Завершаются работы четвертого этапа восстановления Новогрудского замка
Легенда ўзнiмаецца з руiн
Работы па ўмацаваннi схiлу ад Касцёльнай вежы да ўвахода ў Навагрудскi замак працягваюцца.
Артэфакты на рэстаўрацыi
Так ужо склалася гiстарычна, што даволi працяглы прамежак часу ўвесь горад звозiў сюды смецце. У 1802 годзе быў выдадзены ўказ гродзенскага генерал-губернатара, згодна з якiм замкавыя камянi можна было забiраць для брукавання вулiц i дарог, а саму тэрыторыю замчышча выкарыстоўваць пад сметнiк. Умоўна кажучы, вежа Шчытоўка знаходзiцца на ўзроўнi другога паверха. Таму так важна прыбраць усе гэтыя напластаваннi i адвесцi адтуль ваду. Працягваюцца работы па ўмацаваннi схiлу ад Касцёльнай вежы да ўвахода ў Навагрудскi замак, якiя былi пачаты летась. Для гэтага выкарыстоўваецца спецыяльная сiстэма ўстаноўкi габiёнаў — каменных мяшкоў. Агульная даўжыня такой канструкцыi складзе каля 33 метраў. Затым туды будзе падсыпаны грунт i высаджана трава. Тым самым знешнi выгляд застанецца нязменным пры забеспячэннi захаванасцi замкавых сцен.
Правiльны падыход
Галоўны iнжынер даччынага ўнiтарнага Навагрудскага прадпрыемства мелiярацыйных сiстэм Юрый Раманюк расказвае пра важнасць праведзенай працы:
— Галоўнай задачай стала лiквiдацыя праблемы падмывання навагрудскай гары падземнымi крынiцамi. Асноўны напрамак работы на дадзены момант — выраўноўванне тэрыторыi пад нулявы цыкл, каб дажджы i iншыя ападкi не застойвалiся на тэрыторыi замчышча. Зрабiлi дзве веткi водаадвядзення i два дожджапрыёмнiкi. У цяперашнi час на тэрыторыi функцыянуе дзесяць каналiзацыйных адстойнiкаў. Зроблены праколы, дзякуючы якiм забяспечаны скiд вады ў ручай, якi працякае непадалёк. Каналiзацыя разлiчана на лiквiдацыю дажджавых плыняў 19—24 лiтры за секунду. Магу адзначыць, што нядаўнiя лiўнi паказалi эфектыўнасць i правiльнасць падыходу да вырашэння праблемы.
Сур’ёзныя работы па аднаўленнi гiсторыка-культурнага аб’екта пачалiся ў 2012 годзе, калi Навагрудскi i Любчанскi замкi ўключылi ў дзяржаўную праграму «Замкi Беларусi».
Знешнi выгляд застанецца нязменным пры забеспячэннi захаванасцi замкавых сцен.
Дакрануцца да старажытных камянёў
У гэтым годзе на будаўнiча-аднаўленчыя работы ў Навагрудскiм замку з абласнога i рэспублiканскага бюджэтаў выдзелена 600 тысяч рублёў. Яшчэ каля 70 тысяч на рэстаўрацыю накiруе Мiнiстэрства культуры.
— У рэспублiцы ўжо ёсць вопыт па аднаўленнi руiн Крэўскага i Гальшанскага замкаў, таму адраджэнне вежы Шчытоўка ў адным з самых знакавых замкаў краiны стане справай гонару блiжэйшага часу, — працягвае спецыялiст. — Навагрудскi замак невыпадкова з’яўляецца вiзiтнай карткай Беларусi. Ён нi разу не быў узяты крыжакамi, мае найбагацейшую гiсторыю. Людзi проста прыязджаюць, каб дакрануцца да старажытных камянёў, адчуць гонар за малую радзiму. У будучынi на двух паверхах Шчытоўкi збiраюцца размясцiць музейную экспазiцыю.
На першым i другiм этапах рэалiзацыi праекта «Рэканструкцыя з кансервацыяй i прыстасаванне гiсторыка-культурнай каштоўнасцi «Навагрудскi замак» у 2014 годзе завяршылася кансервацыя Касцёльнай вежы. У вынiку старажытныя руiны аказалiся схаваны пад пластом новага цаглянага мура. Таксама з’явiлася металiчная канструкцыя, якая падтрымлiвае вежу. У мiнулым годзе будаўнiкi прыступiлi да трэцяга этапа — умацавання схiлу замкавай гары, а ў гэтым годзе — да чацвёртага. У цэлым праект разбiты на шэсць пускавых комплексаў.