У храме святой Ганны ў вёсцы Загор’е прыхаджане ўзнеслі малітвы і падзялілі агульную радасць у гонар 160-годдзя царквы
Раніцай 7 жніўня да храма святой праведнай Ганны ў вёсцы Загор’е пачалі сцякацца прыхаджане. І мясцовыя, і прыезджыя спяшаліся, каб узнесці малітвы і падзяліць агульную радасць у гонар 160-годдзя царквы.
За сваю гісторыю храм перажыў нямала пакут і гора: Першая і Другая сусветныя войны, гады атэізму … Але вера людская і заступніцтва святой Ганны збераглі святое месца, абаранілі ад жорсткасці і разбурэння.
Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар біялагічных навук Мікалай Ламан, які нарадзіўся і вырас у гэтых месцах, кажа, што лёсы мясцовых жыхароў і храма цесна пераплецены:
— У 1861 годзе нашы продкі на ўласныя сродкі пабудавалі гэты храм з дрэва ў выглядзе крыжа. У 1878 годзе царква была асвечана біскупам Мінскім і Бабруйскім Яўгенам Шэрашылавым. За гады ганенняў на Царкву храм прыйшоў у запусценне, так што да пачатку 1990-х гадоў знаходзіўся ў паўразбураным стане.
У 1994 годзе быў адноўлены і асвечаны. У 2015 годзе перабудовай струхлелага будынка зноў заняліся прыхаджане пры падтрымцы мецэната Генадзія Сабалеўскага. Думаю, ва ўсёй Беларусі наўрад ці знойдзецца іншы такі могілкавы храм, які пераўзыходзіць гэты па ўбранству і дагледжанасці тэрыторыі.
Зараз Мікалай Ламан працуе над напісаннем адразу дзвюх кніг — пра гісторыю Загор’еўскага храма святой Ганны і Свята-Пакроўскай царквы вёскі Турэц. Працуе ў архівах, вывучае біяграфіі прыхадскіх святароў і старастаў. Дарэчы, прадзед Мікалая Афанасьевіча, Якуб, доўгі час быў старастам гэтай царквы, шмат ахвяраваў. Напрыклад, для Свята-Пакроўскай царквы ён ахвяраваў плашчаніцу і грабніцу да яе, прывезеныя з Санкт-Пецярбурга ў 1892 годзе. Сам Мікалай Афанасьевіч штогод бывае тут, па меры сіл імкнецца навесці парадак на тых магілах, за якімі няма каму даглядаць. Акрамя таго, дзякуючы яго намаганням на адной з памятных пліт у храме ўвекавечаны імёны мясцовых жыхароў, якія не вярнуліся з франтоў Вялікай Айчыннай вайны.
Генадзій Сабалеўскі, па ініцыятыве якога будынак храма быў капітальна перабудаваны, упрыгожаны мазаічнымі абразамі і новым царкоўным убранствам, не хавае эмоцый ад таго, што адбываецца:
— Сёння цудоўнае свята, і я адчуваю гонар за нашых прыхаджан, якія прыйшлі дакрануцца да святыні і да Бога. Галоўнае цяпер — захаваць тое, што зроблена агульнымі намаганнямі, бо храм унікальны. Ён быццам жывы ноччу, тут уключаецца падсвятленне ад сонечных батарэй. Ён да гэтага часу папаўняецца абразамі, якія дораць прыхаджане. Святое месца прастаіць доўга і будзе карысна для людзей, стане аддушынай для кожнага.
… Сваім парадкам, як і некалькі стагоддзяў таму ідзе служба. Ціха патрэскваюць яркія свечкі. Кожнае слова, прамоўленае святарамі, кожная чыстая нота Боскіх песнапенняў адклікаецца ў душы. Здаецца, сцены храма зніклі і кожны апынуўся сам-насам з Богам …
Святочная служба завяршылася Хросным ходам вакол царквы. Ласкава свяціла сонейка, серабрыстыя кроплі святой вады ўзляталі над Хросным ходам, а твары людзей свяціліся ціхай радасцю.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара