У Карэлічах на галоўнай дабрачыннай ёлцы дзецям падарылі навагоднюю казку

Напярэдадні навагодніх і калядных свят 90 дзяцей з прыёмных, апякунскіх сем’яў, дзеці з інваліднасцю, выхаванцы сацыяльна-педагічнага цэнтра Карэліцкага раёна і Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі атрымалі падарункі. Большасць з іх прынялі ўдзел у галоўнай дабрачыннай ёлцы раёна, якая праводзілася 29 снежня ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці.

Сапраўды, калі верыць у казку, яна ажыве. І як цудоўна, што ёлку для дзяцей ладзяць дарослыя. Прыходзяць на свята, каб раздзяліць разам з дзяўчынкамі і хлопчыкамі радасць і выказаць найлепшыя словы. Так было і на гэты раз, калі напярэдадні Новага года завіталі на галоўную дабрачынную ёлку раёна парламентарыі і прадстаўнікі мясцовай улады.
— Надыходзіць самае цудоўнае свята, — сказаў намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, старшыня РА ГА «Белая Русь» Яўген Чычкан. — Новы год — дзень дабра, радасці, усмешак. Калі прыходзіць Дзед Мароз, то выконвае пажаданні дзяцей. Яны шчыра ўсміхаюцца — значыць шчаслівыя.
Яўген Мікалаевіч пажадаў ім заставацца такімі заўжды, расці здаровымі, добра вучыцца.


Начальнік упраўлення адукацыі райвыканкама, старшыня Карэлікай РА ГА «Беларускі фонд міру» Ірына Асташэвіч адзначыла, што ўпэўнена крочыць па краіне акцыя «Нашы дзеці», і правядзенне галоўнай дабрачыннай ёлкі — яскравае таму пацвярджэнне. Ірына Валер’еўна выказала дзецям пажаданні моцнага здароўя і выканання жаданняў. «Верце ў цуды — і яны абавязкова збудуцца», — сказала прамоўца.


Удзел у акцыі «Нашы дзеці» назвала добрай справай загадчык сектара рознічнага карпаратыўнага бізнесу ЦБП № 411 ААТ «ААБ Беларусбанк» Наталля Крывапуст і адзначыла, што банкаўскія работнікі імкнуцца падарыць дзяўчынкам і хлопчыкам чараўніцтва і радасць, каб яны маглі адчуваць сябе шчаслівымі.
Свае пажаданні выказалі і парламентарыі. Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Эльвіра Сарока нагадала, што ўжо другі год удзельнічае ў гэтым свяце і рада, бо дзеці падраслі і іх твары свецяцца радасцю. Пажадала, каб іх сэрцы былі заўжды гарачымі і напоўнены дабром і радасцю, ніколі і ніхто не зрабіў іх халоднымі, а 2022 год быў самым шчаслівым.


Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін павіншаваў дзяўчынак і хлопчыкаў з надыходзячым Новым годам. Пажадаў ім моцнага здароўя, добра вучыцца, паважаць бацькоў, любіць родную Беларусь.


… І вось свята пачынаецца. Дзеці збіраюцца каля навагодняй ёлкі. Тут Дзед Мароз і Снягурачка, казачныя героі. Колькі радасці выклікае момант, калі прыгажуня запальваецца! Дзеці пачынаюць весяліцца: адгадваюць загадкі, чытаюць вершы, водзяць карагоды. Іх вочы свецяцца радасцю. Нездарма заўважана: калі верыць у казку, яна ажывае…
У карагодзе каля ёлкі — дзеці і дарослыя. На іх вачах — шчаслівыя ўсмешкі. Сапраўды, Новы год можа тварыць цуды. Ён пакуль яшчэ ў дарозе, а ўжо мары пачынаюць збывацца. Няхай жа збудуцца ўсе!
А якое свята без падарункаў? Шчодрымі на іх аказаліся ганаровыя госці свята, якія ўручылі ўдзельнікам свята грашовыя сертыфікаты, а дзеці атрымалі салодкія падарункі.


Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ

Галіна ЛІСОЎСКАЯ,
педагог сацыяльны
ДУА «Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай»:
— Стала ўжо добрай традыцыяй праводзіць акцыю «Нашы дзеці», да якой праяўляюць цікавасць парламентарыі і кіраўнікі раёна. І гэта радуе: атмасфера на дабрачыннай ёлцы цёплая і душэўная. Мы бачым шчаслівыя твары дзяцей, і няхай так будзе заўжды. Няхай зарад энергіі і дабра захаваецца ў іх сэрцах на працягу ўсяго года, а навагодняя зімовая казка застанецца ў іх памяці надоўга.

Ганна ГАЛЯНЕЎСКАЯ,
вучаніца 1 «А» класа
ДУА «Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай»:
— У нашай сям’і — трое дзяцей, я — самая малодшая. У нас сям’я —дружная. Люблю маляваць і гуляць. Новы год чакаю, на гэтае свята атрымліваю падарункі. На ёлцы мне вельмі спадабалася.


Ірына ГАЛЯНЕЎСКАЯ,
маці траіх дзцей, жыхарка г.п. Мір:
— Цудоўнае свята. Хочацца выказаць словы ўдзячнасці яго арганізатарам. Атрымала шмат станоўчых эмоцый. На нейкі момант мне падалося, што я ў навагодняй казцы і адчула сябе зноў дзіцем. Няхай казка ніколі не заканчваецца!