В РОВД состоялась акция “Не упусти свой шанс!” для безработных кореличчан, имеющих судимость

Пад такой назвай на базе Карэліцкага раённага аддзела ўнутраных спраў праведзена акцыя з мэтай прыняцця мер прафілактычнага ўплыву, недапушчэння ўчынення рэцыдыўных злачынстваў, аказання дапамогі ў працаўладкаванні асобам, якія маюць судзімасць.

Хто працуе, той і мае

Яшчэ нашы продкі імкнуліся шмат працаваць. З ранняй вясны да позняй восені вяскоўцы кланяліся зямлі, якая дзякуючы іх намаганням давала добрыя ўраджаі.

Відаць, запрошаныя ў міліцыю зусім не ахвочыя да працы. На сустрэчы арганізатарам трэба было прыкласці нямала намаганняў, каб іх пачулі непрацуючыя.

«Вы не занятыя ў эканоміцы. Трэба, каб і вы фарміравалі Фонд сацыяльнай абароны. У многіх з вас не хапае працоўнага стажу для налічэння пенсіі. Сёння вакансіі ёсць, і вы павінны выкарыстаць свой шанс», — заклікае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Іна Богуш.

Актуальная тэма

Бацькі і дзеці —  вечная тэма. На сучасным этапе яна не губляе сваёй актуальнасці. Некаторыя маладыя людзі не спяшаюцца ўладкавацца на працу. На схіле гадоў родны чалавек пакідае гэты свет, і дарослыя дзеці застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі. Чаму ім не пайсці працаваць раней і не стаць для маці апорай і падтрымкай?

Падчас правядзення акцыі давялося сутыкнуцца з адваротным прыкладам. У сям’і працуе толькі адна дачка, а маці і сужыцель жывуць на яе заробак. Арганізатары акцыі раілі гора-гаспадару ўладкавацца на працу.

Праца — аснова з асноў, яна дае старанным і руплівым сродкі для існавання і ўпэўненасць у будучым.

Дастукацца да кожнага

Слова, як добры лекар, можа ўскалыхнуць чалавека і прымусіць яго задумацца аб жыцці.

Начальнік Карэліцкага раённага аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксей Гаўрош вёў з прысутнымі адкрытую і шчырую размову. «Калі аматар выпіць не хоча працаваць, ён будзе гэтым займацца ў лячэбна-працоўным прафілакторыі. Кожны працаздольны грамадзянін павінен мець занятак. Ёсць закон, які трэба выконваць», — адзначыў праваахоўнік і заклікаў непрацуючых весці здаровы лад жыцця і выконваць свой грамадзянскі абавязак.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Анжалікі ЗАБРОДСКАЙ