Не первый год Кореличский филиал КУП по обеспечению топливом «Гроднооблтопливо» наращивает объемы производства продукции
Вось ужо 16 гадоў вадзіцель Карэліцкага філіяла КУП па забеспячэнні палівам «Гроднааблпаліва» Сяргей Фір’ян дастаўляе дровы і торфабрыкет насельніцтву. Кажа, што працу сваю любіць, бо кожны дзень ён нясе ў дамы карэліччан цяпло і камфорт.
Кожны працоўны дзень Сяргея Станіслававіча распісаны літаральна па хвілінах: прывезці лес з дзялянкі або торфабрыкет з торфабрыкетных прадпрыемстваў, адвезці паліва заказчыкам. За дзень на сваім МАЗе ён накручвае па 300 з лішнім кіламетраў.
— Я да тэхнікі з дзяцінства звыклы, — распавядае ён. — Можна сказаць, са школы за рулём трактара. Пасля заканчэння 4-месячных курсаў у ДТСААФ адслужыў у войску, таксама дарэчы кіроўцам. Потым больш за 10 гадоў у мясцовай аўтабазе працаваў, перайшоў у БПМК-4, затым у гартоп. Праца гэтая мне падабаецца. Заўсёды імкнуся прыслухацца да кліента, які просіць заехаць у двор ці разгрузіць паліва ў іншым зручным для яго месцы. Чаму б не пайсці насустрач чалавеку, калі гэта магчыма.
Ужо не першы год Карэліцкі філіял камунальнага ўнітарнага прадпрыемства па забеспячэнні палівам «Гроднааблпаліва» працуе стабільна, нарошчвае аб’ёмы прадукцыі, якая пастаўляецца прадпрыемствам і насельніцтву. І гэта заканамерна, бо прадпрыемства аказвае поўны комплекс паслуг: тут лес распілуюць, пасякуць і даставяць прама ў двор.
— За 7 месяцаў бягучага года мы атрымалі 424 тысячы рублёў выручкі, тэмп росту склаў 107,6%, — распавядае дырэктар прадпрыемства Іван Будзейка. — За 8 месяцаў рэалізавалі 1482 тоны торфабрыкету пры плане 1400 т, 1376 кубічных метраў дроў пры плане 1300. Аб’ёмы продажаў перавышаюць леташнія.
Растуць і аб’ёмы рэалізаванай паліўнай дранкі. У гэтым годзе Карэліцкаму і Навагрудскаму жылкамунгасам прададзена 1728 тон паліва. Транспартныя паслугі па дастаўцы дроў і брыкету прынеслі прадпрыемству ў гэтым годзе больш за 43 тысячы рублёў. З ахвотай карыстаюцца карэліччане і паслугамі піларамы, якая дала 27 тысяч рублёў выручкі. Дарэчы, некаторыя жыхары раёна прывозяць на пілараму лес, нарыхтаваны самастойна ў лясгасах. Тут яго распілуюць па прымальнай цане.
Аднак Іван Будзейка нагадвае, што паліва, набытае праз Карэліцкі філіял, датуецца дзяржавай:
— Выходзіць, што самастойна нарыхтаваныя ў лясгасе або набытыя ў прыватніка дровы абыдуцца даражэй.
Не першы год у адміністрацыйным будынку гартопу працуе крама па рэалізацыі будаўнічых матэрыялаў. Тут можна набыць будаўнічыя блокі, цэмент, шыфер. У бягучым годзе выручка ад гэтых продажаў склала 31 тыс. рублёў, што ўдвая перавышае леташні паказчык.
Даведачна
У раёне 3249 домаўладанняў, дзе для абагрэву выкарыстоўваецца цвёрдае паліва.
Па фіксаванай цане гаспадар аднаго домаўладання мае права купіць 2,4 тоны брыкету і 2,7 кубаметра дроў. Калі ён набывае толькі дровы, то датуецца 4,9 кубаметра, калі толькі брыкет — 3,5 тоны.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара