Карэліччане разважаюць аб значнасці рэферэндума

Чаму я пайду на рэферэндум?

Ніна СВІРЫД,

спецыяліст па паштовай дзейнасці УПС «Карэлічы-1» Карэліцкага ўчастка паштовай сувязі Лідскага рэгіянальнага ўчастка паштовай сувязі Гродзенскага філіяла РУП «Белпошта»:

— Абавязкова пайду на рэферэндум. Я выступаю за тыя змены, якія вызначаны ў Канстытуцыі.

Я і мая сям’я заўсёды адчувалі клопат дзяржавы. Мы атрымалі льготны крэдыт, дзякуючы яму змаглі давесці дом да ладу, зрабіць у ім добры рамонт. Як маці траіх дзяцей мела пэўныя льготы.

Лічу, што на рэферэндум трэба абавязкова прыйсці, каб мой голас быў улічаны. Свой абавязак бачу ў штодзённай працы. Каб жыць заможна, трэба працаваць — у гэтым пераканалася на ўласным вопыце.

 

Анастасія КЕРГЕТ,

цырульнік Карэліцкага Дома быту,

шматдзетная маці:

— Прыняць удзел у рэферэндуме — абавязак кожнага грамадзяніна. Ад кожнага голасу залежыць канчатковы вынік і тое, якое жыццё выберам. У  Асноўным Законе маюцца змяненні і дапаўненні. Мы не стаім на  месцы, у жыцці многае мяняецца, мы сталі іншымі. Трэба аддаць свой голас — унесці  ўклад у агульную скарбонку заўтрашняга дня дзяржавы.

Заўсёды было і застаецца відавочным, што наша галоўнае багацце — стваральная праца. Справу цырульніка лёгкай не назаву, да кожнага кліента трэба знайсці падыход, каб ён быў задаволены абслугоўваннем. Так ва ўсіх працуючых: на рабочым месцы неабходна рабіць шчыра і самааддана ды любіць сваю справу. Тады будзем жыць у дастатку, і наша краіна будзе багатай. Дзяржава ў сваю чаргу клапоціцца пра нас:  своечасова атрымліваем заработную плату, дапамогі на дзяцей, выплаты па лістках непрацаздольнасці і іншае. Чаму б нам яшчэ самім не быць гаспадарамі свайго лёсу?

 

Аляксандр КНЫШ,

трактарыст ААТ «Карэлічы-Лён»:

— На рэферэндум пайду з жонкай Алёнай. Мы ніколі не мінаем такіх важных падзей, якія адбываюцца ў нашай краіне. Усім сэрцам люблю сваю Айчыну і перажываю тое, што тут адбываецца. Мару, каб усё і заўсёды ў ёй было добра, ціха і спакойна.  Каб людзі жылі пад мірным небам, і мір на зямлі ніколі і нікім не быў парушаны. Каб мая родная Беларусь з кожным годам усё больш квітнела.

Я люблю Карэліччыну. Тут нарадзіўся, вырас, працую. Выконваю абавязкі  сумленна, і вельмі рады, што мая праца прызнана. Што датычыць  Канстытуцыі, то перакананы, што змены патрэбныя.  Час мяняецца, і трэба трымаць руку на  пульсе. А голас, які кожны з нас аддасць на рэферэндуме, дапаможа прыйсці да агульнай высновы: у якой краіне жыць, працаваць, выхоўваць дзяцей. Таму кожны з нас павінен зрабіць свой выбар.

Вядучая рубрыкі Галіна СМАЛЯНКА