Ремонт печей, устройство на социальные койки, звонки взрослым детям. В Кореличском районе пожилым помогают перезимовать
Кожны год назіральныя камісіі раёна абследуюць умовы пражывання грамадзян пажылога ўзросту, інвалідаў, усіх адзінокіх грамадзян, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, асоб, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў.
Важна, каб гэтая ўразлівая катэгорыя насельніцтва перазімавала ў бяспечных і камфортных умовах. У бягучым годзе абследавана 3329 грамадзян, з іх — 409 адзінокіх пажылых і інвалідаў, 2920 адзінока пражываючых пажылых і інвалідаў.
Канкрэтная дапамога — канкрэтнаму чалавеку
З пачатку бягучага года выканана 37 рамонтаў пячнога ацяплення (аднаму ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, 10 адзінокім пажылым і інвалідам 1 і 2 групы, 24 адзінока пражываючым пажылым грамадзянам і інвалідам 1, 2 групы, двум шматдзетным сем’ям), 26 рамонтаў электраправодак (5 адзінокім пажылым і інвалідам 1, 2 групы, 20 адзінока пражываючым пажылым грамадзянам і інвалідам 1, 2 групы, адной шматдзетнай сям’і), устаноўлена і заменена 163 аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў (аднаму ветэрану вайны, 102 адзінокім пажылым і інвалідам 1 і 2 групы, 44 адзінока пражываючым пажылым грамадзянам і інвалідам 1 і 2 групы, 16 шматдзетным сем’ям) і 13 АПА з вывадам на знешнія святло-гукавыя ўстройствы (7 адзінокім пажылым грамадзянам і інвалідам 1 і 2 групы, 6 сем’ям, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы). У тым ліку за кошт сродкаў, выдзеленых на мерапрыемствы па забеспячэнні пажарнай бяспекі Дзяржаўнай праграмы «Сацыяльная абарона» на 2021-2025 гады, выканана 11 рамонтаў пячнога ацяплення, заменены 4 электраправодкі, устаноўлены 50 АПА і 13 АПА з вывадам на знешнія СГУ адзінокім грамадзянам пажылога ўзросту і інвалідам.
Накіроўваемся да Ганны Іосіфаўны Хмялеўскай з г.п. Карэлічы. Яе дом знаходзіцца ў цэнтры гарпасёлка па вуліцы 17 Верасня пад нумарам 13.
Жанчына на пенсіі, ёй мінула за восемдзясят. Жыве адна, два разы на тыдзень, у аўторак і чацвер, да яе наведваецца сацыяльны работнік.
Наводзіць парадак у доме, прыносіць ваду, ходзіць па прадукты ў магазін, па лекі ў аптэку, выпісвае рэцэпты ва ўрача, аплачвае камунальныя паслугі. Да таго ж добрая субяседніца, дапамагае вырашаць праблемы. «Пячнік адрамантаваў печку», — удакладняе пенсіянерка і дадае, што вельмі ўдзячна за аказаную дапамогу.
Ганна Іосіфаўна паведала і пра сваё жыццё. Мае 41 год працоўнага стажу, 33 адпрацавала ў райбыткамбінаце. Сама родам з вёскі Антанёва Ярэміцкага сельсавета. У яе няма дзяцей. Вось толькі адзінокай сябе не лічыць — ёсць сястра і брат, сацработнік наведваецца, дзяржава клапоціцца. У пакоях утульна і светла, вочы радуюць кветкі, і жанчына прадаўжае радавацца кожнаму імгненню жыцця.
«Павінен быць мір…»
Кажуць, у роднай хаце і сцены дапамагаюць. Але гэта тады, калі чалавек сам у сілах справіцца з усімі сваімі абавязкамі. Калі падводзіць здароўе і састарэлыя людзі ўжо не могуць без чыёйсьці дапамогі абысціся, на дапамогу прыходзіць сацыяльная служба. Акрамя таго, у Карэліцкім раёне функцыянуюць медыка-сацыяльныя ложкі пры УАЗ «Мірская гарпасялковая бальніца», бальніца сястрынскага догляду ў аграгарадку Лукі, ДУСА «Жухавіцкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў». На 11 кастрычніка размешчана на медыка-сацыяльныя ложкі 24 чалавекі, у дом-інтэрнат — 5, накіраваны да дзяцей і сваякоў — 92.
Як жывецца на новым месцы, расказвае Вольга Іосіфаўна Хіневіч, удзельнік партызанскага руху. Адзінокая жанчына жыве ў Жухавіцкім доме-інтэрнаце два гады, і ўмовы жыцця яе задавальняюць: асобны пакой, камунальныя зручнасці, чатырохразовае харчаванне, медыцынскае абслугоўванне, праводзяцца мерапрыемствы да свят. У Вольгі Іосіфаўны свой распарадак дня: устае а сёмай гадзіне раніцы, а ідзе да сну а дзявятай вечара, кладзецца адпачыць пасля абеду. «Дзякуй Богу за ўсё, — гаворыць яна, — абы толькі хадзіць на сваіх нагах».
— Жыццё было нялёгкім, — апавядае далей субяседніца. — Брат Валодзя з фронту вярнуўся паранены, у 1957 годзе памёр. Маму падчас блакады ў лесе забілі. Бацька памёр у 1969. Паўстагоддзя адна пражыла, у паляводстве працавала, асабістую гаспадарку трымала. Свайго чалавека не сустрэла, Бог не даў сям’і. На старасці мне тут добра. Стрыечныя пляменніцы часта тэлефануюць.
Напрыканцы сустрэчы Вольга Іосіфаўна адзначыла, што дамы-інтэрнаты павінны быць, бо розныя сітуацыі могуць напаткаць чалавека ў жыцці, і ён можа на схіле гадоў правесці тут свае гады. Слухае па радыё навіны — і кожны раз адзначае, што павінен быць мір на планеце, а паміж людзьмі — любоў і дружба. Беларусь заўжды была міралюбівай краінай, людзі працавітымі. Удзельніца партызанскага руху марыць, каб спакой на роднай зямлі ніколі не быў парушаны.
Як слова ў сэрцы адгукнецца
З пачатку года праведзены 24 пасяджэнні рабочай групы па каардынацыі дзейнасці назіральных камісій пры Карэліцкім райвыканкаме. Пытанні па забеспячэнні бяспечных умоў пражывання разгледжаны ў адносінах да 12 грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў.
З мэтай папярэджання злачынстваў супраць пажылых грамадзян, пажараў і гібелі людзей на іх праводзяцца сельскія сходы (праведзена 82, з іх 9 шырокамаштабных), выступленні на інфармацыйных групах, чытаюцца лекцыі, арганізоўваюцца прагляды відэафільмаў па пажарнай бяспецы. Сацыяльныя работнікі аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва збіраюць інфармацыю аб парушэннях і недахопах па пажарнай бяспецы ў абслугоўваемых грамадзян, якая перадаецца ў інспекцыю дзяржаўнага пажарнага нагляду раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. У сваю чаргу, сацыяльныя работнікі праводзяць сярод абслугоўваемых прафілактычныя гутаркі па пытаннях пажарнай бяспекі. Таксама спецыялісты Цэнтра праводзяць работу з дзецьмі абслугоўваемых грамадзян па прывядзенні домаўладанняў пажылых грамадзян у адпаведнасць з патрабаваннямі пажарнай бяспекі. У 2021 годзе напісана 29 пісьмаў, зроблена 86 тэлефонных званкоў. Аб выяўленых парушэннях пажарнай бяспекі спецыялісты Цэнтра інфармуюць старшынь сельвыканкамаў.
Хочацца нагадаць радкі з верша беларускага паэта Рыгора Барадуліна:
Наведвайце бацькоў,
пакуль яны жывыя.
Пакуль дымяцца коміны —
нагрэйцеся ў бацькоў.
Калі адчай вякоў
гайнёй ваўкоў завые,
Не трэба анікому ён,
сум ля сляпых слупкоў.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ і Вольгі БОГУК