В Кореличском районе введены ковидные ограничения

У Карэліцкім раёне з-за росту колькасці хворых на COVID-19 увялі абмежаванні. Пра гэта паведамілі на працоўнай нарадзе ў старшыні Карэліцкага райвыканкама Генадзія Шатуева.

Каранцінныя меры закрануць масавыя мерапрыемствы, нарады, правядзенне якіх павінна быць абмежавана. Абавязкова нашэнне сродкаў абароны органаў дыхання і захаванне сацыяльнага дыстанцыявання ў людных месцах.

Абстаноўка цяпер досыць складаная, але прагназуемая. Медыцынскія работнікі Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы гатовы да інтэнсіўнай працы: маецца паўтарамесячны запас лекавых сродкаў, рэактываў і сродкаў індывідуальнай абароны. Пры гэтым вакцынацыя абараняе ад цяжкага цячэння захворвання. Як паказваюць сусветныя дадзеныя, пасля вакцынацыі рызыка шпіталізацыі ў стацыянар памяншаецца ад 22 да 29 разоў. Карэліччане сталі больш актыўна прышчапляцца ад каранавіруснай інфекцыі. Сёння ўжо 25,9% жыхароў рэгіёна атрымалі прышчэпку. У наяўнасці маецца вакцына расійскага і кітайскага вытворцаў.

Кіраўнік раёна Генадзій Шатуеў даручыў раённаму цэнтру гігіены і эпідэміялогіі ўзмацніць кантроль за выкананнем масачнага рэжыму на працоўных месцах у арганізацыях і прадпрыемствах раёна, а таксама ў крамах, аптэках, банкаўскіх і паштовых аддзяленнях і іншых месцах з масавым знаходжаннем грамадзян.

На нарадзе абмеркавалі ход добраўпарадкавання мемарыяльнага комплексу «Зорка», дваровай тэрыторыі Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці, уладкавання пешаходнай дарожкі да СШ №1 г.п. Карэлічы. На асаблівым кантролі ў дарожнай службы і сельскіх саветаў, па словах кіраўніка раёна, павінны знаходзіцца мясцовыя дарогі, якія патрабуюць рамонту.

Іна ЛЕЙКА