На ўчастак для галасавання № 1 у Карэлічах выбаршчыкі ідуць актыўна

Участак для галасавання № 1 размешчаны па вуліцы Гастэлы, 2 у памяшканні дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы». Накіроўваемся сюды ў 10 гадзін, каб сустрэцца з першымі выбаршчыкамі. Чакаць іх асабліва не давялося — карэліччане ідуць сем’ямі, пенсіянеры, моладзь.
Адразу звярнуліся да Ліліі Арцюх, якая працуе на ўчастку назіральнікам ад прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. Лілія Канстанцінаўна адзначыла, што з’яўляецца назіральнікам падчас выбарчых кампаній некалькі гадоў запар, і сёлета на рэферэндуме карэліччане праяўляюць актыўнасць. Галасаванне праходзіць спакойна і адкрыта, згодна з заканадаўствам і Выбарчым Кодэксам Рэспублікі Беларусь. Прыняты антыкавідныя меры. Для выбаршчыкаў маецца інфармацыйны стэнд, на ім размешчаны афіцыйныя матэрыялы па правядзенні рэферэндуму.
Гутарым з выбаршчыкамі, якія ахвотна дзеляцца сваімі думкамі і меркаваннямі.

Ірына і Мікалай ЮРЭВІЧЫ,
жыхары г.п. Карэлічы:
— Мы прыйшлі аддаць свой голас за будучае, наш спакой, дзяцей, унукаў, падрастаючага пакалення, за росквіт роднай Беларусі. Таму прыйшлі прагаласаваць датэрмінова, хацелася найхутчэй выканаць свой грамадзянскі абавязак — прыняць удзел у рэферэндуме і зрабіць свой выбар.

Міхаіл СТРАШКО,
пенсіянер, г.п. Карэлічы:
— Галасую за тое, каб усё было добра ў любай сэрцу Беларусі. Каб існавалі мір і спакой, парадак на зямлі, дастатак у кожным доме, каб людзі мелі працу і дастойны заробак. А галоўнае, каб усе былі здаровыя і клапаціліся пра сваё здароўе, вось аб гэтым сказана ў новай Канстытуцыі.


Лілія ШАХОЎСКАЯ,
ветэран працы, г.п. Карэлічы:
— Я за новую Канстытуцыю, за змены ў грамадстве. За мір і спакой на зямлі, дабрабыт беларускага народа. Як медык з 50-гадовым стажам хачу, каб адышла пандэмія, каб людзі не хварэлі, а маглі сустракацца і гутарыць. У мяне дачка, зяць, нявестка працуюць урачамі, ім жадаю здароўя і каб яны маглі далей служыць людзям. Моладзі таксама зычу быць здаровымі, гэта наша будучыня. Ім жыць, працаваць, абараняць краіну, выхоўваць дзяцей, быць шчаслівымі.


Аляксандр КАНДРУСІК,
падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы, г.п. Карэлічы:
— Асабіста для мяне гэта важная падзея. Абнаўленне Канстытуцыі патрэбна, жыццё мяняецца, і патрэбны змены. Згодны з тым, што трэба ўдзяляць увагу такім пытанням, як захаванне гістарычнай памяці, выхаванне патрыятызму ў моладзі, інстытуту сям’і. Мы павінны зрабіць свой выбар дзеля заўтрашняга дня, шчаслівага жыцця дзяцей. Яны — прадаўжальнікі нашых лепшых традыцый і пачынанняў, а таксама заснавальнікі новага і перадавога.


Валянціна СІНКЕВІЧ,
майстар змены ААТ «Карэлічы-Лён»:
— Я прышла на выбарчы ўчастак, каб прагаласаваць за новую Канстытуцыю. Лічу гэта сваім грамадзянскім абавязкам. Гэтая Канстытуцыя нам патрэбная, каб мы жылі ў міры, згодзе, дабрабыце. Каб маглі прачнуцца і не баяцца за новы дзень, у якім не будзе грукату снарадаў і боязі за дзяцей і ўнукаў. Я — за стабільнасць работы прадпрыемства, за тое, каб у людзей была праца і заробак, каб яны жылі з верай і ўпэўненасцю ў будучае.

 

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Анжалікі ЗАБРОДСКАЙ