Мастер вытинанки, участница танцевального коллектива «Спадчына» Елена Лисовская: «Желание творить должно идти от сердца»

Творчы чалавек — у многім творчы. Знайшоўшы адну лесвічку ў жыцці, ён з лёкасцю знаходзіць і другую, і трэцюю — і ўпэўнена крочыць да пастаўленай мэты. З ім цікава і захапляюча, бо творчая асоба пастаянна ў пошуку, імкнецца да самаўдасканалення, сваёй энергіяй зараджае тых, хто знаходзіцца побач. Аб гэтым гутарка журналіста з намеснікам дырэктара Карэліцкай раённай бібліятэкі Аленай Васільеўнай ЛІСОЎСКАЙ.

— Алена Васільеўна, чаму кніга стала спадарожнікам пры выбары жыццёвага шляху?

— Сутнасць у тым, што я не выбірала менавіта бібліятэчную справу. Так распарадзіўся лёс. Калі я прыйшла на працу ў дзіцячую бібліятэку, то яе загадчык Галіна Іванаўна Казак так захапіла справай, што нельга было не ўлюбіцца ў гэтую прафесію. Завочна закончыла бібліятэчны факультэт універсітэта культуры, і аб сваім выбары не шкадую, у бібліятэчнай сістэме — пятнаццаць гадоў.

— За некалькі гадоў Вы выраслі да намесніка дырэктара бібліятэкі. Кіруючая пасада — вялікая адказнасць.

— Да высокай пасады ніколі не імкнулася. У тыя гады, калі не было камп’ютараў, дзеці хадзілі ў бібліятэку за інфармацыйнымі звесткамі, і мне падабалася абслугоўваць іх і знаходзіць даведачную літаратуру. Я працавала ў дзіцячай і раённай бібліятэках, з 2017 года — намеснікам дырэктара. На гэтай пасадзе стараюся падтрымаць кіраўніка бібліятэчнай сістэмы раёна, асабліва ў тых пытаннях, у якіх кампетэнтна.

— Скажыце, сёння бібліятэчная сістэма адрозніваецца ад той, якой была, скажам, дваццаць гадоў таму?

— У бібліятэцы заўсёды віравала і віруе жыццё, праводзіцца шмат мерапрыемстваў. Зараз  праводзім брэндавыя, працуем з раённым краязнаўчым музеем і раённым Цэнтрам культуры і народнай творчасці ў цеснай звязцы — ладзім агульныя святы.

— Мне даводзілася бачыць Вас падчас выступлення ў складзе  танцавальнага калектыву «Спадчына» Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. З чым звязана ўшаноўванне народных традыцый?

— Усё гэта ідзе з юнацтва. Калісьці мы хадзілі на дыскатэку ў Тудараўскі клуб, і нас запрашалі прымаць удзел у розных мерапрыемствах. Мы бачылі, як дарослыя танцуюць у «Тудараўскай кадрылі», і  нам хацелася.  Калі пачалі абнаўляць танцавальны калектыў «Спадчына», былы яго  кіраўнік Васілій Уладзіміравіч Чартко запрасіў мяне. Я ўжо працавала ў бібліятэцы,  паспрабавала, атрымалася, так і танцую па сённяшні дзень.

— Чаму менавіта выцінанку выбралі сваім захапленнем?

— Я люблю даўніну. Люблю народныя традыцыі і звычаі, культуру нашых продкаў. І выцінанка адтуль пайшла, калі бабулі ўпрыгожвалі  ўзорамі вясковыя хаты. Гадоў дваццаць як займаюся выцінанкай, і гэта маё хобі, якое моцна падабаецца. Бяру паперу і нажніцы, пачынаю выразаць — і душу перапаўняе цёплае пачуццё.

— Чым яшчэ захапляецеся?

— Люблю  вышываць. На вяселле сабе вышыла ручнік пад каравай. Калі дачка Марыя выходзіла замуж, то і ёй вышыла. Вышывала навалачкі, прасціну, фіранкі на дзверы. А яшчэ мне падабаецца вязаць сурвэткі і рэчы для ўнучкі Ксюшы.

— Сваё, роднае, беларускае — яно па-асабліваму радуе душу. Гэта ад матулі і бабулі?

— Кожны ўклаў сваю часцінку ў гэтую любоў да ўсяго народнага: і матуля Соф’я Давыдаўна, і першая свякроў Марыя Мікалаеўна, і цёця Зінаіда Давыдаўна. Кожны з іх быў майстрам народнай справы, і на мяне гэта паўплывала. Мае рукі самі цягнуліся, каб паспрабаваць зрабіць такую ж прыгожую рэч, як робяць яны.

— А  спадарожнік жыцця раздзяляе Вашы погляды? Ён па натуры творчы чалавек?

— Ён больш працаголік. Рана ўстае і позна кладзецца. Пастаянна ў руху. І яго трэба падтрымліваць і раздзяляць яго пункт погляду. Калі адзін аднаго падтрымліваеш, то ёсць вынікі. Ён шмат гадоў займаецца пчалярствам, ёсць вопыт у гэтай справе. Дзеліцца парадамі з пачынаючымі пчалярамі. Прымае ўдзел у раённых брэндавых мерапрыемствах.

— Што патрэбна чалавеку для развіцця творчага патэнцыялу?

— Жаданне тварыць павінна быць у душы. Калі ёсць жаданне і цікавасць, тады ўсё атрымаецца.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота аўтара