22 марта — День памяти жертв Хатыни. Деревня Дуброва Кореличского района была сожжена дотла в июле 1943 года

Дуброва Райцаўскага сельсавета паўтарыла журботны лёс Хатыні: 23 ліпеня 1943 года вёска за дапамогу партызанам была спалена дашчэнту. 108 двароў ператварыліся ў роўнае папялішча. Лёс семярых жыхароў быў жахлівы: старых забілі, ляжачага інваліда спалілі жыўцом. Большасці вяскоўцаў удалося выратавацца, уцёкшы ў лясныя раўкі, дзе яны хаваліся некалькі дзён.

Як толькі заязджаеш у Дуброву, па левым боку дарогі позірк выхоплівае сціплы абеліск. На ім высечаны словы: “У памяць спаленай нямецка-фашысцкімі захопнікамі 23 ліпеня 1943 года вёскі Дуброва. Людзі, памятайце! Трагедыя не павінна паўтарыцца зноў”.

79-гадовы Міхаіл Адамавіч Русак, якому на момант трагедыі споўніўся ўсяго адзін годзік, усё жыццё захоўвае ў сэрцы матулін аповед пра той чорны дзень. І кожны раз, як набліжаецца ліпень, няўцешна баліць яго сэрца…

Міхаіл Адамавіч сустракае мяне на парозе хаты, вітаецца і запрашае прайсці: “Гэтая хата пабудавана на месцы пажарышча толькі ў 1950 годзе. Сем гадоў мы жылі спачатку ў будане, потым у чужых людзей, потым у часці хлява. Шмат гаравалі…”

У сям’і Русак было трое дзяцей: Адам, Марыя і малодшы Міша. Тата Адам Сідаравіч быў вядомым на ўсю акругу кавалём: яшчэ ў 1937 годзе вучыўся каваць коней аж у Вільні, таму нават польскія асаднікі і заможныя гаспадары прыводзілі сваіх гнядых толькі да Русака.

— Тата быў майстар з вялікай літары, і нас з братам навучыў кавальству, — успамінае Міхаіл Адамавіч. — Мама Любоў Аляксееўна славілася адмысловай майстрыхай: вязала з казінага пуху хусткі, ткала ручнікі і абрусы, прала. Гэтаму рамяству навучылася ў маленстве ад данскіх казачак. У гады Першай сусветнай вайны яе сям’я падалася ў бежанства ў Растоў-на-Доне. Там, у станіцы Міхайлаўская, ад іспанкі памерлі яе бацькі, а мама вярнулася ў Беларусь.

Сям’я Русак: Любоў Аляксееўна, Марыя, Адам, Міхаіл і Адам Сідаравіч. Дуброва, 1954 г.

Дуброва жыла сваім звычайным жыццём. Людзі рабілі сваю няпростую сялянскую работу. Мужчыны будавалі дамы, майстравалі. Жанчыны доўгімі зімовымі вечарамі пралі і ткалі. Улетку было шмат працы на зямлі: вырошчвалі бульбу і зерне, пасвілі жывёлу. Яшчэ паспявалі ў лес па ягады і грыбы схадзіць. Вяскоўцы любілі, гадавалі дзяцей і ўнукаў, збіраліся на вечарынкі і весяліліся пад гармонік і зычныя песні.

— Фашысты прыехалі ў вёску ранкам 22 ліпеня 1943 года, — расказвае Міхаіл Адамавіч. — Пастукалі ў шыбу. Мы ўсе выйшлі. Яны загадалі мужчынам выйсці ўперад і пачалі правяраць мышцы. Людзі здагадаліся: ідзе адбор рабочай сілы для адпраўкі ў Германію. У гэты дзень у вёсцы начаваў партызан, які змог выбрацца і пабег у атрад. Неўзабаве партызаны развязалі бой і змаглі адбіць нашых мужчын. Фашысты адступілі. Мы разумелі, што так проста яны не даруюць і будуць помсціць. Тады ўсе тэрмінова пакінулі вёску, прыхапіўшы толькі самае неабходнае. Мы ўзялі трохі рэчаў, кароўцы накінулі на рогі вяроўку і накіраваліся ў бок Копані. Там, у раўках, і стаіліся. Назаўтра, 23 ліпеня, у вёску наляцелі карнікі. Нелюдзі спалілі ўсё дашчэнту, пакінуўшы на месцы вялікай вёскі роўнае папялішча. Семярых чалавек, якія не захацелі ці не здолелі пакінуць роднае сяло, забілі. Мама расказвала, калі людзі вярнуліся, то ўбачылі недалёка ад векавых ліпаў застрэленых мужа і жонку Адамовічаў, крыху далей ляжала Ганна Зайко…  Паралізаванага інваліда спалілі прама ў хаце…

У двары Русакоў захавалася толькі адна яблынька пуцінка, яблыкі на якой спякліся і пачарнелі. Ды кароўку з сабой прывялі, якая і выратавала ад галоднай смерці. Бацька паставіў сякі-такі будан, сусед зладзіў печку, так і жылі. Міхаіл Адамавіч з горыччу ўспамінае, як аднойчы маці спякла з бульбы праснак, намазала сметанковым маслам і паставіла ў печку, а суседскі сабака той праснак украў і з’еў. Так і прасядзелі дзеці ўвесь дзень галодныя, бо бацькі былі на рабоце.

— Тату забралі на фронт у 1944-м. Ён ваяваў на Трэцім беларускім пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза генерала Івана Данілавіча Чарняхоўскага. Быў паранены пад Вільняй, вярнуўся дадому ў верасні 1945 года. Пабудаваў прасторны хлеў, у частцы якога мы ўладкавалі сабе жыллё. Там была добрая печка, пабелены сцены, стаяла мэбля. Да гэтага часу памятаю, як пахлі яблыкі, якія я насіў на гарышча. Мама варыла бульбу, і мы елі яе з гэтымі яблыкамі. А яшчэ бручка ішла за мілую душу, цукровыя буракі варылі і замест варэння на хлеб мазалі, — успамінае Міхаіл Адамавіч.

Пасля заканчэння Райцаўскай школы 16-гадовы Міша пайшоў працаваць у калгас: вучыцца не выпадала, бо сястра паступіла ў Навагрудскае педвучылішча. Паехала ў старым цётчыным паліто і з вузельчыкам няхітрых харчоў. Хлопец жа пайшоў на кузню, дзе з ранку да вечара махаў молатам. Перад работай у кузні трэба было ўстаць у 4 раніцы, з’ездзіць на Варанчанскі спіртзавод па барду і прывезці 40-вёдзерную бочку. Вечарам рук амаль на адчуваў, і так два гады. Дзякуючы прыроднай схільнасці да музыкі і бацькавай навуцы, які іграў па вёсках вяселлі, Міхаіл скончыў курсы дырыжораў-харавікоў пры сталічнай кансерваторыі, а пазней і Гродзенскае музычнае вучылішча.

— У Райцаўскай школе я выкладаў музыку і спевы, кожную суботу і нядзелю іграў у калгасным клубе танцы. Моладзі тады поўны клуб набіваўся, не павярнуцца! Як пачну ў 7 вечара, так да трох ночы і гуляюць, ажно пакуль “Развітанне славянкі” не зайграю, — ад такіх успамінаў Міхаіл Адамавіч весялее.

Жонка Надзея Канстанцінаўна, з якой пражыў у згодзе 55 гадоў, з любоўю глядзіць на свайго Мішу: “Ён у мяне апантаны работай. Здолеў захапіць людзей і сабраў вакальныя групы ў Райцы і Забердаве. З райцаўскімі спевакамі колькі разоў ездзілі на абласное тэлебачанне, славіліся на ўсю акругу. Міша на рэпетыцыі ў любое надвор’е хадзіў. Зімою, бывае, прыдзе, усе штаны заледзянелыя, грымяць, як драўляныя, а ён увесь свеціцца: песню новую развучылі, выдатна атрымалася!”

Русакі выхавалі дваіх дзяцей, прычакалі чатырох унукаў і праўнука, які нарадзіўся дзень у дзень з прадзедам і якога назвалі ў яго гонар — Мішкам. Міхаіл Адамавіч і сёння не кідае акардэон, грэе сваю і жончыну душу ўспамінамі. Са сціплай усмешкай на развітанне працягвае мне слоічак уласнага мёду: “Вы паспрабуйце, гэта свой, такога нідзе не знойдзеце”. І праўда, вечарам, заварваючы гарбату, апускаю лыжку ў духмянае пругкае золата і здымаю стому працоўнага дня ўспамінам пра харошага чалавека, сэрца якога шмат гадоў нясе трагедыю роднай вёскі і любоў да людзей.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара і з архіва героя публікацыі