Репа, редька, капуста. Что выращивали и запасали на зиму несколько столетий назад наши предки?
У самым разгары восень. Гэтая пара года асаблівая, таму што ззяе ўсімі фарбамі. Але самае галоўнае, гэта час збору ўраджаю. Нездарма існуе выраз “восеньскі дзень год корміць”. А што вырошчвалі і назапашвалі на зіму некалькі стагоддзяў назад нашы продкі?
З даўніх часоў жыхары Вялікага княства Літоўскага вырошчвалі рэпу, рэдзьку, боб, гарох, мак, капусту, буракі, моркву, пастарнак, гарбузы, хрэн. Цікава, што яго сеялі ў вялікай колькасці. Хрэн з мёдам лічыўся прысмакам. Яго дадавалі ў стравы і елі асобна, а таксама выкарыстоўвалі ў лячэбных мэтах, сушылі на зіму. Для гэтага прамытыя і ачышчаныя карані рэзалі на тонкія лустачкі і ставілі ў печ. Высушаны хрэн таўклі, прасейвалі і захоўвалі ў добра закаркаваных бутэльках. З парашку хрэну выраблялі прыправы накшталт гарчыцы. У пашане сярод агародніны былі цыбуля і часнок. Іх традыцыйна садзілі ў кожным агародзе. Салілі агуркі, фасолю, спаржу, гарох, шчаўе, кроп, пятрушку. Капусту на зіму шаткавалі і квасілі ў дзежках або кадках. Заквашвалі на зіму і буракі. Гэта быў надзейны спосаб захавання гародніны. Некаторыя яе віды марынавалі. Напрыклад, чырвоную капусту, фасолю, дыні – у воцаце. З другой паловы XIX cт. у шляхецкіх маёнтках пачалося актыўнае вырошчванне бульбы. Аднак упершыню яна з’явілася ў Гродзенскай каралеўскай эканоміі ў часы панавання караля польскага і вялікага князя літоўскага Аўгуста III (1736–1763).
У XIX ст., па дадзеных Гродзенскага губернскага статыстычнага камітэта за 1864–1897 гг., у якасці агародных культур значыліся рэпа, буракі, морква, капуста, агуркі, сланечнік, гарчыца, мак, стручковы гарох, сачавіца. А таксама вырошчвалі кавуны, іспалінскую кукурузу, амерыканскі, турэцкі і гавайскі тытунь, кітайскі рэвень і інш. Пашыраліся пасевы ў маёнтках бручкі, фасолі, сельдэрэя, шпіната, парэя.
У шляхецкіх маёнтках быў і аптэкарскі агарод. Там вырошчвалі духмяныя расліны: мяту, чабор, маяран, руту, рамонкі, шалфей, кмін. Нярэдкімі былі эстрагон, бядрынец, любісток, кервель, базілік, буйміна, ракамболь, шпінат, размарын, эндывій, тапінамбур. Напрыклад, эндывій – цыкорыю салатную – звычайна вясной садзілі ў парніку, са з’яўленнем шасці лісткоў перасаджвалі на граду. Для захавання на зіму яе перад маразамі выкопвалі разам з глебай, садзілі ў склепе, дзе адчынялі акно для праветрывання. Каб пазбавіць салату ад горычы, збіралі ўсе яе лісты ўверх і злёгку перавязвалі лыкам. Праз некалькі дзён яны ўсярэдзіне бялелі і станавіліся мяккімі і прыдатнымі для ежы. Восенню збіралі і клалі ў склеп тапінамбур. Самым карысным было яго спажыванне ў свежым выглядзе ранняй вясной, бо ён з’яўляўся крыніцай вітамінаў і карысных рэчываў.
Агародніна на сталах нашых продкаў
Вольга КАЛАСОЎСКАЯ,
навуковы супрацоўнік музея “Замкавы комплекс “Мір”