В Кореличах сотрудники милиции проводят профилактические мероприятия по недопущению насилия в семьях

На базе Карэліцкага раённага аддзела ўнутраных спраў праведзены прафілактычныя мерапрыемствы з удзелам грамадзян, якія стаяць на ўліку як сямейныя агрэсары.

За лічбамі — жыцці

Старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Карэліцкага раённага аддзела ўнутраных спраў Аляксандр Ульянка, прааналізаваўшы праблематыку гвалту ў сем’ях раёна, прывёў на гэты конт лічбы. Па стану на 1 сакавіка 2022 года зарэгістраваны 62 паведамленні і заявы аб гвалце ў сям’і, складзены 45 адміністрацыйных пратаколаў, узбуджана адна крымінальная справа. Сёлета накіраваны  ў лячэбна-працоўны прафілакторый 7 чалавек, 19 папярэджваліся ў мінулым і гэтым гадах.

Хто яны, што не ўстрымаліся і збочылі з роўнай дарогі? Розныя па ўзросце, характары, поглядах на жыццё. Вось толькі на дадзеным жыццёвым этапе іх аб’ядноўвае адно: сяброўства з чаркай, якая прыводзіць да бяды ў сям’і. «Не злоўжывайце алкаголем!» — заклікаў супрацоўнік праваахоўных органаў і раіў весці здаровы лад жыцця.

На тэму дня

На сходзе інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Зузо, паведаміўшы статыстычныя дадзеныя аб пажарах у раёне, засяродзіў увагу прысутных на  недапусцімасці курэння ў пакоях дома і кватэры, што можа прывесці да бяды.

Не менш актуальным з’яўляецца і пытанне выпальвання сухой расліннасці. Гэта рабіць катэгарычна забаронена. Штрафы складаюць ад 10 да 40 базавых велічынь. Спальваць смецце трэба на належнай адлегласці ад збудаванняў і кантраляваць працэс гарэння.

Разам з тым інспектар РАНС раіў прысутным набываць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, якія заўсёды павінны быць у спраўным стане. На практыцы АПА не аднойчы «выручалі» сваіх уладальнікаў, і бяда абыходзіла іх.

За глухой сцяной

Слухаючы інфармацыю прадстаўнікоў праваахоўных органаў аб гвалце ў сям’і і гледзячы на гора-гаспадароў, неаднойчы паўстае пытанне: чаму ж маўчаць тыя, хто іншы раз мог папярэдзіць бяду? Хто, калі не суседзі, першымі чуюць гучныя скандалы ў сям’і і  ніяк не рэагуюць на крыкі? Няўжо немагчыма дастукацца да іх сэрцаў, бо нярэдка за сцяной плачуць дзеці? Ці не іх галасы з’яўляюцца клічамі аб дапамозе? Бяду іншы раз можна папярэдзіць, патэлефанаваўшы своечасова ў міліцыю.

Сям’я — самае дарагое, што ёсць у чалавека. У ёй адчувае сябе самім сабой, яго любяць такім, які ён ёсць. І калі нешта ў сям’і рушыцца, патрэбна падтрымка тых, хто можа аказацца побач. Бадай, найлепш гэта можа атрымацца ў суседзяў, бо нездарма ж заўважана, што добры сусед лепш за далёкага сваяка.

У сельскай мясцовасці ўсе і ўсё на відавоку. Тут пра чалавека ведаюць усё, чым жыве і да чаго імкнецца, ад вока суседа нічога не схаваеш. У горадзе куды складаней, іншы раз не ведаюць нават тых, хто жыве на адной лесвічнай пляцоўцы ў шматпавярховым доме. Вось і бываюць людзі абыякавымі да лёсу тых, хто жыве за сцяной. А шкада, бо чужой бяды не бывае.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Анжалікі ЗАБРОДСКАЙ