В Кореличском районном краеведческом музее открылась выставка дизайнерских новогодних елок
У Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі адкрылася выстава дызайнерскіх навагодніх прыгажунь ад устаноў адукацыі, арганізацый і прадпрыемстваў раёна.
— Да адкрыцця гэтай выставы мы рыхтаваліся цэлы год, — расказвае дырэктар музея Дзмітрый Арцюх. — Нават арганізавалі конкурс сярод устаноў адукацыі, прадпрыемстваў і арганізацый, якія, дарэчы, гэтую ідэю з радасцю падтрымалі. Цяпер на выставе прадстаўлена больш за 60 работ.
Сапраўды, маштабы і арыгінальнасць выставы ўражваюць. Сюды лепш прыходзіць увечар, калі ўсе дрэвы блішчаць агеньчыкамі, некаторыя яшчэ і музычныя. Першая цырымонія ўключэння ялінак прайшла ўрачыста. У музей прыйшлі другакласнікі з сярэдняй школы № 1 райцэнтра. Захапленню дзяцей не было межаў.
Вучаніца другога «Б» Мілана Буцкевіч хутка знаходзіць на выставе сваю ёлку і расказвае, што майстравала яе разам з мамай з фарміяну з дапамогай клею-пісталета, упрыгожыла стразамі і каралямі. Яе аднакласніца Маргарыта Кергет вырабіла навагодняе дрэва з бабуляй. Ім спатрэбіліся кардонная падстаўка, мішура, вата, сняжынкі і ёлачныя цацкі.
Мабыць, адно з самых арыгінальных навагодніх дрэў зрабілі на Карэліцкім ільнозаводзе. Майстар завода Святлана Клімовіч і рабочая Алена Іванова выкарысталі льняное валакно, з якога змайстравалі 140 пампонаў. Кожны яны прышывалі да каркаса, звязвалі паміж сабой, вешалі цацкі. «Лён — гэта наш брэнд і гонар, таму і ёлка такая арыгінальная атрымалася», — кажа Святлана.
Работнікі і наведвальнікі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прадставілі на выставу «Бабкіну ўлётную ёлку» — сімпатычную Бабу Ягу, якая вельмі нагадвае галоўны сімвал свята і ўпрыгожана цацкамі.
Работнікі племзавода «Карэлічы» таксама праявілі фантазію: разрэзалі трубу на кольцы, якія змацавалі клеем, і забяспечылі прыгажуню падсветкай і музыкай.
У СВК «Свіцязянка-2003» таксама атрымаўся арыгінальны выраб, які складаецца з ільняной ніткі.
У ДП «Малюшычы» для вырабу выставачнага экспаната выкарысталі акварыум, запоўнены вадой і забяспечаны падсветкай, а ёлку зрабілі з макаронаў.
Па-сапраўднаму беларускай і аўтэнтычнай атрымалася ёлка ў майстроў раённага Дома рамёстваў, якія выкарысталі саломку.
У музей абавязкова варта зазірнуць тым, хто шукае арыгінальныя навагоднія фотазоны для сэлфі ці агульнага памятнага фота.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара