Арт-терапия для пожилых. Мастерицы из деревни Стрельники превращают обычное полотно с помощью иголки и ниток в неповторимое
Карэліччына заўсёды была багатай на таленты. Яшчэ бабулі і матулі імкнуліся знайсці сабе захапленне па душы. Іх рукі тварылі сапраўдныя цуды, у свае вырабы яны ўкладвалі ўсю душу. Нават праз гады не страцілі сваёй прыгажосці і самабытнасці сапраўдныя народныя шэдэўры.
Наш візіт у вёску Стрэльнікі Красненскага сельсавета быў невыпадковым. Тут жывуць сёстры-рукадзельніцы Капіталіна Антонаўна Кохан і Тамара Антонаўна Ліпская. Яны не толькі душой прыкіпелі да роднага куточка, але ўсё жыццё сумленна працавалі і стваралі сваімі рукамі прыгожыя вышыванкі.
ВАСІЛЬКОВАЕ ПОЛЕ
Капіталіна была старэйшай у сям’і. Выйшла замуж у вёску Бушкі. Пабудаваліся — і вярнуліся ў Стрэльнікі. Муж Іван Іванавіч аказаўся чалавекам добрым і майстрам на ўсе рукі. Ён і шафёр, і трактарыст. Працаваў у мясцовым калгасе. Пражылі з ім пяцьдзясят сем гадоў.
Капіталіна Антонаўна размяняла дзявяты дзясятак — ёй восемдзясят тры. Рабіла звеннявой па лёну і малаказборшчыцай. Разам з мужам выхавалі траіх дзяцей.
У вёсцы вольнага часу тады шмат не было. Жанчыне даводзілася круціцца як вавёрцы ў коле: праца, дом, гаспадарка, дзеці. Вось толькі яна старалася знайсці хвілінку-другую, каб заняцца любімай справай.
— Вышывала пакрывалы, навалачкі, прасціны, сурвэткі, — успамінае майстрыха. — Ад свайго занятку атрымлівала вялікае задавальненне. Паляпшаўся настрой, і дзённую стому як рукой здымала. Асабліва любіла вышываць кветкі. Выйду на грудочак, а там — васількі ды рамонкі, аж дух захоплівае. Ну як іх потым не перанесці пры дапамозе іголкі і нітак на палатно? Ды каля хаты розныя кветкі цвілі. Не шкадавала свае вырабы, дарыла іх сваякам і сябрам. Не адмаўляла тым, хто цікавіўся майстэрствам. Не толькі апавядала аб яго простых сакрэтах, але прапаноўвала і вышытую карціну.
Зараз Капіталіна Антонаўна жыве ўспамінамі пра тыя далёкія гады. Не раз перабярэ ў памяці да драбніц цікавыя моманты з маладосці. Які быў цудоўны час — не адняць і не дадаць. Хор пры Тудараўскім сельскім клубе існаваў, хадзілі з мужам, ён танцаваў кадрылю, яна спявала песні.
…Цяпер у вёсцы Стрэльнікі людзей жыве няшмат, усе маюць багаты ўзрост. Дапамагаюць адзін аднаму, дзяцей і ўнукаў чакаюць у госці. Разам радуюцца надыходу новага дня.
ВЯЛІКІ СКАРБ
Тамара закончыла Дзятлаўскую школу павароў і працавала па абранай спецыяльнасці ў сталовай мясцовага калгаса. Гэтай справе яна прысвяціла трыццаць два гады.
Была ў дзяўчыны мара — навучыцца вышываць. Вельмі падабаліся вырабы, якія стваралі рукі старэйшай сястры.
— Я вучылася ў Капіталіны, — гаворыць жанчына. — На першым часе не атрымлівалася, але ж яна мяне навучыла. Напачатку асвойвала крыжык, потым гладзь. Дала сабе слова: «Буду вышываць як мама і сястрычка», і яго стрымала — авалодала гэтым сямейным майстэрствам дасканала.
Для Тамары Антонаўны вышыўка стала любімай справай. Пры гэтым занятку яна заспакойваецца, адыходзяць дрэнныя думкі.
— Гэта мой скарб, — прадаўжае майстрыха і паказвае вышытыя пакрывалы на ложкі, сурвэткі пад тэлевізар, ручнікі. Многія рэчы вышыты на саматканым палатне, якое ткала ў тыя далёкія гады цётка Надзея Васільеўна Шэўка.
Майстрыха не хавае свайго добрага настрою: «Праўда, цудоўна, як на вячорках?» Навокал разасланы вышыванкі — яны кранаюць душу і радуюць вочы.
— Чаму ж усё-такі вышываеце? — пытаюся ў яе.
— Прыемна стварыць гэты скарб сваімі рукамі. Цэлы працэс: зняць узор, падабраць ніткі, знайці патрэбную іголку, узяць напарстак — і за справу! Прыемна, калі атрымліваеш у канцы працы вось такую прыгажосць, ад якой самой не хочацца адвесці вачэй.
Як прызналася рукадзельніца, яна любіць усё прыгожае на зямлі. Не за гарамі — вясна, яе прыходу дачакаецца, і тады Тамара Антонаўна пасадзіць каля хаты кветкі: вяргіні, астры, цюльпаны, гладыёлусы… Няхай яны растуць і радуюць сэрца…
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ