На заседании Кореличского райисполкома поставлена задача провести весеннюю посевную в кратчайшие сроки

25 сакавіка на пасяджэнні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта абмеркавалі ступень гатоўнасці сельгасарганізацый раёна да вясенняй пасяўной кампаніі і нарыхтоўкі кармоў.

— У 2022 годзе ў раёне ставіцца задача атрымаць 105,5 тысяч тон збожжа ў вазе пасля дапрацоўкі, 12,8 тыс. тон бульбы, 182,4 тыс. тон цукровых буракоў, 2,7 тыс. тон ільновалакна, 11,7 тыс. тон масланасення рапсу і нарыхтаваць 96,6 тыс. тон кармавых адзінак травяністых кармоў для грамадскага пагалоўя. Выкананне гэтых задач непасрэдна залежыць ад якаснага правядзення веснавых палявых работ у сціслыя тэрміны, — адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аляксандр Манько. — У структуры пасяўных плошчаў збожжавыя і зернебабовыя культуры з кукурузай на зерне складуць 48,8%, у тым ліку азімыя збожжавыя на зерне — 30,9%, кармавыя культуры — 27,6%, тэхнічныя — 23,3%, у тым ліку цукровыя буракі — 8,3%, лён — 5,1%, рапс — 9,9%, бульба — 0,3%.

Аснова ўраджаю бягучага года ўжо закладзена. Увосень было пасеяна 13 тыс. га азімых збожжавых культур. Пад веснавую сяўбу з восені 2021 года было заарана 16,1 тыс. га, што складае 89% ад запланаваных аб’ёмаў. Засталіся не зааранымі палі, дзе будуць уносіцца арганічныя ўгнаенні.

Яравыя культуры ў бягучым годзе неабходна пасеяць на плошчы 20 492 га, з іх яравых збожжавых і зернебабовых культур 7492 га. Пад яравую сяўбу 2022 года гаспадаркі Карэліцкага раёна поўнасцю забяспечаны насеннем збожжавых і зернебабовых культур. Пасеў будзе праводзіцца толькі кандыцыйным насеннем высокіх рэпрадукцый.

У гаспадарках ёсць 100% пратручвальнікаў насення. Хімпраполка азімых збожжавых праведзена на плошчы 7094 гектары. За кошт унясення мінеральных угнаенняў у межах 300 кг дзеючага рэчыва на 1 га і прымянення сродкаў аховы культур ад шкоднікаў, хвароб і пустазелля плануецца атрымаць 51,5 ц/га збожжавых і зернебабовых, што вышэй на 9,5 ц/га да ўзроўню 2021 года.

Рапс у 2022 годзе будзе апрацоўвацца на плошчы 4 175 га (на 958 га больш, чым у 2021 годзе). З восені было праполата 134% гэтай культуры. Плануецца атрымаць 28,1 ц/га ў вазе пасля дапрацоўкі.

Пад цукровыя буракі адводзіцца 3 480 гектараў. Сёння ставіцца задача за кошт павелічэння ўраджайнасці павялічваць валавыя зборы. У 2022 годзе плануецца атрымаць 182,4 тыс. тон цукровых буракоў пры ўраджайнасці 524 ц/га (у 2021 годзе атрымана 175,2 тыс. тон пры ўраджайнасці 522 ц/га).

У 2022 годзе пад лён будзе адведзена 2 150 гектараў. Стаіць задача атрымаць 2 705 тон ільновалакна пры сярэдняй ураджайнасці 12,6 ц/га (у 2021 годзе было сабрана 2804 тоны льнотрасты пры ўраджайнасці 13 ц/га). З восені на плошчы 2 150 гектараў унесены гліфасатзмяшчальныя гербіцыды, уся плошча была своечасова заарана на зябліва.

На 6 804 гектарах у раёне будзе вырошчвацца кукуруза, што на 259 гектараў больш, чым у 2021 годзе. З іх 2 470 гектараў зойме кукуруза на зерне, 4 334 гектары — кукуруза на сілас. Валавы збор кукурузнага сіласу складзе 169,4 тыс. тон, кукурузы на зерне — 14,6 тыс. тон. Ураджайнасць кукурузы на сілас складзе — 429 ц/га і кукурузы на зерне — 64,2 ц/га ў вазе пасля дапрацоўкі.

У апошнія гады грамадскае пагалоўе заўсёды забяспечваецца травяністымі кармамі, але пры існуючай прадуктыўнасці жывёл не заўсёды задавальняе асартымент і якасць нарыхтаваных кармоў. Частка сена і сенажу нарыхтоўваецца ў фазе, якая не дазваляе атрымаць высокаякасны корм, і таму асноўная задача — убраць першы ўкос у аптымальныя тэрміны, да 18 чэрвеня.

Для атрымання запланаванай прадукцыйнасці сельскагаспадарчых угоддзяў у гаспадарках раёна неабходна ўнесці пад яравую сяўбу 489 тыс. тон арганічных угнаенняў. Фактычна нарыхтавана 515,9 тыс. тон, або 103 працэнты да задання, вывезена 419,8 тыс. тон, унесена 241,5 тыс. тон.

Забяспечанасць азотнымі ўгнаеннямі ў сярэднім па раёне складае 53%, 40% фосфарнымі і 91% калійнымі. Плануецца забяспечыць сельгасарганізацыі каліем на 95%, азотам на 73%, фосфарам на 44%.

У раёне налічваецца 461 трактар, у тым ліку 61 энерганасычаны, ёсць розная сельскагаспадарчая тэхніка. Па стане на 24 сакавіка трактары гатовы на 93 працэнты, у т.л. энерганасычаныя — 98%, плугі — 96, культыватары — 97, пасяўныя агрэгаты — 89, сеялкі — 95, машыны для ўнясення цвёрдых арганічных і мінеральных угнаенняў — 100.

Для правядзення кампаніі па нарыхтоўцы кармоў у раёне ёсць 34 кормаўборачныя комплексы, 11 энергетычных сродкаў КГ-6 «Палессе», 58 касілак, 47 граблей, у т.л. 14 варушылак і 33 валкаўтваральніка.

Вялікае значэнне для забеспячэння ўмоў працы людзей, занятых на сезонных масавых сельскагаспадарчых работах, мае арганізацыя гарачага харчавання. Усе 10 сталовых рыхтуюць паўнацэнныя абеды і падвячоркі з дастаўкай у поле.

У Карэліцкім раёне штогод праводзяцца працоўныя спаборніцтвы, пераможцы якіх атрымліваюць матэрыяльнае заахвочванне.

— У бягучым годзе наш раён правёў якасную работу па падрыхтоўцы да веснавой пасяўной кампаніі: рамонт тэхнікі, назапашванне ўгнаенняў і насення, падрыхтоўка сталовых. Цяпер самае галоўнае — пасеяць у самыя кароткія тэрміны, таму што вільгаці вельмі мала. Трэба паспець закрыць тую, што ёсць, — падкрэсліў Генадзій Шатуеў.

Іна ЛЕЙКА