«Я 8 раз кодировался от алкоголизма. Главное — самому захотеть избавиться от пагубной привычки». В Кореличском РОВД встретились с теми, кто вернулся из ЛТП
На базе Карэліцкага раённага аддзела ўнутраных спраў праведзены прафілактычныя мерапрыемствы з удзелам грамадзян, якія стаяць на прафілактычным уліку, а таксама тых, хто вярнуўся з лячэбна-працоўнага прафілакторыя.
«Візіт» у міліцыю
А дзясятай гадзіне раніцы ў Карэліцкім раённым аддзеле ўнутраных спраў збіраюцца запрошаныя на прафілактычныя мерапрыемствы. Розныя па ўзросце, маўклівыя, яны запісваюць свае прозвішчы, ставяць подпісы, займаюць месцы ў зале. На гэты раз яны былі слухачамі. Магчыма, нешта карыснае змогуць знайсці для сябе.
У зале РАУС стаіць цішыня. Яе час ад часу парушае голас прадстаўнікоў праваахоўных органаў. «Заходзьце і запісвайцеся», — звяртаюцца яны да мужчын, якія спыняюцца каля ўваходу ў памяшканне.
«Якія маладыя хлопцы,— адзначаю пра сябе. — Што магло з імі здарыцца? Чаму сышлі з правільнага шляху? Вось бы гэтая сустрэча пайшла ім на карысць».
За лічбамі — жыцці
Старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Карэліцкага РАУС Аляксандр Ульянка адзначае, што сёлета, са студзеня па кастрычнік, у стане алкагольнага ап’янення на тэрыторыі рэспублікі ўчынена 10746 злачынстваў, з іх — 1097 у вобласці, на тэрыторыі раёна — 15. Да адміністратыўнай адказнасці, прадугледжанай артыкулам 19.3 КоАП (распіццё алкагольных напояў ці піва, ужыванне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў альбо іх аналагаў у грамадскім месцы ці з’яўленне ў грамадскім месцы ці на рабоце ў стане ап’янення), прыцягнута 395 чалавек. Аналіз паказвае, што значная колькасць супрацьпраўных дзеянняў учыняецца грамадзянамі, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, зачастую нідзе не працуюць і знаходзяцца на розных уліках аддзела ўнутраных спраў.
Аляксандр Ульянка засяроджвае ўвагу на недапушчальнасці распіцця спіртных напояў, нагадаўшы пры гэтым народную прымаўку: «П’янаму мора па калена». Як і на тым, што толькі 2-3 працэнты злачынстваў учыняюцца цвярозымі, астатнія — у п’яным выглядзе. «Рабіце самі вывады, як дзейнічаць і жыць далей», — гаворыць праваахоўнік. Заклікае звяртацца ў раённы цэнтр занятасці насельніцтва, працаўладкоўвацца, не злоўжываць спіртным.
Вялікая бяда
Алкаголь не шкадуе нікога: ні маладога ці старога, ні багатага ці беднага, ні мужчыну ці жанчыну, — усіх зацягвае ў пастку, з якой няпроста затым выбрацца. Больш таго, пераважная большасць злачынстваў здараецца менавіта ў п’яным выглядзе.
Алкагалізм у сям’і — вялікая бяда. П’е адзін, а пакутуюць усе родзічы. Прапіваюцца заробленыя грошы, учыняюцца бытавыя скандалы, застаюцца па-за ўвагай дзеці — іх лёсы ламаюцца. Якім чынам сям’і не прапасці зусім? Адных праваахоўнікаў і кантролю з іх боку мала, трэба праявіць неабыякавасць акружаючым. Хіба не чуюць суседзі, калі за сцяной плачуць малыя, калі нецвярозы бацька і муж крушыць усё, што трапляецца пад руку? На крайні выпадак трэба выклікаць міліцыю. Магчыма, у наступны раз дэбашыр задумаецца, перш чым скандаліць. Ды і школа не павінна заставацца ў баку, што педагогі і робяць: яны наведваюць сем’і, імкнуцца знайсці прычыну таго, чаму знізілася паспяховасць у вучняў, каб накіраваць іх у правільнае рэчышча.
Дзецям патрэбны мама і тата, іх штодзённыя любоў і клопат. Выпітая чарка, у некаторых выпадках двух бацькоў, да дабра не прывядзе. Горш таго, калі дзеці пойдуць сцяжынкамі бацькоў у будучым. Не дай Бог паўтарыць іх памылкі.
З чыстага ліста
Як расказаў адзін з удзельнікаў сустрэчы ў РАУС, восем разоў ён кадзіраваўся ад алкагольнай залежнасці і ў мэтазгоднасці такога лячэння не ўпэўнены. «Пакуль сам не захочаш весці здаровы лад жыцця, ніякія ўрачы не дапамогуць», — адзначае суразмоўца.
Запрошаных на прафілактычныя мерапрыемствы (а іх 41 чалавек) хвалюе пытанне: «Калі можна зняцца з уліку?» На што ўрач-нарколаг УАЗ «Карэліцкая ЦРБ» Андрэй Савіч адказаў: «Каб зняцца з уліку, патрэбна мінімум год прыходзіць да нарколага і весці нармальны лад жыцця».
Аляксандр Ульянка адзначае, што сёлета ізалявана ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі 24 карэліччаніна, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, летась — 17.
Хочацца спадзявацца, што грамадзяне, якія прыйшлі на сустрэчу, зробяць правільны выбар. Ніколі не позна змяніць жыццё ў лепшы бок, пачаць з чыстага ліста.
Галіна СМАЛЯНКА