61 год живут вместе Анатолий Васильевич и Ирина Михайловна Жигалко из деревни Ятвезь

Невялікая вёсачка Ятвезь месціцца ў маляўнічым месцы: вакол буйнеюць багатыя на дары лясы, да возера Свіцязь — рукой падаць. Жывуць у ёй выдатныя людзі —  Анатоль Васільевіч і Ірына Міхайлаўна Жыгалка. Яны сустракаюць мяне на парозе з радасцю: “У нас сёння 61 год з дня вяселля. Вось і добра, што вы ў госці да нас».

Віншую мужа і жонку і думаю пра тое, які ж дзіўны і складаны лёс у гаспадара гэтага дома, які бачыў вайну, перажыў смерць аднавяскоўцаў, бацькі і роднага брата, у 12 гадоў стаў за плуг, а ў 15 пайшоў у калгас, каб працаваць ад цямна да цямна, а калі ў 1972 годзе атрымаў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, на сцэне Лідскага гарадскога Дома культуры сціпла сказаў: «Напэўна, я яго заслужыў».

— Нарадзіўся і вырас я тут, у Ятвезі, у гэтым самым доме, — расказвае Анатоль Васільевіч. — Сям’я ў нас была немаленькая: дзед з бабуляй, мама і бацька, я старэйшы, потым брат і сястрычка. Было ў нас тры дзесяціны зямлі, конь, карова. Увогуле, жылі як усе, не шыкавалі. Як пачалася вайна, памятаю добра. Мы з хлапчукамі пайшлі на бераг Свіцязі пасвіць коней і вырашылі пакупацца. Раптам пачулі гул самалёта і ўбачылі на ім дзіўныя чорныя крыжы. Вельмі хутка да нас прыбеглі бацькі і сказалі, што пачалася вайна. Неўзабаве пачалі бамбіць Баранавічы, мы чулі выбухі і хаваліся ў склепе. Немцаў мы ўбачылі ў 1941-м. У адзін з дзён яны праводзілі карную аперацыю ў нашай вёсцы. Мужчын прыкладамі пагналі ў бліжэйшы лясок і расстралялі 15 чалавек. Майго дзядзьку Антося таксама забілі, калі ён вяртаўся з Парэчча ад сястры. Частку дамоў у вёсцы падпалілі. Усю вайну мы жылі ў страху, увесь час хаваліся то ў склепе, то ў лесе. Майго бацьку Васіля Іосіфавіча ў 1944 годзе забралі на фронт, а ў кастрычніку з Усходняй Прусіі прыйшла пахаванка, што ён загінуў, падарваўся на міне. Так засталася мая маці адна з трыма дзецьмі на руках.

Толькі пасля вайны Анатоль пайшоў у першы клас. Вучыўся ў асноўным позняй восенню і зімой, увесь астатні час працаваў на зямлі: прыйшлося стаць за галоўнага ў хаце. У 12 гадоў стаў сапраўдным гаспадаром: сам хадзіў за плугам, баранаваў, касіў, майстраваў. Скончыўшы сямігодку, у 15 гадоў уладкаваўся ў калгас і стаў зарабляць. Усё да капейкі аддаваў маці: хто ж яшчэ ёй дапаможа, хто падтрымае ўдаву, якая і дома працавала не пакладаючы рук і ў калгас хадзіла спіну ламаць. У 18 гадоў адправіўся ў войска, служыў на флоце. Тады і здарылася яшчэ адна непапраўная трагедыя: 13-гадовы брат Вадзім загінуў ад выбуху снарада, які маленькія пастушкі знайшлі ў полі. Аб тым, каб вучыцца пасля дэмабілізацыі, ужо і гаворкі не ішло, і Анатоль вярнуўся ў роднае сяло. Пайшоў на курсы механізатараў, адвучыўся і пачаў шчыраваць.

— З 1965 па 1994 год працаваў на трактары. Бывала, раніцай яшчэ зацемна пайду і ноччу вярнуся. Здаралася, што і суткамі ў полі заставаўся. Трактары ж не такія былі, як зараз…

Ірына Міхайлаўна ўважліва слухае і ківае, маўляў, амаль дома і не бываў. Беражліва трымае ў руках мужніны ўзнагароды: Грамату Вярхоўнага Савета БССР, падпісаную самім старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Сяргеем Прытыцкім, чырвоную каробачку з ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медаль Леніна…

— Праўнукі як прыедуць, усё глядзяць на дзедавы медалі. А сын, калі маленькі быў, часам прычэпіць ордэн і на вуліцу выйдзе, як герой, расказвае, які ў яго бацька.

За размовай суджэнцы ўспамінаюць, як пазнаёміліся ў Міратыцкім клубе на танцах.

— Ой, яна вельмі ганарлівая была! Бывала, падыдзеш запрасіць на танец, а яна: «Я занятая». Але я настойлівы быў, умеў свайго дабіцца. Праз год вяселле згулялі: тры дні ў Ятвезі гулялі, потым яшчэ тры ў Міратычах. Трое дзяцей у нас, два сыны і дачка, шэсць унукаў і пяць праўнукаў. Цэлы калгас, — смяецца Анатоль Васільевіч.

— Як пражыць разам столькі гадоў? — цікаўлюся ў мужа і жонкі.

— Працаваць трэба пабольш, — пераканаўча кажа гаспадар. —  Тады не будзе калі шукаць адзін у аднаго недахопы і на сваркі часу не будзе.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара