21 лютага — Дзень работнікаў землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службы. Намеснік начальніка аддзела землеўпарадкавання Карэліцкага райвыканкама Ірына Чачотка расказвае пра выкарыстанне зямлі ў раёне

21 лютага ў Беларусі адзначаецца Дзень работнікаў землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службы. Гэтае прафесійнае свята зацверджана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 верасня 2001 года № 505.

Журналіст раённай газеты «Полымя» гутарыць з намеснікам начальніка аддзела землеўпарадкавання Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Ірынай Уладзіміраўнай ЧАЧОТКАЙ.

 — Якія функцыі ўскладзены на раённую землеўпарадкавальную службу?

— Галоўнай задачай землеўпарадкавальнага аддзела з’яўляецца ажыццяўленне дзяржаўнага рэгулявання ў галіне зямельных адносін, аховы і выкарыстання зямель на тэрыторыі раёна. Функцый шмат: ажыццяўленне адміністрацыйных працэдур, выконваемых дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян; разгляд зваротаў грамадзян рознага характару, у тым ліку зямельных спрэчак; разгляд матэрыялаў па адабранні і прадастаўленні зямельных участкаў, прадаўжэнне тэрмінаў карыстання зямельнымі ўчасткамі, правядзенне ўзгадненняў гэтых матэрыялаў з зацікаўленымі асобамі; разгляд пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўпарадкавання раёна; праверка захавання зямельнага заканадаўства ў галіне аховы і выкарыстання зямель фізічнымі і юрыдычнымі асобамі раёна; прадастаўленне падатковым органам звестак аб наяўнасці зямель, у тым ліку з указаннем іх функцыянальнага выкарыстання і мэтавага назначэння; збор звестак, зацвярджэнне кадастравай ацэнкі зямель раёна і многія іншыя спецыфічныя функцыі ў галіне зямельных праваадносін згодна з зямельным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

 — Якія асноўныя накірункі ў працы?

— Накірункі ў працы розныя. Ва ўмовах часу новых тэхналогій паток інфармацыі толькі павялічваецца. Расце патрэба ўліку і пераразмеркавання зямель, прадастаўлення звестак аб падатках на зямлю, дакладнасці вылічэння плошчаў зямельных участкаў, афармлення правоў на зямельныя ўчасткі грамадзян і юрыдычных асоб для розных мэт і г.д. Пастаянна неабходна афармляць землеўпарадкавальныя справы для выдачы дакументаў на зямельныя ўчасткі.

 — Як выкарыстоўваецца зямля ў раёне? Ці шмат жадаючых набыць яе? Ці існуе чарга на атрыманне зямельнага ўчастка пад будаўніцтва жылога дома?

— У выніку кантрольнай дзейнасці выяўляюцца некаторыя невялікія плошчы земляў сельскагаспадарчых арганізацый, якія павінны выкарыстоўвацца, але па нейкіх прычынах не выкарыстоўваюцца. Па прадпісаннях землеўпарадкавальнага аддзела яны тэрмінова ўводзяцца ў сельскагаспадарчы абарот. Але гэта — хутчэй рэдкасць. Усе землі раёна выкарыстоўваюцца па назначэнні. У асноўным афармляюцца зямельныя ўчасткі для абслугоўвання існуючых жылых дамоў, будынкаў, пабудоў. Ёсць цікавасць прадпрымальных і працаздольных грамадзян узяць больш зямлі для вядзення сялянскай (фермерскай) гаспадаркі. Так, у 2021 годзе ў рамках пашырэння існуючых гаспадарак і адводу новых зямель дзвюм  фермерскім гаспадаркам прадастаўлены 31 га зямлі, грамадзянам Цырынскага сельсавета для расшырэння асабістай падсобнай гаспадаркі — 6 га зямлі. Ёсць людзі, якія гатовыя і хочуць працаваць на зямлі сваімі рукамі.

Чарга на атрыманне зямельных участкаў існуе толькі ў г.п. Мір. Ва ўсіх сельсаветах і г.п. Карэлічы ёсць свабодныя зямельныя ўчасткі для будаўніцтва аднакватэрных жылых дамоў. У цяперашні час зарэгістраваны зямельны ўчастак у г.п. Мір пад квартал «Звёздный». Пасля пракладкі камунікацый будуць сфарміраваны ўчасткі пад забудову і г.п. Мір. Чаргі не будзе ўвогуле.

Пазнаёміцца з пералікам свабодных (незанятых) зямельных участкаў магчыма на афіцыйным сайце Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта ў раздзеле «Нерухомасць» — «Зямельныя ўчасткі».

— Безгаспадарлівасць — адна з рыс, якая не з лепшага боку характарызуе гора-гаспадароў. Як часта рэйдавыя праверкі дапамагаюць  выявіць іх, і як можна паўздзейнічаць? Колькі праверак па захаванні зямельнага заканадаўства праведзена ў 2021 годзе?

— Праводзяцца праверкі па выкарыстанні зямельных участкаў, прадастаўленых новым забудоўшчыкам. Складаюцца пратаколы за невыкарыстанне зямельнага ўчастка пад будаўніцтва жылога дома, а таксама за яго зарастанне пустазеллем.

Усяго аддзелам праведзена 5 маніторынгаў сельскагаспадарчых арганізацый раёна, 11 праверак захавання зямельнага заканадаўства, пры гэтым складзена і разгледжана 8 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях. Работа наладжана і вядзецца пастаянна. У выпадку выяўлення парушэнняў прымаюцца адпаведныя меры па іх ліквідацыі.

Хацелася б адзначыць, што грамадзянамі раёна, асабліва ў сельскай мясцовасці, іншы раз выкарыстоўваецца зямля большай плошчы, чым аформлена ў дакуменце на зямлю (пасведчанне аб рэгістрацыі зямельнага ўчастка). Калі аформлена, напрыклад, 0,25 гектара, то і выкарыстоўваць неабходна гэтыя 0,25 га для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома. Інакш гэта факт самавольнага заняцця зямельных участкаў, незахавання іх межаў і (альбо) мэтавага назначэння.

Узнагарода за працу
У 2021 годзе за добрасумленную і плённую працу ў галіне землеўпарадкавання намесніку начальніка аддзела землеўпарадкавання Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Ірыне Уладзіміраўне ЧАЧОТКА аб’яўлена ПАДЗЯКА старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Анжалікі ЗАБРОДСКАЙ