Директор Кореличского РУП ЖКХ Александр Рудак рассказывает о достижениях сферы и планах на текущий год
27 сакавіка сваё прафесійнае свята адзначаць работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Напярэдадні гэтай даты мы сустрэліся з дырэктарам Карэліцкага раённага ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандрам Рудаком, каб даведацца аб выніках работы за мінулы год і планах на бягучы.
— Аляксандр Іванавіч, з якімі вынікамі жылкамунгас завяршыў 2021 год?
— Прадпрыемства прадэманстравала рэнтабельную працу. Так, выручка ад рэалізацыі паслуг склала 7,2 млн рублёў, або 111,4% да ўзроўню мінулага года. Аб’ём прамысловай прадукцыі (цяпла, вады, вывазу смецця, водаадвядзення і г.д.) — 5,3 млн рублёў, або 116,6% да ўзроўню мінулага года. Выручка на аднаго працуючага склала 28,33 тыс. рублёў або 115,3% да мінулага года.
Праведзены капітальны рамонт дамоў 6а і 6б па вул. Гагарына, д. № 1 па вул. Прытыцкага. Выкананне задання склала 106,5%. Замянілі 0,9 км сетак водазабеспячэння пры заданні 0,9 км і 0,4 км сетак каналізацыі пры аналагічным заданні. У месцах агульнага карыстання замест 150 састарэлых асвятляльных прыбораў з’явіліся сучасныя святлодыёдныя.
Абноўлены выгляд набылі чатыры прыдамавых тэрыторыі па наступных адрасах: зав. Піянерскі, вул. 8 Сакавіка, Камсамольская, 7 і Камсамольская, 16.
— Якія планы стаяць перад арганізацыяй у бягучым годзе?
— Будзе выкананы капітальны рамонт жылога дома па вул. Прытыцкага, 1А. Там заменяць дах і абновяць фасад. Такія ж работы чакаюцца ў доме па вул. Гастэлы, 42. У двары па вул. Гастэлы, 34 будзе пакладзены асфальт, абсталявана пешаходная дарожка.
Прыемна адзначыць, што цепласеткі ў нас заменены на 100%, а гэта значыць, што цепластраты ў ацяпляльны перыяд зведзены да мінімуму. У раёне будзе заменена 200 метраў старых водаправодных сетак і 100 метраў каналізацыі.
Будуць прадоўжаны работы па ўладкаванні станцыі абезжалезвання ў аграгарадку Ярэмічы. У бягучым годзе будзе ўстаноўлена воданапорная вежа і пракладзены новыя водаправодныя сеткі. Усё гэта дасць магчымасць жыхарам аграгарадка атрымліваць якасную пітную ваду.
Цяпер праводзім капітальны рамонт ацяпляльнага катла ў г.п. Мір па вул. Сташэўскай. Хутка зоймемся добраўпарадкаваннем пляжа возера Юбілейнае.
— З якімі пытаннямі часцей за ўсё да вас звяртаюцца грамадзяне? Як яны рашаюцца?
— Людзі тэлефануюць і просяць ухіліць непаладкі: у кагосьці змясіцель выйшаў са строю, дзесьці каналізацыя забілася, лямпачкі ў пад’ездах перагараюць, вулічныя ліхтары таксама патрабуюць замены. Гэтыя пытанні імкнёмся вырашаць аператыўна і якасна.
— Наколькі ўдалося ахапіць насельніцтва цэнтралізаваным вывазам смецця?
— У нашым раёне 86% насельніцтва заключыла з жылкамунгасам дагаворы на вываз смецця. Цяпер у раёне дзейнічае толькі адзін палігон для захоўвання цвёрдых камунальных адходаў у Беразаўцы. На сёння кошт гэтай паслугі ў месяц сімвалічны і складае ўсяго 1 руб. 99 кап. на аднаго жыхара ў сельскай мясцовасці і 1 руб. 32 кап. у гарадской мясцовасці.
— Штогод у раёне спілоўваюцца дрэвы. Навошта гэта робіцца, і ці будуць сёлета высаджаны маладыя дрэўцы?
— Выдаляюцца толькі тыя дрэвы, якія прызнаны аварыйнымі. Штогод мы праводзім высадку саджанцаў. У бягучым годзе будзем падсаджваць дрэвы, якія не прыняліся летась. На вуліцах гарпасёлка з’явяцца кветкі: аксаміткі, сальвіі, агератум, алісум.
— Хто з работнікаў жылкамунгаса ўдастоены асаблівых узнагарод ў гэтым годзе?
— Ганаровай граматай ДУ «Жыллёва-камунальная гаспадарка Гродзенскай вобласці» ўзнагароджаны начальнік участка «кацельні» Уладзімір Сап’янік, Граматай ДУ «Жыллёва-камунальная гаспадарка Гродзенскай вобласці» — майстар участка «водаправод» Мікалай Лейка, Падзячным лістом ДУ «Жыллёва-камунальная гаспадарка Гродзенскай вобласці» — электраманцёр Вадзім Шах. 10 нашых работнікаў занесены на дошку Гонару прадпрыемства.
Усіх работнікаў раённай жыллёва-камунальнай гаспадаркі віншую з прафесійным святам! Вы — тыя, хто кожны дзень прыносіць у дамы жыхароў дабрабыт і камфорт, каб кожнай сям’і жылося светла і радасна.
Жадаю вам моцнага здароўя, больш падстаў для радасці і вялікага цярпення для будучых здзяйсненняў!
Іна ЛЕЙКА