У Карэлічах праведзены мерапрыемствы, прысвечаныя Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў
15 лютага. На мемарыяльным комплексе «Зорка» ў райцэнтры збіраюцца ветэраны вайны ў Афганістане, прадстаўнікі мясцовай улады, працоўных калектываў, парламентарыі, святары, ветэраны працы, моладзь раёна. Тут праводзіцца мітынг-рэквіем «Да подзвігу герояў сэрцам дакранёмся», прысвечаны Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Слова прадастаўляецца старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Генадзію Шатуеву. «Вайна ў Афганістане прадаўжалася 9 гадоў, 1 месяц і 18 дзён, — сказаў прамоўца. — Звыш 14 тысяч савецкіх воінаў загінулі на чужой зямлі, 6 тысяч памерлі ад ран, 311 чалавек прапалі без вестак. Гэта былі самыя вялікія страты Савецкай Арміі з часоў Вялікай Айчыннай вайны. 33 гады аддаляе нас ад тых падзей, аднак памяць пра вайну па-ранейшаму болем адгукаецца ў сэрцах маці, бацькоў, дзяцей тых юнакоў, якія вярталіся дамоў «грузам-200».
Звяртаючыся да воінаў-інтэрнацыяналістаў, Генадзій Мікалаевіч адзначыў, што для іх і іх блізкіх тыя гады былі незвычайна суровымі. Але нягледзячы на выпрабаванні вайной і малады ўзрост, яны да канца засталіся вернымі прысязе і воінскаму абавязку. Сёння схіляем галовы перад нашымі землякамі, ураджэнцамі Карэліччыны, загінулымі ў Афганістане і памерлымі ад ранаў.
Праз вайну ў Афганістане прайшло больш 150 чалавек з Карэліцкага раёна. 4 жыхары раёна загінулі пры выкананні воінскага абавязку. Сярод іх — Георгій Анатольевіч Татур, Мікалай Іванавіч Кузьміцкі, Васілій Мікалаевіч Федарака, Сяргей Пятровіч Філончык. Усе чацвёра за мужнасць і гераізм пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баявых дзеяннях на афганскай зямлі, 6 нашых ваеннаслужачых удастоены баявых ордэнаў, 17 — узнагароджаны медалямі «За адвагу» і «За баявыя заслугі».
— На працягу 33 гадоў у вашым жыцці адбыліся значныя змены. Многія з вас ужо на заслужаным адпачынку, але апаленыя вайной рукі і сэрцы не ведаюць стомы. Вы як заўсёды на перадавой лініі, у першых радах нашых памочнікаў. Моцнага вам здароўя, асабістага сямейнага шчасця, утульнасці і дастатку ў вашых дамах, — сказаў Генадзій Шатуеў.
На мітынгу сярод удзельнікаў былі член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Эльвіра Сарока і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін. У сваю чаргу Аляксандр Генрыхавіч назваў вайну жудасным словам нават для ўспрыняцця. Воіны-афганцы могуць расказаць аб гэтай трагедыі, але найчасцей маўчаць, адчуваючы невыносны боль ад таго, што ім давялося перажыць. Пажадаў ім здароўя, моцнага духу, дабрабыту, а моладзь заклікаў зрабіць усё магчымае для таго, каб мірная Беларусь заставалася з намі назаўжды.
Ведучы гаворку аб Афганскай вайне, старшыня Карэліцкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Васілій Тур, зазначыў, што нашы салдаты і афіцэры выконвалі свой абавязак дастойна, дату 15 лютага назваў для воінаў-інтэрнацыяналістаў свайго рода святам — 9 Мая. «Мы будзем памятаць пра тыя падзеі і загінулых сяброў, прыходзіць на гэтае святое месца, а ў далейшым — гэта абавязак маладых», — канстатаваў лідар воінаў-афганцаў раёна.
Усё далей у глыбіню гісторыі адыходзяць вогненыя гады, але не згасне ў памяці народнай веліч гэтых падзей. Выкрасліць гэтыя даты з гісторыі дзяржавы нельга, як немагчыма забыць, хто ахвяраваў сваім здароўем і аддаў свае жыцці. Няхай гэтыя дні ў нашай краіне стануць сімвалам мужнасці, велічы, сілы духу», — сказала галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама, член ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Юлія Ліхута і пажадала, каб неба над намі заўсёды было чыстым, светлым і мірным, а таксама — моцнай веры, добрага здароўя і вялікай сілы духу, якая дапамагае быць не проста мужчынамі, а сапраўднымі героямі.
Благачынны цэркваў Карэліцкай акругі Мікалай Орса ў сваім выступленні нагадаў, што на дату 15 лютага прыпадае не толькі Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, але і царкоўнае свята — Грамніцы. «Сёння ў многіх рабят, якія выконвалі свой абавязак, адбылася гутарка з Богам, а абавязак — гэта святое, — адзначыў святар. — Пакуль жывуць нашы героі, іх памяць, будзе мір на зямлі.» Пажадаў ім дабрабыту, здароўя, дабра і выказаў спадзяванне, што прыклад воінаў-афганцаў будзе ў сэрцах маладых.
Хвілінай маўчання ўшаноўваецца памяць пра тых, хто загінуў, хто не вярнуўся, хто не дажыў да сённяшняга дня. Хвіліна маўчання — хвіліна памяці.
Да помніка воінам-інтэрнацыяналістам ускладаюцца кветкі і вянкі.
Іван Мікалаевіч ФЕДАРАКА,
трактарыст-машыніст КСУП «Малюшычы»:
— Афганістан… На сэрцы яшчэ засталіся раны, не забываюцца гады службы. Такія сустрэчы лечаць — яны як глыток свежага паветра. Запрашаюць на мерапрыемствы ў гаспадарцы і раёне, а раней — у мясцовую школу.Такая ўвага акрыляе — дае сілы жыць і працаваць.
Хачу выказаць пажаданне: каб ніколі не было вайны. Вайна — гэта вельмі страшна, гэта боль і пакуты. Няхай заўсёды будзе мірным неба і свеціць яркае сонца. Усім жадаю здароўя, дабрабыту, радасці, шчасця.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ