Для чего танцевать после 60. В Кореличах пенсионеры занимаются хореографией

Пры аддзяленні дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна дзейнічае танцавальны гурток «У рытме танца».

Як адзначае загадчык аддзялення Вольга Жук, гурток наведваюць восем актыўных, жыццярадасных, пазітыўных жанчын ва ўзросце ад 64 да 72 гадоў. Яны любяць з карысцю бавіць вольны час. Акрамя танцаў, наведваюць спартыўны гурток, з’яўляюцца ўдзельнікамі розных клубаў, прымаюць удзел у акцыях і мерапрыемствах, якія праводзяцца ў Цэнтры і ў раёне.

Гурток «У рытме танца» быў створаны ў студзені 2020 года. Яго састаў за гэты час практычна не мяняўся. Пакуль танцоркі выступаюць на пасяджэннях клубаў і мерапрыемствах, якія праводзяцца ў Цэнтры, і гледачы дораць ім апладысменты.

Для большасці ўдзельнікаў гуртка танцы сталі чароўнымі лекамі ад многіх хвароб, а таксама цудоўнымі сродкамі для барацьбы з пачуццём адзіноты, бо нясуць шмат станоўчых эмоцый і радасці.

«Мы авалодваем рознымі танцамі народаў свету, але найбольш папулярным з’яўляюцца беларуская кадрыля, полька, танец «Бярозкі», — адзначыла кіраўнік танцавальнага гуртка Ала Шурак. Ала Анатольеўна назвала іх выканаўцаў — людзей залатога ўзросту — творчымі і здольнымі асобамі. Усе разам яны — сям’я: цікавяцца станам здароўя адзін аднаго, віншуюць з днём нараджэння, стварылі групу ў Viber.

Кіраўнік гуртка пераканана, што танец — гэта адлюстраванне эмоцый чалавека праз рухі, і яна стараецца рабіць усё магчымае, каб удзельнікамі авалодвалі толькі станоўчыя эмоцыі і добры настрой. Заняткі ў гуртку праводзяцца тры разы на тыдзень, а гэта — новыя сустрэчы і яшчэ адзін крок да нязведанага. Кожны раз тут імкнуцца вывучыць новыя элементы танца і замацаваць ужо вядомыя. «Хочацца, каб самаадчуванне жанчын сталага ўзросту пастаянна было добрым, і яны маглі танцаваць з задавальненнем», — сказала Ала Шурак.

У Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва будуць рады, калі хтосьці з карэліччан залатога ўзросту таксама выкажа жаданне стаць членам гуртка «У рытме танца». Дзверы адкрыты для творчых і артыстычных, асабліва мужчын, якія змогуць авалодваць навыкамі розных танцаў, а таксама атрымаць пазітыўныя эмоцыі і падчас выступленняў падарыць добры настрой гледачам.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ