінулых на вайне. А далей выхаванцаў нашага лагера чакалі гульні на свежым паветры і цікавыя гурткі.
Чым далей – тым весялей. З наступнага, трэцяга дня, распачынаецца наша вандроўка па Беларусі. Урачыстая лінейка, прысвечаная старту гульні “Сцяжынкамі роднай Беларусі” (у рамках рэспубліканскага экскурсійнага марафона “Дзіцячы аўтацягнік”), стала стартам для нас. І наша падарожжа, вядома, пачалося з Гродзенскай вобласці. На знаёмства з ёю ў нас было тры дні. Дарослыя ўспомнілі, а некаторыя дзеці даведаліся пра славутых спартсменаў Гродзенскай вобласці. Так як гэты дзень у нас спартыўны, то мы паўдзельнічалі ў эстафетах “Спартыўныя старты”. На наступны дзень мы адправіліся на сапраўдную экскурсію ў Мірскі замак. Дзеці былі ў захапленні ад прыгажосці замкавага комплексу. І да канца дня дзяліліся тым, што ўбычылі, зрабілі і атрымалі ў падарунак там. Далей нас чакаў марскі дзень, таму што 25 чэрвеня – гэта Міжнародны дзень марака. Мы даведаліся больш пра гэтае свята і віртуальна пападарожнічалі на Аўгустоўскі канал і “Беларускія Мальдзівы”.
Вось такая цудоўная вандроўка ў нас атрымалася па Гродзенскай вобласці. На пачатку змены на галоўным стэндзе ў нас з’явілася карта. Усім нам вядомая карта Беларусі, але бясколерная… І што самае цікавае, пасля таго, як мы пазнаёміліся з першай часткай Беларусі, яна, карта, пачала набываць колеры. Гэта вельмі зацікавіла дзяцей.
Але мы, не марудзячы, адправіліся ў Віцебскую вобласць. Не ведаю, як вы, але мы, дарослыя і выхаванцы нашага лагера, любім чытаць. А калі і не чытаць, дык слухаць, як хтосьці чытае нейкія цікавыя гісторыі, а часам смяшынкі ці нейкія жахліўчыкі. У гэты дзень мы ўспомнілі нашых славутых дзеячаў: першадрукара Францыска Скарыну і выдатную асветніцу Ефрасінню Полацкую. Пагутарылі пра кнігі-юбіляры 2021 года. Дзеці адказалі на пытанні віктарыны па казках А. С. Пушкіна і К. Чукоўскага. А таксама паспрабавалі сябе ў ролі мастакоў і намалявалі малюнкі. На наступны дзень віртуальна наведалі Полацкі Сафійскі сабор, які з’яўляецца адным з цудаў Беларусі. На некалькі гадзін сталі архітэктарамі, прыдумалі і намалявалі горад будучага. Аўтары лепшых эскізаў атрымалі ўзнагароды. Не забылі і пра блакітную скарбніцу Беларусі – Браслаўскія азёры. Выдатна правялі час, гуляючы ў інтэлектуальную гульню “Што? Дзе? Калі?”. Спартыўныя спаборніцтвы “Джунглі клічуць” сталі добрым завяршэннем падарожжа па Віцебскай вобласці.
Яшчэ адзін кавалак карты знайшоў свой колер. І мы рушылі далей. На тры дні мы паглыбіліся ў Мінскую вобласць. Пачалі мы з інфармацыйнай хвілінкі “Памятаць, каб не паўтарыць”. Віртуальна павандравалі ў Хатынь і на Курган Славы. Актыўна паўдзельнічалі ў гульні “Зарніца”. Успомнілі лепшыя для кожнага з нас куточкі роднай краіны і паспрабавалі перанесці гэтыя ўспаміны на паперу. Патрыятычны дзень пачаўся з таго, што мы паўтарылі афіцыйныя і неафіцыйныя сімвалы Беларусі. Усе ведаюць, што Мінск – гэта наша сталіца. А ці ведаеце вы што-небудзь цікавае пра гэты горад? Калі хто з нас і не ведаў, то сёння дакладна адкрыў для сябе шмат цiкавага пра гэты горад, пакуль змагаўся ў інтэлектуальным турніры “Што я ведаю пра Мінск”. Весела і цікава прайшла музычная гадзіна “Вянок беларускіх песень”. Ад наступнага дня былі ў захапленні не толькі хлопчыкі, але і дзяўчынкі. Аўтамабільны дзень прынёс з сабой віртуальную экскурсію на заводы МАЗ і БелАЗ, конкурс “Я – інжынер-канструктар” і спартыўныя спаборніцтвы “Гонкі на машынках”. Актыўна і весела паганялі на сваіх аўтамабілях усе дзеці, а дарослыя пабывалі ў ролі адданых заўзятараў.
Наша карта стала яшчэ прыгажэйшай. А выхаванцаў лагера чакаў дзень, прысвечаны святу Купалле. На інфармацыйнай хвілінцы дзеці пагутарылі пра гісторыю і сучаснасць свята. Паўдзельнічалі ў гульнявой праграме “Пляцоўка добрага настрою” і паспявалі песні. Паспрабавалі прыдумаць і намаляваць Купальскі вянок, куды ж без яго ў такі дзень, хай сабе і папяровага. І мы заскочылі ў Магілёўскую вобласць. У гэтых мясцінах расце шмат агуркоў, таму і называюць іх агурковым краем, але гэта не адзіная асабліваць. Шмат творчых людзей выйшлі менавіта з Магілёўскай вобласці. Тут шмат незвычайных помнікаў, з якімі мы пазнаёміліся віртуальна. А потым паспрабавалі прыдумаць свае для Карэліцкага раёна. Самымі незвычайнымі сталі помнік Кукурузе і помнік Жоўтаму Снегавіку.
Новым колерам афарбаваўся яшчэ адзін кавалак карты. І мы рушылі ў Гомельскую вобласць. Тут нас чакала інфармацыйная хвілінка “Дзеці вайны” і віртуальны тур на Мемарыяльны комплекс на месцы дзіцячага канцлагера “Чырвоны бераг”. Пагутарылі пра вайну і мір, паўдзельнічалі ў конкурсе малюнкаў “Мы за мірнае неба”. Палескі дзень нам прынёс цікавы аповед пра запаведнікі Беларусі і гульнёвую праграму “Па слядах палескіх рабінзонаў”. Не забылі мы і пра актыўны адпачынак. Спартыўныя эстафеты не далі нам засумаваць.
Апошні кавалак карты застаўся нерасфарбаваным. І мы хутка пашпацыравалі ў Брэсцкую вобласць. Віртуальна павандравалі па Белавежскай пушчы. Паглядзелі на гэту найпрыгажэйшую частку нашай краіны, даведаліся пра незвычайныя дрэвы, якія там растуць. Успомнілі і жывёл, якія там жывуць. І, дарэчы, у гэтым годзе спаўняецца 95 гадоў кнізе А. Мілна “Вінні Пух”, таму мы паўдзельнічалі ў гульні “Поле Цудаў” на казачную тэму. Наступны дзень прынёс нам віртуальнае падарожжа ў Брэсцкую крэпасць, дзе мы прагуляліся па вуліцах горада-героя і даведаліся больш пра гісторыю крэпасці. І паактыўнічаць мы, вядома, не забылі.
У выніку карта стала рознакаляровай, мы наведалі кожную вобласць і даведаліся штосьці цікавае. Пачыналі мы з Гродзенскай вобласці, і так выйшла, што скончылі наша падарожжа таксама тут. У нас атрымалася “развіртуаліцца” і наведаць горад Навагрудак. Пагутарылі пра гісторыю горада і наведалі дом-музей Адама Міцкевіча. Дзеці былі задаволены вандроўкай.
Вось і падышла наша лагерная змена да свайго завяршэння. У апошні дзень, развітальны, прайшла святочная канцэртная праграма “Да пабачэння, лагер”. Гурткі дапрацоўвалі свае гадзіны, а мы дагульвалі апошнія жвавыя гульні. Нават неяк сумна было. Але, успамінаючы заспаныя твары нашых дзяцей раніцай, якія потым пераўтвараліся ва ўсмешлівыя і задаволеныя, становіцца весялей. Зацікаўленыя вочы, нецярплівае чаканне ранішняй лінейкі, каб атрымаць свае ўзнагароды за конкурсы, шмат пытанняў ад дапытлівых дзяцей, пясочныя буры і пырскі вады на пляжы, “яшчэ пару хвілінак”, каб дагуляць цікавую гульню, а часам, і нежаданне ісці дадому…
Вось гэта i даказвае, што ў нас усё атрымалася, і адпачынак у лагеры прайшоў як мае быць.
Алена БУЙ,
выхавальнік ДАЛ “Малышок”