Турыстычны патэнцыял Карэліцкага раёна прадстаўлены на міжнароднай выставе-кірмашы турысцкіх паслуг «Адпачынак-2022»
Турыстычны патэнцыял Карэліцкага раёна прадстаўлены на міжнароднай выставе-кірмашы турысцкіх паслуг «Адпачынак-2022», якая адбылася ў Мінску. Пра гэта расказала ўдзельніца выставы галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама Юлія Ліхута.
— Мерапрыемства стала цудоўнай пляцоўкай для абмену вопытам не толькі паміж рэгіёнамі Беларусі, але і краінамі: Расіяй, Балгарыяй, Венесуэлай, Кыргызстанам, Пакістанам, Узбекістанам, — адзначае спецыяліст.
Намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка адзначыў, што зараз зняты ўсе абмежаванні на перасячэнне мяжы. Гэта будзе садзейнічаць павелічэнню ўязных турыстычных патокаў. З 3 красавіка на тэрыторыі Гродзенскай і Брэсцкай абласцей дзейнічае бязвізавы рэжым. Таму неабходна праводзіць шырокую інфармацыйную кампанію па папулярызацыі ўязнога і ўнутранага турызму, распрацоўцы і апрабацыі новых турыстычных маршрутаў.
Сёння ў Карэліцкім раёне дзейнічаюць 12 турыстычных маршрутаў, тры музеі, 16 аграэкасядзіб, ёсць гасцініцы і аб’екты грамадскага харчавання. У 2021 годзе экспарт турыстычных паслуг у Карэліцкім раёне склаў амаль 60 тысяч долараў. Раён наведала 9,5 тысяч турыстаў.
— Бязвізавы рэжым распаўсюджваецца і на тэрыторыю Карэліцкага раёна. Групы замежных турыстаў ад двух чалавек могуць наведваць наш раён без адкрыцця візы. Многія вандроўнікі прыязджаюць на Карэліччыну, якая асацыіруецца ў іх пераважна з Мірскім замкам, і са здзіўленнем даведваюцца, колькі пазнавальнага і цікавага тут ёсць яшчэ. Над папулярызацыяй нашага турыстычнага патэнцыялу мы і будзем працаваць, — падсумоўвае Юлія Ліхута.
Іна ЛЕЙКА