У Карэліцкім Цэнтры культуры і народнай творчасці праведзена святочна-забаўляльная праграма «Разам здорава», прысвечаная Дню сям’і

У Карэліцкім Цэнтры культуры і народнай творчасці праведзена святочна-забаўляльная праграма «Разам здорава», прысвечаная Дню сям’і.

Грамадскія арганізацыі — лепшым сем’ям

Аб важнасці сям’і ў выхаванні дзяцей і захаванні сямейных традыцый вяла размову галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама, намеснік старшыні РА РГА «Белая Русь» Юлія Ліхута. Прамоўца пажадала ўсім здароўя, дабрабыту, шчасця і каб сем’і былі моцнымі.

Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, намеснік старшыні раённага аддзялення РГА «Беларускі дзіцячы фонд» Вольга Базар адзначыла, што сям’я — крыніца любові, павагі, салідарнасці і прыхільнасці. Яна патрэбна ў любым узросце, малышу і даросламу, каб   адчуваць прыналежнасць да свайго роду і сваёй сям’і. Бацькі для  дзяцей з’яўляюцца прыкладам працалюбства, спагадлівасці, адказнасці.

Работу з сям’ёй назвала адным з прыярытэтных накірункаў дзейнасці   Беларускага саюза жанчын намеснік старшыні раённай арганізацыі, галоўны спецыяліст аддзела загс райвыканкама Валянціна Вішнеўская. Яна адзначыла, што сям’я з’яўляецца асноўным элементам грамадства і ахоўніцай чалавечых каштоўнасцей, дапамагае ўмацоўваць дзяржаву і павышаць дабрабыт народа. Асноўнае назначэнне сям’і — нараджэнне і выхаванне  дзяцей, і вельмі важна, каб яна была трывалай.

У кожнай  сям’і — свае поспехі

На ўрачыстасці ўшаноўваліся тры сям’і. У кожнай —  свае шчаслівыя імгненні і дасягнутыя поспехі. У сям’і Алёны і Максіма Кужалевічаў пануе ўзаемапавага, падтрымка, пачуццё адказнасці, абавязку. Дзеці адчуваюць утульнасць дамашняга ачага. Дар’я — выхаванка старэйшай групы Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г.п. Карэлічы, Данііл — вучань 4 «А» класа сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы. Сям’я прымае актыўны ўдзел у мерапрыемствах, якія праводзяцца ва ўстанове дашкольнай адукацыі: экалагічных акцыях «Пасадзім дрэва разам», «Здадзім макулатуру — выратуем дрэва», «Ёлачка — залёная іголачка» і іншых. Сумесна з бацькамі  Дар’я падрыхтавала даследчую працу «Чаму аловак называюць простым», якая па выніках абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу «Я — даследчык» адзначана Дыпломам ІІ ступені Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама.

Настаўнік геаграфіі сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы Вольга Ваўчок і страхавы агент прадстаўніцтва Беларускага рэспубліканскага ўнітарнага страхавога прадпрыемства «Белдзяржстрах» па Карэліцкім раёне Васілій Ваўчок стварылі добрую сям’ю. У ёй выхоўваецца дачка Яна — вучаніца 3 «А» класа сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы і сын Кірыл — выхаванец  Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г.п. Карэлічы.  Сям’я Ваўчок — уладальнік Гран-пры рэспубліканскага конкурсу «Мой родны кут», арганізаванага рэдакцыяй газеты «СБ. Беларусь сёння», удзельнікі фотавыставы «Беларусь Радзіма», арганізаванай у штаб-кватэры СНД у г. Мінску.

Сям’я Шнырко з г.п. Мір — шматдзетная. У ёй выхоўваецца трое дзяцей: сын Дзмітрый, вучань 5 «А» класа сярэдняй школы г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай, дачка Софія, вучаніца 1 «А» класа, і Паліна, выхаванка дашкольнай групы ясляў-сада г.п. Мір. Маці Кацярына Генадзьеўна працуе педагогам-псіхолагам у сярэдняй школе г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай,  бацька Яўген Канстанцінавіч — фельчарам хуткай дапамогі УАЗ «Карэліцкая ЦРБ». Члены сям’і — удзельнікі акцыі «Героі маёй сям’і», чэленджа, прысвечанага Тыдню беларускай мовы, конкурсу па  пажарнай бяспецы, раённага этапа конкурсу «Сям’я года».

Журналіст раённай газеты «Полымя» пагутарыла са шматдзетнай сям’ёй   Шнырко з г.п. Мір.

— Калі ўтварылася ваша сям’я?

— 17 ліпеня 2010 года. Пазнаёміліся, калі Кацярына вучылася ў 10 класе. Спадабаліся адзін аднаму — і крочым па жыцці разам.

— На якіх прынцыпах трымаецца сям’я?

— Разуменні, павазе, дапамозе адзін аднаму, моцнай любові.

— Якую ўвагу ўдзяляеце дзецям?

— Па максімуме. Урокі, фізвыхаванне, паездкі, прагулкі, культура, рэлігія —  гармонія ва ўсіх галінах жыцця.

— Хто з’яўляецца памочнікам у выхаванні?

— Мы абапіраемся ў першую чаргу на сябе. Падзяляем прынцып: «Каб палепшыць свет, трэба палепшыць у першую чаргу сябе».

— Вы жывяце ў г.п. Мір. Вам падабаецца на Карэліччыне?

— Мы любім Мір — месца, дзе жывём, за ўтульнасць, камфорт, гісторыка-культурныя каштоўнасці, і дзецям імкнёмся прывіць гэтую любоў.

— Што галоўнае ў шматдзетнай сям’і?

— Галоўнае, каб у ёй раслі жаданыя дзеці, а не імкнуцца нараджаць іх  дзеля статусу.

 

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ

1