Члены ІПГ № 5 Карэліцкага райвыканкама ў рамках правядзення адзінага дня інфармавання насельніцтва сустрэліся з калектывам ДУА «Турэцкі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа»
Па асноўнай тэме «Культурная і прыродная спадчына Беларусі як фактар развіцця турызму» слова трымаў намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, кіраўнік ІПГ Яўген Чычкан. Яўген Мікалаевіч звярнуў увагу прысутных на пытанне вытворчага турызму на Карэліччыне. «У нас ёсць чым ганарыцца, таму не трэба ўпускаць магчымасці і наведаць перадавыя вытворчыя аб’екты раёна. Звесткі можна атрымаць у спецыяліста па спорту і турызму райвыканкама», — адзначыў прамоўца.
Яўген Чычкан звярнуўся і да пытання бяспекі дзяцей у летні перыяд. Засяродзіўшы ўвагу на паводзінах на вадзе, нагадаў аб тым, што ў нашым раёне можна купацца толькі на возеры Юбілейнае і возеры Свіцязь. Заклікаў дарослых праяўляць да дзяцей увагу і пільнасць, бо бестурботнасць да дабра не прывядзе.
Доўгачаканай і жаданай парой назваў летнія канікулы для дзяўчынак і хлопчыкаў участковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх раённага аддзела ўнутраных спраў Аляксандр Валенцюкевіч. Разам з тым праваахоўнік раіў праяўляць у гэты час пільную ўвагу ў адносінах да дзяцей. Трэба звяртаць увагу на тое, з кім сыны і дочкі заводзяць сяброўства, ці захоўваюць правілы пры яздзе на веласіпедзе, як паводзяць сябе на вадаёмах, ці наведваюць закінутыя дамы. Неабходна ведаць, чым дзеці жывуць летам, кантроль бацькоў дапаможа прадухіліць бяду.
Галіна СМАЛЯНКА