В сквере Николая Артюха г.п. Кореличи состоялся митинг ко Дню Октябрьской революции

5 лістапада. 12 гадзін. У скверы Мікалаю Арцюху г.п. Карэлічы шматлюдна. На мітынг пад назвай «Гэты дзень у гісторыі нашай краіны» з нагоды Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі сабраліся прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх арганізацый, ветэраны працы, вучні школ райцэнтра, навучэнцы будаўнічага ліцэя.


Старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў адзначыў, што 7 лістапада — значная дата ў летапісе многіх народаў. Пры ўсёй неадназначнасці, несумненным застаецца адно: Кастрычніцкая рэвалюцыя адкрыла новую эпоху ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці. Менавіта таму Беларусь, якая шануе сваё гістарычнае мінулае, не падвергла гэты дзень забыццю і не адправіла на задворкі гісторыі.

Асабіста для прамоўцы ўспаміны пра гэтае свята, як і для многіх прысутных на мітынгу, вельмі дарагія і яркія. Святочныя калоны, дэманстрацыя дасягненняў калектываў, а галоўнае — пачуццё згуртаванасці, салідарнасці, адзінства.
«Браць з мінулага лепшае — залог устойлівага і паступовага развіцця, — адзначае прадстаўнік мясцовай улады. — Наша краіна адбылася як самастойная дзяржава. Але гісторыя беларускай дзяржаўнасці заўсёды была няпростай, і ў многім у барацьбе за суверэнітэт і незалежнасць нам, беларусам, удавалася выстаяць дзякуючы гістарычнай памяці.
У гісторыі сучаснай Беларусі гэтая гістарычная дата, 7 лістапада, стала сімвалам стваральнай працы, павагі да гісторыі і традыцый, імкнення да сацыяльнай справядлівасці. А гэта ёсць галоўныя фактары кансалідацыі беларускага грамадства, і яны так сугучныя з новым святам у беларускім календары — Днём народнага адзінства. З Кастрычніцкай рэвалюцыяй мы звязваем працоўныя дасягненні нашага народа, якія застаюцца прадметам нашага асаблівага гонару.»
Аляксандр Шкадаў выказаў упэўненасць, што слаўны летапіс нашага Карэліцкага краю, дзякуючы таленту, працавітасці, адказнасці, жыццёвай мудрасці яго жыхароў, будзе прымнажацца.
Сакратар Карэліцкай раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі Марыя Беленава нагадала аб тым, што ў гэтым годзе адзначаем 104-ю гадавіну Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, і гэта важнейшая падзея ХХ стагоддзя. Зрабіўшы экскурс у гісторыю, прамоўца нагадала важнейшыя вехі таго часу.
Марыя Уладзіміраўна ў сваёй прамове адзначыла і дасягненні савецкага часу. Асабіста ёй як гісторыку давялося збіраць матэрылы пра людзей навукі, і ў нашым раёне іх аказалася 89 чалавек. «Маладыя людзі хацелі вучыцца», — сказала яна і назвала іх пэўныя дасягненні, якія заслугоўваюць павагі і прызнання.
Партыйны лідар сказала аб тым, што ў юнакоў і дзяўчат таго часу было развіта пачуццё патрыятызму, а сярод герояў таго часу ў большасці былі камуністы і камсамольцы. «Уступалі ў члены партыі, бо былі адданыя ідэі», — запэўніла прамоўца.

Марыя Беленава, нагадаўшы словы Мікалая Астроўскага: «Самае дарагое для чалавека — жыццё, і пражыць яго трэба так, каб не было сорамна за бясцэльна пражытыя гады», заклікала маладое пакаленне памятаць, ведаць, вывучаць гісторыю, быць патрыётамі сваёй краіны. Старэйшаму пакаленню пажадала міру, здароўя, дабрабыту, душэўнай раўнавагі.
Удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да падножжа помніка Мікалаю Арцюху і памятнага знака.У правядзенні мітынгу прыняў удзел намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, старшыня Карэліцкай РА РГА “Белая Русь” Яўген Чычкан.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ