У Карэлічах праведзены раённыя спаборніцтвы сярод добраахвотных пажарных фарміраванняў і санітарных дружын раёна
27 мая. А дзявятай гадзіне на стадыёне «Юнацтва» ў райцэнтры ажыўлена. Тут збіраюцца ўдзельнікі раённых спаборніцтваў сярод добраахвотных пажарных фарміраванняў і санітарных дружын раёна, якія праводзяцца з мэтай папулярызацыі іх дзейнасці, удасканалення ўменняў і навыкаў карыстання сродкамі пажаратушэння ў выпадку ўзнікнення надзвычайных сітуацый і ўдасканалення тэарэтычных і практычных ведаў і навыкаў членаў санітарных дружын.
Арганізатары спаборніцтваў — Карэліцкі раённы выканаўчы камітэт, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях установы «Гродзенскае абласное ўпраўленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь» і УАЗ «Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца».
Для адкрыцця раённых спаборніцтваў сярод добраахвотных пажарных і санітарных дружын і ўзняцця Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь запрашаюцца камандзіры добраахвотных санітарных дружын: СВК «Свіцязянка-2003» Ірына Галушка і ААТ «Карэлічы-Лён» Наталля Дасько, а для ўзняцця сцяга г.п. Карэлічы — камандзір добраахвотнай пажарнай дружыны Карэліцкага раёна газазабеспячэння ВРУП «Гроднааблгаз» Лідскага вытворчага ўпраўлення «Лідагаз» Уладзімір Логіш.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў спаборніцтва звяртаецца галоўны ўрач УАЗ «Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца» Данута Скварада, якая назвала дадзенае мерапрыемства значным і выказала спадзяванне, што ўсе падрыхтаваліся. Пажадала ўдзельнікам здароўя і перамог, і каб вучэнні былі толькі вучэннямі і не спатрэбіліся ў жыцці.
Начальнік Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніс Стадольнік вітаў новых удзельнікаў спаборніцтваў, якія поруч з вопытнымі будуць авалодваць навыкамі ў дадзеным накірунку. Усім пажадаў сумленнага і справядлівага каманднага пляча. Паведаміўшы аб ходзе правядзення мерапрыемстваў, пажадаў яго ўдзельнікам менш надзвычайных сітуацый у жыцці.
Слова — удзельнікам спаборніцтваў
Наталля ДАСЬКО,
камандзір добраахвотнай санітарнай дружыны ААТ «Карэлічы-Лён»:
— Дзесяць гадоў удзельнічаю ў спаборніцтвах. Спачатку была ўдзельніцай, а зараз з’яўляюся камандзірам. Лічу, што гэтыя спаборніцтвы патрэбны, бо тут атрымліваем навыкі лячэбнай дапамогі, якія могуць спатрэбіцца ў паўсядзённым жыцці. Члены каманды пры неабходнасці могуць аказаць першую дапамогу: перавязаць рану, накласці жгут, зрабіць штучнае дыханне і іншае. Разам з тым, наша каманда згуртаваная і працуе ў адным складзе, часта выходзім пераможцамі і прымаем удзел у абласных спаборніцтвах.
Міхаіл АЛЕКСІЕВІЧ,
намеснік старшыні ДП «Лукі-Агра» па ідэалагічнай рабоце:
— Штогод імкнёмся ўдзельнічаць у спаборніцтвах сярод санітарных дружын раёна. Мерапрыемства дапамагае мацней згуртаваць наш маладзёжны калектыў і на практыцы падмацаваць свае веды па аказанні першай неадкладнай медыцынскай дапамогі. Як гаворыцца, гэтыя азы ў надзвычайных сітуацыях могуць спатрэбіцца, хаця лепш, каб іх не было ў жыцці. Састаў нашай каманды не мяняецца, падчас правядзення спаборніцтваў усе імкнуцца выкласціся спаўна. Гэта станоўчым чынам ўплывае на канчатковы вынік — летась выйшлі пераможцамі і занялі трэцяе месца.
Падведзены вынікі спаборніцтваў. Першае месца сярод санітарных дружын атрымала ААТ «Карэлічы-Лён», другое — СВК «Жухавічы», трэцяе — СВК «Свіцязянка-2003».
Сярод добраахвотных пажарных дружын першае месца атрымаў СВК «Жухавічы», другое — ААТ «Карэлічы-Лён» і трэцяе — ДЛУ «Навагрудскі лясгас».
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Аляксандра ЗУЗО