5 падзей тыдня вачыма начальніка арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Наталлі Саматыі

  1. Першы алімпійскі медаль беларусаў

8 лютага першы сярэбраны медаль у Пекіне заваяваў біятланіст Антон Смольскі ў індывідуальнай гонцы на 20 км. Нягледзячы на няпростыя ўмовы: калючы мароз, бязлітаснае сонца і разрэджанае горнае паветра, наш атлет апынуўся на другой прыступцы алімпійскага пастамента побач са знакамітымі сапернікамі — французам Кентэнам Фіён-Мае і легендарным нарвежцам Ёханесам Бё. Ганарымся і хварэем за нашых!

  1. Падрыхтоўка да рэферэндуму

Напярэдадні значнай для беларусаў падзеі 9 лютага ў Гродзенскім аблвыканкаме адбыўся семінар па падрыхтоўцы да правядзення найважнейшай палітычнай кампаніі — Рэспубліканскага рэферэндуму з удзелам намесніка міністра ўнутраных спраў Генадзя Казакевіча. Асаблівая ўвага ў час абмеркавання была ўдзелена пытанням забеспячэння аховы грамадскага парадку і бесперабойнай работы ўчасткаў для галасавання падчас правядзення рэферэндуму, каб кожны грамадзянін мог спакойна прыйсці і аддаць свой голас за будучыню нашай краіны.

8 лютага Карэліцкім райвыканкамам быў праведзены семінар-вучоба з кіраўніцтвам участковых камісій па рэферэндуме. Усе арганізацыйныя мерапрыемствы праведзены ва ўстаноўленыя каляндарным планам тэрміны і ў адпаведнасці з патрабаваннем Выбарчага кодэкса.

  1. Беларуска-расійскія вучэнні «Саюзная рашучасць-2022»

Цяпер на фоне няпростых міжнародных адносін як ніколі актуальна падтрыманне і развіццё ваеннай арганізацыі дзяржавы. Асноўныя мэты ваеннай палітыкі Рэспублікі Беларусь — падтрыманне міжнароднага міру і бяспекі, прадухіленне пагрозы развязвання вайны і забеспячэнне гарантыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь ад магчымых ваенных пагроз.

Таксама і сумесныя вучэнні Расіі і Беларусі праводзяцца з мэтай адпрацоўкі задач па спыненні і адбіцці знешняй агрэсіі і абароны інтарэсаў Саюзнай дзяржавы, а не для ваеннага ўварвання на тэрыторыі суседніх дзяржаў, нягледзячы на неаднаразовыя правакацыі з боку суседзяў.

  1. Стыхійны гадавальнік для сабак у в. Барацін

Відэа, якое з’явілася ў інтэрнэце, знятае ў гадавальніку для жывёл у в. Баранцін, не можа пакінуць абыякавым нікога. Змучаныя, галодныя, сабакі жывуць у клетках. Яны даведзены да такога стану прагай нажывы і жорсткасцю чалавека, — гэта недапушчальна і недаравальна.

Пытанне абароны жывёл, лічу, павінна быць максімальна ўрэгулявана на заканадаўчым узроўні і вельмі рада, што Прэзідэнт у Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу падтрымаў распрацоўку законапраекта аб абароне жывёл і гатовы «спрыяць прыняццю дакумента па-за тым планам, які зацверджаны Прэзідэнтам, і прыводзіць яго ў жыццё».

  1. COVID-19

На працягу некалькіх тыдняў мы назіраем значны рост хворых на каранавірус, а, адпаведна, і павелічэнне нагрузкі на медустановы. Цяпер паліклінікі працуюць у выхадныя дні, урачы выязджаюць да пацыентаў дадому, і, нягледзячы на ўсе выклікі пандэміі, забяспечваюць лячэнне кожнаму, каму яно неабходна. Выказваю словы вялікай падзякі ўсім нашым медработнікам за самаадданую працу, жадаю моцнага здароўя і поспехаў.