Директор усадьбы-музея «Мирский посад» Виктор Сакель и фотограф Лариса Шугля рассказывают о своих творческих планах
Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў XIX Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь» адбылася 17 снежня ў Мінску ў культурна-спартыўным комплексе «Чыжоўка-Арэна». За ўзнагародамі на сцэну паднімаліся і карэліччане.
У намінацыі «Музей года» (паднамінацыя «Прыватныя музейныя ініцыятывы») дыпламантам стаў дырэктар сядзібы-музея «Мірскі пасад» Віктар Сакель.
— Сядзіба-музей «Мірскі пасад» дзейнічае 12 гадоў, — расказвае Віктар. — За гэты час у ёй пабывала каля 6 тысяч турыстаў, не лічачы тых, хто прыязджае адпачыць і пажыць у самой сядзібе.
Нас наведвалі турысты з Расіі, Італіі, Францыі, Германіі, Польшчы, Прыбалтыкі. Найбольш унікальнымі экспанатамі лічу княжацкі ложак з Мірскага замка, пасядзеўшы на якім, можна здабыць здароўе і прыгажосць, а таксама стол і шафу з замка. Найбольш каштоўны аб’ект у яўрэйскім пакоі — медальён прыкладна XIX стагоддзя. У бліжэйшы час планую абнаўляць існуючыя экспазіцыі, бо пастаянна нешта знаходжу сам ці мне прыносяць людзі. Напрыклад, у лістападзе на гарышчы музея, які раней быў карчмой, знайшоў бутэльку царскіх часоў Піваварнага завода братоў Лекерт 1903 года.
Настаўнік пачатковых класаў СШ № 2 г.п. Карэлічы Ларыса Шугля ўзнагароджана дыпломам у намінацыі «Мой родны кут» (паднамінацыя «Фатаграфія).
— Фатаграфіяй я займаюся з 2008 года, — кажа Ларыса. — У маім архіве больш за 10 тысяч здымкаў. У асноўным гэта фота, зробленыя ў Карэліцкім раёне. Любімая лакацыя — рака Нёман і яго наваколлі. Ёсць фатаграфіі з Францыі, Германіі, Балгарыі, Харватыі, Грузіі, Нарвегіі. Але асаблівая мая любоў — гэта Беларусь. Фатаграфія, за якую я атрымала дыплом, зроблена каля Мірскага замка. Я сфатаграфавала драўляны чамадан на фоне замка, і атрымаўся незвычайны малюнак. На маім рахунку — 16 перамог у 8 конкурсах. Самыя значныя з іх — гран-пры конкурсу “Мой родны кут”, які арганізавала газета “СБ. Беларусь сегодня”, “Тыдзень лесу” па лініі Міністэрства лясной гаспадаркі, “Метэагід” па лініі АНТ. Я і далей буду шукаць месцы, якія будуць цікавымі і мне, і арганізатарам фотаконкурсаў. Мару зняць сон-траву ў Карэліцкім раёне, зубра і пабываць на Ельнянскіх балотах, што на Віцебшчыне.
Іна ЛЕЙКА