Журналист «Полымя» выехал в рейд по благоустройству и наведению порядка на земле
Навесці парадак на зямлі — адна з асноўных задач. Як яна выконваецца на месцах, вырашылі пацікавіцца члены рэйдавай брыгады, якія выбралі для маршруту населеныя пункты Райцаўскага сельсавета.
Пачаўся наш маршрут з вёскі Сёгда. Адразу ўвагу прыцягнуў «домік», які аджывае свой век і ўжо пахіснуўся. У мінулым, відаць, служыў аўтобусным прыпынкам, а зараз каля яго вяскоўцы збіраюцца ў чаканні аўтамагазіна. Балюча было да слёз: будыніна чымсьці нагадвае адзінокую недагледжаную старасць. Падумалася: няўжо сельскія жыхары не заслужылі лепшага?
Звярнулі ўвагу ў вёсцы яшчэ на адзін пустуючы будынак. Хата не зіхацела рознакаляровымі фарбамі, але на роднай зямлі не расло пустазелле, тэрыторыя акуратна абкошана. Вось бы больш такіх клапатлівых нашчадкаў! Як і тых, хто застаўся на малой радзіме і шчыруе штодзённа. Вочы радавалі пасаджаныя агародчыкі і прыгожыя кветкі каля дома.
Вёска Забердава сустрэла дагледжанасцю. Руплівасці яе гаспадарам не пазычаць. Такі ж малюнак гаспадарлівых адносін давялося назіраць і ў вёсцы Зелянец. Пры шасейнай дарозе — дамы адзін у адзін. Гэта ж трэба падабрацца такім руплівым: і самым прыемна жыць у прыгажосці, і вочы іншых радуюць чысціня і парадак. Для гэтага трэба толькі прыкласці рукі.
Наш рэйд прадаўжаецца, і ў вёсцы Скрышава на прыпынку звяртаем увагу на мяшкі са смеццем. Хто іх тут пакінуў, невядома. Паўстае пытанне: чаму кідаем, дзе папала, і гэтым надаём навакольным мясцінам яшчэ і непрывабны выгляд? Чаму б не заключыць дагавор з камунгасам на вываз смецця, тым больш за невялікія грошы?
Вёска Міратычы. Тут нашу ўвагу прыцягнуў аўтобусны прыпынак насупраць магазіна. За ім — пустыя бутэлькі з-пад розных напояў, пляцоўка пакрыта акуркамі. За магазінам «Родны кут» — пустазелле. Бетонныя адмосткі вакол будынка зараслі. Што хаваецца за прыгожай назвай вясковага магазіна? Адно відавочна: да роднага куточка так не адносяцца, гэта не па-гаспадарску.
У гэтым жа населеным пункце парадавала тэрыторыя каля мясцовай фермы. Яна была абкошана, на сонцы зіхацела невысокая зялёная траўка. Добры належны выгляд мелі таксама прылягаючыя тэрыторыі каля фермаў «Райца-1» і «Райца-2».
Вось толькі гэтага, на вялікі жаль, не скажаш пра былы клуб у Міратычах. Так хацелася, каб яго выгляд, нават былога, адпавядаў прызначэнню — установа культуры. Калісьці там кіпела жыццё, сюды спяшалася моладзь, установа прыносіла радасць. Чаму б сёння не прыкласці рукі, каб ачысціць тэрыторыю ад пустазелля?
У аграгарадку Райца два чалавекі касілі траву пры дарозе. Абкошаная была дарога з Райцы на Варончу. Вось толькі каля прыпынку ў вёсцы Рамейкі гэтую работу трэба зрабіць, каб ён меў належны выгляд.
Закончыўся наш маршрут па населеных пунктах сельсавета поўным расчараваннем. У аграгарадку Варонча наведалі мясцовыя могілкі. Злева, пры ўваходзе, убачылі ржавы кантэйнер для смецця і побач вялікую звалку з рытуальных адходаў. Гэта ж цэнтральны ўваход на месца пахавання, і такі беспарадак. У родзічаў памерлага і без таго балюча на душы, а тут такія нядбайныя адносіны да святога месца. Карэліцкаму РУП ЖКГ час задумацца над вырашэннем гэтага пытання і зрабіць гэта неадкладна.
Як паказаў рэйд, у Райцаўскім сельсавеце поруч з адрасамі безгаспадарчасці на зямлі сустракаліся і дагледжаныя куточкі. Атрымліваецца, што можна прыкласці рукі і стварыць парадак на зямлі. Для гэтага патрэбны ўсяго-наўсяго жаданне і працавітасць, тады наш Карэліцкі край стане прыгажэйшым.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Ірыны ШЫШКІНАЙ