Мастерица из Полужья Евгения Купрас: «Рукоделие положительно влияет на состояние здоровья»
Знайсці любімы занятак удаецца многім. Чалавек бавіць вольны час з карысцю, а яго рэчы радуюць іншых. Старанні майстрых заслугоўваюць прызнання і пераймання — у шэдэўры ўкладзена душа і прыкладзены рукі.
Жыццё — на далоні
Яўгенія Сямёнаўна Купрас нарадзілася ў вёсцы Горныя Руткавічы. Вучылася ў Руткавіцкай і Смольчыцкай школах. Пасля заканчэння навучальнай установы працавала цялятніцай, затым — даяркай у калгасе «Зара камунізму». На ферме адпрацавала пяць гадоў, выйшла замуж. Муж Мікалай Рыгоравіч рабіў трактарыстам у гэтай жа гаспадарцы. Пажаніліся 9 мая 1963 года, і 58 гадоў крочаць па жыцці разам.
«Жывём у дружбе і любові, мой муж — добры чалавек. Ён ні разу не сказаў дрэннага слова, і дзяцей выхоўвалі гэтак жа. Дома ўсе справы рабілі разам. Напачатку жылі ў бабулінай хаце, затым пабудавалі сваю», — адзначае жанчына і дадае, што яшчэ давялося працаваць звеннявой па лёне.
Калі ж даўгунец не сталі сеяць, то была загадчыцай збожжасклада, а затым кіраўніком Палужскага комплекснага прыёмнага пункта.
«Вышыўкі трапілі ў Англію»
Майстрыха вышывае з дзяцінства. Бывае, схаваецца далей ад людскіх вачэй і займаецца любімай справай. З ніткамі праблем не існавала ў той час, набыць мулінэ розных колераў можна было ў нарыхтоўшчыка. З задавальненнем вышывала абрусы, прасціны, навалачкі.
— Мае вышыўкі ёсць нават у Англіі, — гаворыць субяседніца. — Я вышывала рэчы знаёмай, а яна шыла мне сукенкі. У водпуску па догляду за дзецьмі шчыравала. Вышытыя рэчы стараюся раздаць дзецям, абрусы раю засцілаць на сталы ў святы.
Жанчына лічыць, што вышыўка дапамагае ёй у жыцці. Калі з’явіліся праблемы з сэрцам і трэба было хаця б на гадзіну-другую забыцца пра хваробу, брала ў рукі палатно, іголку з ніткай, пачынала вышываць. «Магчыма, таму выжыла, — сцвярджае яна. — І зараз, калі пачынаю хвалявацца, аддаюся захапленню».
У Карэліцкую раённую бібліятэку на выставу прадставіла 22 карціны, а ўсіх збярэцца каля паўсотні, якія стварылі залатыя рукі жанчыны. На палотнах адлюстраваны прырода, кветкі, людзі. Вялікая і прыгожая карціна з анёлам прыцягвае асабліва, і многія знаёмыя прасілі, каб для іх вышыла такую. Але здароўе не тое, таму прыйшлося адмовіць.
Прадаўжальнікі роду
У сям’і Купрас прадаўжальнікі роду апраўдалі надзеі бацькоў. Выраслі сумленнымі людзьмі і вызначыліся ў жыцці. Валерый, выбраўшы ваенную справу, даслужыўся да палкоўніка, выйшаў у адстаўку, прадаўжае працаваць на пенсіі. Зоя — медыцынскі работнік, жыве ў Астравецкім раёне, працуе ў дзіцячым садку. Іван — начальнік аддзялення агр. Ярэмічы Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Вольга жыве ў г. Мінску, звязала сваё жыццё з педагогікай. Дачка Вольга наведваецца праз два тыдні, а сын Іван — кожны дзень, жыве з сям’ёй у Карэлічах. Яна шчаслівая бабуля: мае сем унукаў і чатыры праўнукі.
«Як ты да людзей…»
Нягледзячы на свой паважаны ўзрост, Яўгенія Сямёнаўна не прывыкла сядзець склаўшы рукі. Калі заходзіш у дом сям’і Купрас, быццам трапляеш у маляўнічую краіну. Акрамя чысціні і ўтульнасці, позірк прыцягваюць пакаёвыя кветкі. Колькі іх тут, няпроста палічыць.
— Я сама іх даглядаю, нікому не давяраю, — гаворыць гаспадыня. — Паліваю, падкормліваю, перасаджваю. Калі вазончык марнее, адламлю галінкі, пастаўлю ў шклянку з вадой. Рэшткі раздам людзям, якія маюць жаданне займацца пакаёвымі кветкамі.
Па-ранейшаму майстрыха не здраджвае любімаму захапленню — вышывае ручнікі. У часопісах знойдзе схемы, штосьці сама дадасць ці адніме, і ў гэтым занятку праходзяць гадзіны і дні.
Любяць у сям’і Купрас і слова. «Кнігі бібліятэкар Таццяна Сцяпанаўна Варабей прыносіць, — гаворыць жанчына. — Я чытаю на сон, люблю дэтэктывы і раманы. Выпісваю раённую газету «Полымя» шмат гадоў. Аднойчы забылася гэта зрабіць, дык здавалася, што ў хаце чагосьці не хапае. Раёнка патрэбна, у ёй — навіны пра раён і землякоў».
Яўгенія Сямёнаўна нагадала пра тое, што была калісьці і салісткай хору племзавода «Карэлічы». Кіраваў хорам Адам Русак. Любіла беларускія, рускія, народныя песні, частушкі. Збіраліся спачатку на рэпетыцыі ў Палужскім клубе, потым — у зале канторы мясцовай гаспадаркі. Выступалі з канцэртамі ў многіх населеных пунктах раёна, сцэну пакідалі пад гучныя апладысменты гледачоў.
— Маё жыццё ўдалося, — сцвярджае субяседніца. — Пашанцавала на мужа, дзяцей, суседзяў. Ды і сама не маю звычкі з кімсьці сварыцца. Нездарма гавораць: «Як ты да людзей, так і яны да цябе». Праверана на ўласным вопыце.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ